Як на перадавой

Людзі і лёсы

DSC_0010Напярэдадні Дня міліцыі, які адзначаецца 4 сакавіка, расказваем пра Мікалая Мікалаевіча Якуніна, начальніка аддзялення крымінальнага вышуку райаддзела ўнутраных спраў.

Рэдкі чалавек у нашым райцэнтры не чуў пра Мікалая Мікалаевіча Якуніна. Яшчэ б, у сваім 35 – гадовым узросце ён – маёр міліцыі, начальнік аддзялення крымінальнага вышуку РАУС. Тыя, у каго не чыстае сумленне, пры сустрэчы з ім хаваюць вочы, а тыя, хто хоць аднойчы трапляў у поле яго зроку, за паўвярсты абмінаюць. Гэта толькі ў кнігах і ў кіно злачынцы ўдзячны міліцыянерам за душашчыпальныя гутаркі. У жыцці ўсё інакш: падазроны круціцца як уюн на патэльні, выгараджваючы сябе і ачарняючы іншых. Задача опера – выкрыць злачынныя дзеянні, якія потым «па заслугах» ацэніць суд.

– Мікалай Мікалаевіч, – адзначае начальнік РАУС В.А. Котчанка, – выдатны прафесіянал сваёй справы, добры сябар і аднадумца. Праца оперупаўнаважанага крымінальнага вышуку, на мой погляд і зыходзячы з уласнай практыкі, падобна на службу на перадавой у час баявых дзеянняў. У любы час могуць паклікаць на здарэнне, і трэба займацца справай столькі, колькі патрабуецца. Перапынкаў на асабістае жыццё і сям’ю не прадугледжана. Вытрымліваюць толькі апантаныя, прафесіяналы. Якунін – з іх ліку.
Віталій Анатольевіч нагадаў адзін з выпадкаў службовай дзейнасці свайго падначаленага пры раскрыцці забойства маладога чалавека, якое ў нашым горадзе атрымала вялікі рэзананс. Было многа версій, адпрацоўвалі любую інфармацыю. Але чалавека, які аказаўся забойцам, затрымалі незвычайным чынам.

…У той веснавы вечар Мікалай Мікалаевіч збіраўся пайсці са сваёй жонкай на сямейную ўрачыстасць. Дзеля гэтага зайшоў купіць букет кветак для імянінніцы. Выйшаўшы з магазіна, заўважыў падазронага, які на покліч не адгукнуўся, а кінуўся наўцёкі. Якунін стаў яго праследаваць. Прабягаючы, заўважыў маладую пару – юнак і дзяўчына адпачывалі на лавачцы. На хаду сказаў ім, што ён супрацоўнік крымінальнага вышуку, даганяе злачынцу, папрасіў набраць нумар тэлефона міліцыі і паведаміць аб гэтым. Падмога падаспела своечасова, падазроны аказаўся самым галоўным фігурантам пры забойстве, асуджаны на вялікі тэрмін зняволення.
М.М. Якунін сярэднюю адукацыю атрымліваў у Партызанскай СШ, у атэстаце сталасці толькі добрыя і выдатнымі адзнакі. Пасля школы без праблем паступіў у Мазырскі педагагічны інстытут на інжынерна-педагагічны факультэт па спецыяльнасці «майстар вытворчага навучання». Але мара стаць афіцэрам, не прайшла.У дзяцінстве і юнацтве прагледзеў многа фільмаў аб доблесных, адважных людзях, ведаючых законы чэсці. Магчыма, яны паўплывалі на выбар прафесіі, у сям’ Мікалая пагоны ніхто не насіў, ён першы, хто выбраў гэту дарогу. Бацькі, Мікалай Міхайлавіч і Ала Фёдараўна, супраць не былі.
У РАУС выпускнік універсітэта быў прыняты на працу ў якасці ўчастковага міліцыянера. Звярталіся да яго грамадзяне ў асноўным па бытавых пытаннях, разбіраў сваркі, сямейныя канфлікты. Памятае сваё першае заданне – схадзіць на дом да суседзяў-пенсіянераў, якія нешта не падзялілі паміж сабой. Новаспечаны міліцыянер ва ўзросце ледзь за 20 гадоў змог прымірыць спрачальнікаў, за сябе значна старэйшых.

У райаддзеле заўважылі стараннасць і добрасумленнасць маладога мілі-цыянера, і праз паўтара года ён быў пераведзены на службу ў групе дазнання папярэдняга расследавання РАУС. У гэты ж час Якунін паступіў у Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь на факультэт завочнага навучання па спецыяльнасці «правазнаўства» са спецыялізацыяй «аператыўна-вышуковая дзейнасць.»

Адначасова працягвалася службовая кар’ера: операўпаўнаважаны, старшы оперупаўнаважаны аддзялення крымі-нальнага вышуку, а з 2013 года – нача-льнік гэтага аддзялення.
– У крымінальным вышуку, – зазначае М.М. Якунін, – не прынята працаваць у адзіночку, усе разам. Я задаволены тым, што кірую дружным і зладжаным калектывам з пяці чалавек. Самы вопытны ў нас – старшы оперупаўнаважаны А.П. Лушч, мае памочнікі і аднадумцы оперупаўнаважаныя А.В. Невядомскі і А.Р. Міхаленка, клопатам акружана наша адзіная на жанчына – старшы оперупаўнаважаны М.Л. Лебедзева-Грыгаровіч, дапамагаем на пачатку прафесійнага станаўлення маладому супрацоўніку, оперупаўнаважанаму А.С. Нявойту. Не адно пакаленне сышчыкаў райаддзела назапашвала і перадавала вопыт работы, каб сённяшнія ахоўнікі правапарадку паспяхова спраўляліся з гэтай задачай – дапамагчы людзям у іх бядзе. Вельмі цесна супрацоўнічаем з раённым аддзелам Следчага камітэта на чале з М.М. Барысенкам і раённым аддзелам Дзяржаўнага камітэта следчых экспертыз, якім кіруе Ю.В. Рэзнікаў. За мінулы год супрацоўнікі крымінальнага вышуку раскрылі 81 злачынства.
Для М.М. Якуніна вялікі інтарэс выклікаюць справы, пры раскрыцці якіх трэба праяўляць творчую кемлівасць. Калі працаваў у групе дазнання, давялося расследаваць крадзёж, здзейснены ў цэнтральнай раённай бальніцы – у кабінеце фельчара знік партаманет з грашамі. Аднак па грашах пацярпеўшая не вельмі сумавала, хаця знаходзілася іх у кашальку 100 долараў, а вось шкада было кашалька, як падарунка на памяць. Падазроная асоба мелася, а вось доказу яе прычаснасці да крадзяжу не было. Дзякуючы таму, што пацярпеўшая ведала характар падазронай,прыдумалі легенду, маўляў, чалавек, у якога знаходзіцца кашалёк, будзе пракляты. І што вы думаеце, літаральна праз суткі ён цудоўным чынам аказаўся на ранейшым месцы. Пасля чаго даказаць віноўнасць не склала цяжкасці, хаця падазроная ўпарта адмаўляла факт крадзяжу. Ацэнку яе дзеянням даў суд.
Мікалай Мікалевіч лічыць сябе шчаслівым чалавекам, таму што ў яго ёсць бацькі, каханая жонка Алена Дзмітры-еўна, метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, любімыя дачушкі – Марына, якой дзевяць гадоў, і трохгадовая Анастасія. Ёсць работа, якая захапляе і не дае расслабіцца. Ёсць магчымасць займацца спортам – выступае на спаборніцтвах па футболу і валейболу за каманду райаддзела ўнутраных спраў.

Сёння М.М. Якунін лічыць, што не памыліўся, ступіўшы на міліцэйскую сцежку прафесійнага жыцця. У 2008 годзе ён заахвочваўся Ганаровай граматай міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь за высокі прафесі-яналізм, ініцыятыву і забеспячэнне высокай эфектыўнасці працы, мае Падзякі начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў райвыканкама за высокія паказчыкі ў аператыўна-службовай дзейнасці па выніках працы за 2013 і 2014 гады.

Клаўдзія Босак.
Фота Алесі Ячычэнка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *