Хойнікі — Кашына: супрацоўніцтва мацнее


На працягу некалькіх гадоў італьянская асацыяцыя “АРЧЫ-690”. Праект Чарнобыль” на чале з каардынатарам Умбэрто Муньяіні аказвае нашаму раёну дабрачынную дапамогу. Яе прадстаўнікі не толькі арганізоўваюць аздараўленне маленькіх хайнічан у італьянскіх сем’ях, але і штогод прыязджаюць на Хойнікшчыну з мэтай пераняць і падзяліцца вопытам работы ў розных галінах, азнаёміцца з жыццядзейнасцю насельніцтва, унесці пасільны ўклад у гандлёва-эканамічнае, тэхнічнае і культурнае развіццё раёна.

У час чарговага візіту італьянскія дабрачыннікі наведалі ДПТВ-183, дзе выступілі з прапановай прыняць да сябе на стажыроўку двух спецыялістаў, пабывалі на фабрыцы мастацкіх вырабаў і азнаёміліся з работай спартыўных секцый СДЮШАР.

З прыемнай місіяй наведалі аграгарадок Судкова: школе быў перададзены тэнісны стол, сельскаму Дому культуры – тры швейныя машынкі для адкрыцця гуртка кройкі і шыцця і мэблю пад іх. Аддзел культуры райвыканкома атрымаў у падарунак два сучасныя камп’ютэры.

Італьянская дэлегацыя прыняла ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных 24-й гадавіне катастрофы на ЧАЭС.

Ні адзін візіт прадстаўнікоў асацыяцыі не абыходзіцца без сустрэчы са старшынёй райвыканкома А.В. Бічаном. Кіраўнік раёна падзякаваў гасцям за аказаную дапамогу, падкрэсліў неабходнасць далейшага перспектыўнага супрацоўніцтва, вызначыў мэты і напрамкі сумеснай дзейнасці.


Наталля ЧЭКАН.


На здымку: у час сустрэчы ў райвыканкоме.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *