Цяпла ўсім!

Вёсачка мая

IMG_1236Месяц люты пакуль зусім не апраўдвае сваю назву. З павышэннем дзённых тэмператур растаяў снег, і ў паветры адчуваецца пах талай вады. Краявіды за акном шэрыя, панурыя, ад таго і на душы неяк сумна. Аднак, гэта пакуль – ужо праз некалькі гадзін я буду вяртацца назад з усмешкаю. Але зараз не прызнаюся чаму – аб усім па парадку
IMG_1242На гэты раз мы едзем у прыгожую вёску, якая, прытаіўшыся паміж пухнатых елак і стройных бяроз, жыве сваім спакойным жыццём. Некалі яна была вялікая: мела амаль тысячу трыста жыхароў, тут былі абозаколавы завод, лясніцтва, швейная майстэрня, пякарня, сярэдняя школа, дзіцячы сад, Дом культуры, бібліятэка, бальніца, аптэка, псіханеўралагічны дом-інтэрнат, аддзяленне сувязі, сталовая і ажно 7 магазінаў. Толькі ўявіце! Гэта як сапраўдны невялікі гарадок. А гаворка ідзе пра вёску Партызанская, якая да 1964 года мела назву Аўраамаўская. Дарэчы, чыгуначная станцыя і па сённяшні дзень так называецца.
Раней людзі мітусіліся сюды-туды, быццам тыя мурашкі ў муравейніку. А цяпер вёска сустракае пакорлівым шчымлівым маўчаннем. На вуліцы пануе дрымотна-сонная цішыня. Хаця, магчыма, гэта таксама з-за надвор’я.
IMG_1271Мы трапілі ў госці да сям’і Касько. Гэта вельмі шчырыя і гасцінныя людзі. Тамара Васільеўна амаль дваццаць пяць гадоў працавала ў Велікаборскім сельвыканкаме на пасадзе старшыні, яшчэ дзесяць была дырэктарам мясцовага інтэрната, а Аляксей Пятровіч мае вялікі працоўны стаж лесніка. Разам яны жывуць пяцьдзесят дзевяць гадоў. Выхавалі дваіх дачок, ёсць адзін унук.
Гутарка ў нас з гаспадарамі дома склалася надзвычай душэўная і цікавая. Яны паказалі мне фотаальбом з унікальнымі кадрамі, заахвочана распавядалі пра тое, як удзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці. Тамара Васільеўна была актывісткай, якіх трэба пашукаць, арганізоўвала і праводзіла розныя мерапрыемствы, а Аляксей Пятровіч, адораны цудоўным голасам, выступаў у хоры.
IMG_1246Узгадвалі пра тое, як раней хадзілі ў клуб на фільмы, і зала была цалкам запоўнена, даводзілася нават са сваімі табурэткамі прыходзіць. Пра тое, як муж вучыўся ў мараходным вучылішчы і працаваў на Чорным моры. І аб тым, як жонка на матацыкле ездзіла па вёсках свайго сельсавета. А таксама пра тое, што раней у сельвыканкаме, акрамя старшыні, сакратара і бухгалтара, працаваў начальнік ваенна-ўліковага стала. Успаміналі мае суразмоўцы і пра вядомага ўраджэнца вёскі пісьменніка А.Ц. Сопата, і пра многіх былых жыхароў.
IMG_1262«Многа на наш лёс цяжкасцей выпала: і холад, і голад, і складаныя пасляваенныя гады, і Чарнобыль… А цяпер мір і спакой, якія дарагога каштуюць, але не ўсе людзі цэняць, што маюць,» – на заканчэнне з горыччу прамовіла Тамара Васільеўна.
IMG_1268А муж тут жа пастараўся разбавіць сумную хвіліну і сказаў: «Приезжайте ещё в гости к нам, ко горячим ко блинам!» Ды яшчэ і па маёй просьбе сыграў на балалайцы. Вось тут і з’явілася на маім твары тая ўсмешка, пра якую я гаварыла ў пачатку.

IMG_1252Развітваючыся з сям’ёй Касько і выходзячы з хаты, на некалькі секунд спынілася каля печы, у якой заварожваюча дагаралі вуглі. І, ведаеце, шчыра захацелася пажадаць цеплыні, як ад агню, гаспадарам дома і ўсім нам.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *