Пад знакам піраміды


Яшчэ ў старажытнасці людзі надавалі асаблівае, нават сакральнае значэнне пірамідальным фігурам – успомніце, хаця б, знакамітыя егіпецкія піраміды. Ды і сёння не толькі экстрасенсы і парапсіхолагі, але і прадстаўнікі афіцыйнай навукі прызнаюць незвычайныя ўласцівасці збудаванняў у форме пірамід. Таму і сваё дзецішча – таварыства з дадатковай адказнасцю яго заснавальнікі Генадзій Ільіч Шкробат (на здымку справа) і Ігар Віктаравіч Сінгаеў, які і стаў дырэктарам прадпрыемства (на здымку злева), вырашылі назваць у гонар піраміды – “ПірамСервіс”.

Створана ТДА было ў пачатку 2008 года, штат яго тады складаў усяго 5 чалавек. Займацца вырашылі вытворчасцю і ўстаноўкай вырабаў з полівінілхларыднага (ПВХ) профілю – аконных блокаў і дзвярэй. Спачатку ў асноўным выконвалі заказы на выраб і ўстаноўку дзвярэй і вокнаў ад прыватных асоб. Аднак з бегам часу прыбавіліся і кліенты з арганізацый і прадпрыемстваў. Першымі прадукцыю “ПірамСервісу” апрабавалі майстры МП “Хойнікірамбуд”, потым пайшлі заказы ад іншых арганізацый. На сённяшні дзень “пірамсервісаўскія” вокны і дзверы ўстаноўлены ў ДЭУ-155, ДПТВ-183, прадпрыемстве меліярацыйных сістэм, райЦГЭ, бібліятэцы на цэнтральнай плошчы горада, у сацыяльна-педагагічным цэнтры ў вёсцы Барысаўшчына.

Справы, як бачым, пайшлі, а слава аб хойніцкіх майстрах па вырабу вокнаў і дзвярэй з ПВХ разнеслася і па-за межамі раёна: заказы ў “ПірамСервіс” зараз паступаюць з Мінска, Гомеля, Мазыра, Рэчыцы, Чачэрска, Брагіна, Лоева і іншых гарадоў. Больш таго, дырэктар прадпрыемства І.В. Сінгаеў стаў лаўрэатам конкурсу “Лепшы прадпрымальнік 2008 года Гомельскай вобласці”, за што атрымаў адпаведны Дыплом з рук старшыні Гомельскага аблвыканкома А.С. Якабсона.

Сёння на прадпрыемстве працуе ўжо 11 чалавек. Асноўнымі яго вытворчымі сіламі з’яўляюцца зборшчыкі і мантажнікі вырабаў з ПВХ. Заказаў у майстроў хапае, і на прадпрыемстве вырашылі пашырыць вытворчасць. Для гэтага на аўкцыённых таргах “Гомельаблмаёмасці” кіраўніцтва “ПірамСервісу” выкупіла ўчастак былой “Сортнасеннегародніны” (на пад’ездзе да рынку “Юбілейны” з боку ДАКа), дзе зараз вядуцца работы па будаўніцтву новага зборачнага цэха па вытворчасці вырабаў з ПВХ. Тут будзе зманціравана самае сучаснае абсталяванне, якое дазволіць не толькі павялічыць выпуск прадукцыі, але і зрабіць яе яшчэ больш надзейнай і якаснай.

Вытворчасць і ўстаноўка вырабаў з ПВХ – справа індывідуальная для кожнага заказчыка. Таму для таго, каб стаць кліентам “ПірамСервісу”, неабходна звярнуцца ў ТДА па адрасу г. Хойнікі, вул. Жукава, 2л і выклікаць майстроў на дом. Толькі пасля правядзення неабходных замераў для заказчыка будзе выраблены адпаведны дзвярны або аконны блок.

Аднак не хлебам адзіным жыве чалавек. На “ПірамСервісе” працуюць людзі маладыя і азартныя, многія з якіх сябруюць з фізкультурай і спортам. Кіраўніцтва ТДА, са свайго боку, заахвочвае такія карысныя памкненні сваіх падначаленых. Таму нездарма спартсмены “ПірамСервісу” пастаянна знаходзяцца ў ліку прызёраў раённых першынстваў па футболу, міні-футболу і валейболу. Напрыклад, у мінулым годзе яны сталі чэмпіёнамі раёна па міні-футболу і валейболу. А ўжо ў гэтым годзе на першамайскім міні-футбольным турніры толькі ў серыі пасляматчавых пенальці дружына “ПірамСервісу” ўступіла ў фінальным паядынку футбалістам КЖУП “Хойніцкі камунальнік”. Але наперадзе ў каманд яшчэ і матчы першынства раёна, так што шанцы паквітацца ў “Пірамсервісу” яшчэ ёсць.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *