Бацькі, вы ў адказе!

Законнасць і парадак

У мэтах прафілактыкі сямейнай неспрыяльнасці ў нашым раёне праводзіцца мэтавая акцыя “Сям’я без насілля”. У рамках яе кожны чацвер праводзяцца рэйды па адрасах неспрыяльнасці з удзелам прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, камісіі і інспекцыі па справах непаўналетніх, аддзела адукацыі райвыканкома, медыцынскіх работнікаў. З вынікамі апошняга такога мерапрыемства знаёміць намеснік старшыні па справах непаўналетніх райвыканкома А.С. СОДАЛЬ.

– Можна па-рознаму адносіцца да меркавання, што жаночы алкагалізм невылечны. Аднак, на жаль, факты, выяўленыя ў ходзе рэйду, красамоўна аб гэтым сведчаць. Так, па словах адной з наведваемых маці (яе і прозвішчы наступных бацькоў не называю па этычных прычынах), шматразовае кадзіраванне ад алкаголю менавіта ёй карысці не прыносіць, праз некаторы час дружба з “зялёным зміем” аднаўляецца.

Гэтая сям’я няпоўная, маладая жанчына для свайго сына, 1998 года нараджэння, і мама, і тата. Хлопчык добры, спакойны, паслухмяны. Калі маці, работніца фабрыкі мастацкіх вырабаў, як кажуць, “у завязцы”, то догляд за сынам, які ўступае ў падлеткавы ўзрост, ажыццяўляе належны, супрацоўнічае з педагогамі школы, дзе хлопчык вучыцца. Варта ж ёй зазірнуць у чарку, як усе гэтыя намаганні знікаюць. Паабяцала,  праўда, што пастараецца трымаць сябе ў руках, бо ставіць на адну шалю вагаў дзіця і спіртное далей не збіраецца.

Стаіць на парадку дня адабранне  трох дзяцей на дзяржаўнае выхаванне з няпоўнай сям’і, аднак справа стапорыцца з-за таго, што невядома месцазнаходжанне бацькі малодшага дзіцяці. Прычына тая ж – маці злоўжывае алкаголем. Вельмі хваравіта рэагуе на яе паводзіны старэйшая дачка, вучаніца трэцяй гарадской сярэдняй школы, якая пражывае з бабуляй.

Пажынае плады “выхавання” свайго старэйшага сына яшчэ адна хайнічанка. Пакуль яна вырашала свае асабістыя праблемы, хлопчык, 1997 года нараджэння, быў пастаўлены на медыцынскі ўлік па прычыне ўжывання таксічных рэчываў. Лячыўся ў абласной бальніцы, вялікі ўдзел у рэабілітацыі вучня прымаюць педагогі трэцяй гарадской сярэдняй школы. Сам па сабе вучань вельмі кантактны і абмяжоўвае сябе ў гэтым: стараецца знаходзіць занятак, каб быць дома па вечарах, не звязвацца з сумніўнымі кампаніямі.

У гэтай сям’і ёсць яшчэ дзяўчынка, 2004 года нараджэння. Маці і яе сужыцель нідзе не працуюць, сектарам па занятасці упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне прыцягваюцца да грамадска-аплочваемых работ.

Пры наведванні сям’і маці паабяцала прайсці курс лячэння ад алкаголю.

Наступны прыклад сямейнай неспрыяльнасці не ўкладваецца ні ў якія рамкі. Сама маці, 1979 года нараджэння, сірата. Састаіць у грамадзянскім шлюбе, з мужам прапісаны ў доме свякрухі,  дзе створаны ўсе ўмовы – жыві і радуйся. Аднак маладая жанчына парады свякрухі  прымае ў штыкі, захапляецца п’янствам, а на гэтай глебе ўзнікаюць сямейныя скандалы. У мінулым годзе прайшла лячэнне ад алкагалізму, а ўжо ў сёлетнім двойчы праходзіла праз камісію па справах непаўналетніх, дастаўлялася ў райаддзел унутраных спраў за п’янку і  сямейныя скандалы. А ў сям’і выхоўваецца двухгадовы хлопчык. І што ён бачыць на парозе жыцця?

На гэтым надта змрочным фоне, на шчасце, ёсць і светлыя плямы. Узялася за розум маладая маці двух непаўналетніх дзяцей. У Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку працуе лесніком, у доме навяла ідэальны парадак.

Хацелася б, каб такіх прыкладаў было больш. Бо сям’я – аснова асноў, і тое, што прывіваецца ў ёй дзецям, вызначае ўсё іх далейшае жыццё.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *