Спаборнічалі юныя інспектары дарожнага руху


У дзяржаўнай гімназіі прайшоў раённы злёт-конкурс юных інспектараў дарожнага руху, арганізатарамі якога выступілі адзяленне ДАІ РАУС, аддзелы адукацыі, па справах моладзі райвыканкома і раённы камітэт БРСМ.

Удзел у злёце прынялі 13 каманд школ горада і раёна, якія спаборнічалі ў 7 намінацыях: ваджэнне веласіпеда ва ўмовах, аналагічных рэальнаму дарожнаму руху; фігурнае ваджэнне веласіпеда; тэарэтычны экзамен на веданне правіл дарожнага руху; конкурс “Уважлівы ўдзельнік дарожнага руху”; агляд-конкурс насценгазет; агітацыйна-мастацкае прадстаўленне; аказанне першай медыцынскай дапамогі пацярпеўшаму.

Асабліва вызначылася каманда гімназіі, якой не было роўных у пяці першых з сямі названых намінацый. Лепш ведалі правілы аказання першай медыцынскай дапамогі пацярпеўшаму вучні СШ № 1, а самым яскравым было агітацыйна-мастацкае прадстаўленне Судкоўскай СШ.

У фігурным ваджэнні веласіпеда вызначыліся гімназісты Ігар Скакун, Аляксандр Малянок, Ірына Лагвінец і вучаніца Паселіцкага д/с-СШ Таццяна Дубоўская.

Лепш усіх знаёмы з правіламі дарожнага руху Яўгеній Лагвінец (гімназія), Паліна Мастабай (Віцьеўская школа), Павел Новік (СШ №3) і Наталля Швец (Глінішчанская СШ).

За веданне правіл аказання першай медыцынскай дапамогі пацярпеўшаму дыпломы ўручаны Андрэю Валяватаму (гімназія), Наталлі Шкут (СШ №1), Андрэю Сагубу і Асі Курленка (Веляцінскага д/с- БШ).

Самымі ўважлівымі ўдзельнікамі дарожнага руху названы Мікалай Трошка (Стралічаўская СШ), Аляксандра Белаш (Судкоўская СШ), Аляксандр Малянок (гімназія) і Крысціна Ермаловіч (Велікаборскі д/с-СШ).

Вучаніцы Віцьеўскай школы Марыне Шамянок была ўручана Вялікая ілюстраваная энцыклапедыя “Краіны і народы свету” за высокія вынікі ў веданні правіл дарожнага руху.

Усе ўдзельнікі атрымалі памятныя падарункі, набыць якія дапамагла дырэктар сялянска-фермерскай гаспадаркі “Рахім Джан” А.У. Кабулава.

Па выніках конкурсаў першае месца заняла каманда дзяржаўнай гімназіі, другое – СШ №1, трэцяе – Паселіцкага д/с-СШ. Перамогу  каманд падсаладзілі вырабы кандытараў хойніцкага хлебазавода.

Каманда дзяржаўная гімназіі прадставіць наш раён на абласным злёце юных інспектараў дарожнага руху.


Ірына НОВІКАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *