Хайнічане ўжо прывыклі да таго, што звычайна Дзень фізкультурніка адзначаўся на гарадскім стадыёне і на тэрыторыі парка. Аднак у сувязі з іх рэканструкцыяй да Дня беларускага пісьменства на гэты раз арэнай свята стаў стадыён ДПТВ-183. Трэба сказаць, што яго гаспадары выдатна падрыхтаваліся да гэтага маштабнага мерапрыемства, на вышыні былі і ўсе службы, якія прынялі ўдзел у падрыхтоўцы і арганізацыі свята – аддзелы культуры, па надзвычайных сітуацыях і ўнутраных спраў райвыканкома, раённае спажывецкае таварыства, “Хойніцкі камунальнік” і цэнтральная раённая бальніца.
Па традыцыі праграму свята адкрываў парад яго ўдзельнікаў. Шэсце ўзначаліла калона ветэранаў спорту – людзей якія не адзін год аддалі выступленням на спартыўных арэнах і сваім майстэрствам, сілай і воляй да перамогі праславілі нашу хойніцкую зямлю далёка за яе межамі. Сімвалічным было тое, што за імі з медалямі на грудзях следавалі дзеючыя спартсмены, якія дастойна прынялі эстафету старэйшых пакаленняў.
На цырымоніі адкрыцця права ўзняць Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь было прадастаўлена мінулагодняй пераможцы мнагабор’я комплексу “Здароўе”, капітану каманды ЦРБ Яўгеніі Сацура. Флаг Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь на стадыён урачыста вынеслі пераможцы і прызёры абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў па барацьбе дзюдо Аксана Жданава, Крысціна Астрэйка, Андрэй Леснікаў і Аляксандр Графа.
Спартсменаў, трэнераў, настаўнікаў фізічнага выхавання і ўсіх гасцей свята павіншаваў намеснік старшыні райвыканкома В.М. Шаўчэнка. У сваім выступленні ён адзначыў, што 15 мая мы адзначалі не толькі Дзень фізкультурніка, але і Дзень сям’і. Гэта таксама сімвалічна – спартыўныя сем’і звычайна з’яўляюцца самымі здаровымі і трывалымі.
Поспехаў удзельнікам стартаў, сумленнай і прыгожай барацьбы пажадаў ветэран спорту Ю.М. Гапоненка.
В.М. Шаўчэнка ўручыў Ганаровыя граматы Хойніцкага раённага выканаўчага камітэта лепшым трэнерам раёна – Алегу Лук’яненку (дзюдо), Сяргею Смольскаму (лёгкая атлетыка) і Міхаілу Глушакову (цяжкая атлетыка). Падзякі райвыканкома атрымалі і дзеючыя спартсмены, якія дабіліся высокіх вынікаў на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах.
Віншуем!
За дасягненне высокіх вынікаў у развіцці фізкультурнага руху, прапаганду здаровага ладу жыцця Падзяка раённага выканаўчага камітэта аб’яўлена навучэнцам дзяржаўнай установы “Спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая спартыўная школа алімпійскага рэзерву г. Хойнікі” Максіму Грыгаровічу, Андрэю Карасю, Аляксандру Катку, Мікіту Ледзянёву, Таццяне Нікіценка, Інэсе Палуянавай, Васілію Сінгаеву.
Апладысментамі віталі гледачы паказальныя выступленні юных дзюдаістаў Хойніцкай СДЮСШАР, а таксама лёгкаатлетаў і валейбалістак ДЮСШ аддзела па фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкома.
А потым у спартыўных сектарах і на бегавых дарожках разгарэлася барацьба мнагаборцаў комплексу “Здароўе”. Праграма ўключала ў сябе бегавыя і гімнастычныя дысцыпліны, скачкі ў даўжыню з месца, а таксама стральбу з пнеўматычнай вінтоўкі. Індывідуальны залік вёўся асобна сярод мужчын і жанчын па ўзроставых катэгорыях, па выступленнях членаў каманд суміраваліся і камандныя вынікі.
На старт “Здароўя” выйшлі 105 спартсменаў, якія прадстаўлялі 20 калектываў фізкультуры прадпрыемстваў і арганізацый раёна. У выніку камандны трафей заваявалі мнагаборцы Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. У прызавую тройку таксама ўвайшлі каманды раённага спажывецкага таварыства (другое месца) і Хойніцкай ПМК. Першая камандная дзесятка далей мела такі выгляд: “Хойніцкі камунальнік”, ЦРБ, ДАК, райвыканком, ПУП “Палескія сыры”, торфабрыкетны завод і тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Пераможцамі ў індывідуальным заліку сярод жанчын сталі: катэгорыя ад 18 да 29 гадоў – Марыя Карэльская (райвыканком), ад 30 да 39 гадоў – Марыя Катлярэнка (спажывецкае таварыства), ад 40 да 49 гадоў – Ірына Бананно (ЦРБ), 50 гадоў і старэй – Алена Тарасенка (ПДРЭЗ).
Па такіх жа ўзроставых катэгорыях вёўся індывідуальны залік і сярод мужчын. Перамогу (у парадку ўзросту) святкавалі: Аляксандр Мароз (ТЦСАН), Аляксандр Садчанка (ПУП “Палескія сыры”), Уладзімір Сяргіенка (аддзел адукацыі) і Мікалай Сцешыц (Хойніцкая ПМК).
Віктар НАЗАРАНКА.