Брыльянтавыя юбіляры


Шчасце. Такое абстрактнае паняцце, дзеля якога і ў імя якога жывуць людзі. Ганяюцца за ім, рызыкуюць, каб здабыць хоць некалькі імгненняў, якія называюцца шчаслівымі. А некаторыя людзі бываюць шчаслівымі пастаянна, нават калі ім дрэнна, яны дапускаюць, што і гэта абавязковая складаючая шчасця.

Да такіх сябе і адносяць Сцяпан Фёдаравіч і Марыя Паўлаўна Кашэдавы, чыё сумеснае жыццё пачалося 60 гадоў таму назад. І заўтра, акурат у Дзень сям’і, яны адзначаюць брыльянтавае вяселле.

Сустрэліся яны ў далёкі пасляваенны час ў вёсцы Чумашкі Новасібірскай вобласці. Сцяпан Фёдаравіч быў мясцовым жыхаром, а Марыя Паўлаўна, ураджэнка Хойнікшчыны, пераехала туды разам з бацькамі ў 1939 годзе.

– Мая маці, Кацярына Еўдакімаўна, – расказвае М.П. Кашэдава, – была брыгадзірам па вырошчванню льну ў вёсцы Карчовае, з’яўлялася стаханаўкай, яе цанілі і паважалі. А бацька, Павел Андрэевіч Мікаскін, сам родам з Сібіры, працаваў рабочым на вытворчасці. Сям’я наша была мнагадзетная, у ёй выхоўвалася дзевяць дзяцей. На хвалі масавага перасялення на сямейным савеце было вырашана пераехаць на радзіму бацькі.

Там брыльянтавыя юбіляры і пазнаёміліся. Марыя на той час працавала ў аптэцы,  дзе яе і прыкмеціў бравы юнак Сцяпан, былы франтавік. Сустракаліся нядоўга і пажаніліся ў светлы вясновы дзень. Першая дачка Таня нарадзілася ў 1951 годзе, потым у 1953-м другая, Жэня.

А з малой радзімы ішлі і ішлі пісьмы. Запрашалі вярнуцца з працоўнага калектыву Кацярыны Еўдакімаўны. Паабяцалі дапамагчы пабудаваць дом, бо свой перад ад’ездам сям’я перадала пад дзіцячыя яслі. Раздумвала доўга:  праца была па душы – займалася агародніцтвам. Аднак ваганні наконт пераезду закончыліся, калі не стала бацькі: з жыцця ён пайшоў у 1948 годзе пасля цяжкай хваробы.

– Спачатку паехала маці, а ў 1958 годзе пераехала ў Хойнікі і сям’я яе дачкі Марыі. Дапамаглі маці дабудаваць дом, у якім жывуць цяпер. Спачатку ён быў на два ўваходы – у адной палавіне Кашэдавы, у іх у 1962 годзе нарадзіўся сын Юрый, у другой – сям’я сястры Марыі Паўлаўны. Жылі дружна і адкрыта, дзеці вельмі сябравалі, а іх бацькам каб закрывацца адзін ад другога замкамі – крый Божа. Бяда прыйшла адкуль яе не чакалі: у час маланкі ад удару электрычнасці загінула сястра Марыі Паўлаўны. Дзяцей, якія засталіся сіротамі, выхоўвалі Кашэдавы.

Цяпер іх дзве дачкі Таццяна і Яўгенія і сын Юрый  жывуць і працуюць у Санкт-Пецярбургу, там жа выхоўвалася і дачка сястры Люба, а яе браты Уладзімір і Віктар жывуць у Гомелі і  Смаргоні. Выбіраюць час, каб прыехаць і дапамагчы бацькам у працы па дому. І, канешне ж, ніколі не забудуцца павіншаваць сваіх дарагіх і блізкіх людзей з памятнымі датамі ў іх жыцці.

6 мая сёлета Марыя Паўлаўна пачула многіх удзячных і сардэчных слоў ад усіх сваіх дзяцей з нагоды 85-гадовага юбілею з дня нараджэння. Не ўсім разам па працоўных і сямейных абставінах удалося прыехаць на брыльянтавае вяселле бацькоў, аднак кожны з дзяцей асабіста павіншаваў, пажадаў, каб бацькі жылі доўга-доўга і яшчэ многа разоў сустракалі іх на парозе роднага дома.

Брыяльянтавыя юбіляры – шчырыя працаўнікі. Сцяпан Фёдаравіч да выхаду на заслужаны адпачынак з’яўляўся брыгадзірам піларамшчыкаў у ДЛГУ “Хойніцкі лясгас”, Марыя Паўлаўна – швачкай ў раённым камбінаце бытавога абслугоўвання насельніцтва і таксама ні ў чым не адставала ад мужа. І гэта нягледзячы на тое, што трэба было даглядаць паралізаваную маці на працягу васьмі гадоў, каб забяспечыць дастойны догляд роднаму чалавеку, і на шматлікія цяжкія незаменныя жыццёвыя страты – адзін за адным вырываліся сямейныя карані мужа і жонкі, і цяпер з іх некалі вялікіх сем’яў засталіся Сцяпан Фёдаравіч і Марыя Паўлаўна толькі па аднаму.

 Але чаму па аднаму? Яны – адзінае цэлае. Іх твары ззяюць шчасцем і свежасцю пачуццяў, быццам для іх толькі ўсё пачынаецца.

– Сакрэт сямейнага шчасця, – растлумачвае Сцяпан Фёдаравіч, – на мой погляд, у тым, каб адзін аднаго шкадаваць, ніколі не падманваць і рабіць ўсё для сямейнага ладу. Мая жонка справядлівая, працавітая і, што вельмі важна, вельмі цярплівая. Канешне, у любой сям’і не ўсё бывае гладка. Праходзілі праз наш лёс і чорныя палосы, але мне Марыя давярае абсалютна, а пагэтаму пачуцці паварочваюцца да нас светлым бокам, ад гэтага нам добра заўсёды і ўсюды.

Характарызуючы свайго мужа, Марыя Паўлаўна адзначыла яго дабрату, увагу і уважлівасць да яе, любоў да дзяцей і ўнукаў.

А ў наказ тым, хто стаіць на парозе сямейнага жыцця, пражыўшыя 60 гадоў разам юбіляры адзначаюць, што самае галоўнае – гэта жыць і радавацца жыццю, якое ў нас ёсць. І, вядома ж, кахаць адзін аднаго.

У наш час, калі разводамі нікога не здзівіш, прыклад сям’і Кашэдавых усяляе ўпэўненасць у інстытут шлюбу і вучыць маладых цярпенню і клопату. А шасцідзесяцігадовы юбілей сямейнага жыцця нездарма названы брыльянтавым: для таго, каб пражыць столькі гадоў разам, пачуцці сапраўды павінны быць такімі ж прыгожымі, ззяючымі, моцнымі, як брыльянт.

Яны і сёння такія прыгожыя, шчаслівыя і добрыя, Сцяпан Фёдаравіч і Марыя Паўлаўна Кашэдавы. Хочацца, каб гэты стан працягваўся яшчэ доўгія гады.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *