Сеў за руль — забудзь пра спіртное


Колькі гаворана-перагаворана, пісана-перапісана аб тым, што чалавек, які садзіцца за руль у нецвярозым стане – патэнцыяльны злачынца, але, на жаль, такія негатыўныя факты даводзіцца канстатаваць вельмі часта. Таму лічым неабходным праінфармаваць нашых чытачоў, насельніцтва аб дарожна-транспартнай абстаноўцы на тэрыторыі нашага раёна, аб мерах па прафілактыцы і выкараненні п’янства пры кіраванні транспартнымі сродкамі. Наш субяседнік – старшы інспектар адміністрацыйнай практыкі аддзялення ДАІ РАУС У.П. ТАЛЮК.

– Уладзімір Пятровіч, давайце спачатку звернемся да статыстыкі дарожна-транспартных здарэнняў.

– Летась адбыўся рост іх у параўнанні з папярэднім годам з 11 да 16. У 2007 годзе ў выніку дарожна-транспартных здарэнняў загінуў 1 чалавек, у 2008 – 4, раненні атрымалі адпаведна 12 і 21 чалавек. І калі ў 2007 годзе было здзейснена 3 ДТЗ вадзіцелямі, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення, то ў мінулым – роўна ў два разы больш. Што самае жудаснае, загінулі два дзіцяці, чатыры атрымалі раненні. Наогул жа, за 12 месяцаў летась затрымана 239 чалавек за кіраванне і дзяржаўнымі, і ўласнымі транспартнымі сродкамі п’янымі. Паўторна на працягу года  затрымлівалася 25 нецвярозых вадзіцеляў, якія панеслі крымінальнае пакаранне.

– У гэтай сувязі хацелася б даведацца, як пастаўлена транспартная дысцыпліна на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна ў плане прафілактыкі ДТЗ?

 – Як станоўчы прыклад хачу прывесці працоўны калектыў ПУП “Палескія сыры”, дзе ўсе вадзіцелі ў абавязковым парадку штодзень праходзяць тэсціраванне на прадмет ужывання спіртнога. Машыны на лінію выходзяць у спраўным стане. Тут у мінулым годзе быў затрыманы толькі адзін работнік за кіраванне скутэрам у стане алкагольнага ап’янення ў нерабочы час, але згодна з калектыўным дагаворам панёс сур’ёзнае пакаранне ў сваім працоўным калектыве.

Строгая транспартная дысцыпліна наладжана і ў ДЛГУ “Хойніцкі лясгас”. Кіраўніцтва разрывае кантракты з тымі работнікамі, хто быў затрыманы п’яным за кіраванне нават уласным аўтамабілем.

Кардынальна іншыя адносіны да парушальнікаў у ДБУ-23. Як вынік – летась за кіраванне ўласным транспартам тут затрымлівалася 9 работнікаў, у тым ліку 3 чалавекі – вадзіцель І.М. Шырчанка, трактарысты С.М. Ашарчук і А.М. Данчанка знаходзіліся на рабочых месцах у п’яным стане.

Па-ранейшаму нізкай застаецца транспартная дысцыпліна ў сельгаспрадпрыемствах раёна, у прыватнасці, у агракамбінаце “Віць” і ААТ “Хойніцкі Аграсервіс”. Але “рэкардсменам” лічыцца “Хойніцкі камунальнік” –  9 прадстаўнікоў яго затрымліваліся п’янымі на ўласным і 2 – на дзяржаўным транспарце. Жадае быць лепшай абстаноўка з п’янствам за рулём сярод работнікаў райпо, ПДРЭЗ, ТБЗ.

– Уладзімір Пятровіч, праінфармуйце, калі ласка, ці прыцягваюцца пасадавыя асобы да адказнасці за допуск да ўдзелу ў дарожным руху нецвярозых вадзіцеляў, выпуск няспраўнага транспарту на лінію?

– Артыкуламі 18-24 КоАП Рэспублікі Беларусь прадугледжана адказнасць за допуск на лінію няспраўных транспартных сродкаў; арт. 23.1 – за невыкананне прадпісанняў Дзяржаўтаінспекцыі; арт. 18-25 – за допуск да ўдзелу ў дарожным руху вадзіцеляў у нецвярозым стане або не маючых вадзіцельскага пасведчання. Хачу адзначыць, што меры гэтыя даволі жорсткія, і да адказнасці за мінулы год былі прыцягнуты ў 41 выпадку кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна.

– Уладзімір Пятровіч, калі павелічэнне колькасці вадзіцеляў, затрыманых за павелічэнне скорасных рэжымаў, можна аднесці на кошт аснашчэння ДАІ радарамі, то, напэўна, рост колькасці ахвяр на дарозе – прамы вынік ліхацтва не толькі вадзіцеляў, але і неасцярожнасці пешаходаў?

– Апошнія дапаўненні ў Правілы дарожнага руху аб пераважных правах пешаходаў на нерэгулюемых пераходах нашы грамадзяне ўспрынялі вельмі гіпертрафіравана. Вырашыўшы, што “зебра” можа іх абараніць, яны бяздумна, не аглядваючыся, ідуць наперарэз аўтамабілям. Саперніцтва вадзіцеляў і пешаходаў ужо нагадвае вайну. Быццам не разумеючы, што машыне не так проста затармазіць, іншыя, асабліва моладзь, ідуць па “зебры”, быццам па подыуму, размаўляюць па мабільніку, цалуюцца, пацягваюць піва. Тармазны пуць машыны на сухім асфальце – 20 метраў, але яшчэ 17 запасных метраў патрабуецца вадзіцелю, каб вас заўважыць. Варта памятаць і аб тым, што за рулём можа аказацца нецвярозы чалавек, які рэагуе на сітуацыю неадэкватна.

Выкарыстанне святлоадбіваючых элементаў змяншае рызыку наездаў у цёмны час сутак на 85 працэнтаў.

На заканчэнне нашай размовы скажу, што бяспека на дарозе залежыць у роўнай меры і ад  вадзіцеляў, і ад пешаходаў. Правілы дарожнага руху патрэбна захоўваюць усім. І хачу паведаміць, што з 1 сакавіка сёлета пачаўся другі этап рэспубліканскай праграмы “Мінус 100” – “Я захаваю жыццё”.


Гутарыла Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *