Сустрэча з цудоўным надоўга запомніцца

Образование

З’яўляюся даўняй паклонніцай артыстаў Хойніцкага народнага драматычнага тэатра, таму стараюся не прапусціць ніводнага іх спектакля. Вельмі чакала пастаноўкі камедыі А.Макаёнка “Трыбунал”, якую калектыў прадставіў на суд гледачоў напярэдадні 65-й гадавіны Вялікай Перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Прыемна ўразіла тое, што спектакль на сцэне гарадскога цэнтра кльтуры і спорту “Меліяратар” праходзіў пры поўным аншлагу – у глядзельнай зале, здавалася, яблыку не было дзе ўпасці. Яшчэ больш прыемна, што мае чаканні спраўдзіліся: гледачы адгукваліся на сцэнічнае дзейства з такой увагай і чуласцю, якія не заўсёды сустракаюцца і ў прафесіянальных тэатрах.

Даўно ведаю выканаўцу галоўнай ролі, работніцу аддзела культуры райвыканкома, Людмілу Смольскую. І ў каторы раз паразілася, як удала змагла яна пераўвасобіцца ў вобраз Паліны, жонкі Калабка – настолькі яе гераіня была і хітраватай, і іранічнай, што, напэўна ў многіх гледачоў па ходу спектакля ўзнікла адчуванне, што яна іграе галоўную скрыпку ў спектаклі, вядзе інтрыгу тэмы. Асабліва гэта праявілася ў сцэне суда, многім гледачам, напэўна падалося, што яна з самага пачатку ведала, хто на самой справе яе муж Калабок: ніякі ён не стараста, а як можа дапамагае змагацца з ворагам на сваёй тэрыторыі.
І, канешне ж, гледачы сапраўдную асалоду атрымалі ад іскрамётнай ігры рэжысёра народнага тэатра Аляксея Сярмяжкі. Цярэшка Калабок ў яго выкананні сваёй непадробнай лексікай, сакавітым гумарам нагадвае чалавека, быццам прыйшоўшага з фальклору.

Трэба сказаць, што ўвесь калектыў тэатра выдатна справіўся са са сваёй задачай – перадаць абстаноўку таго часу, калі бязлітасны вораг падыходзіў да сцен Масквы і на акупіраванай тэрыторыі вайна рабіла людзям жорсткую праверку.  Вельмі ўдалымі і каларытнымі атрымаліся персанажы – дзеці Калабкоў: дочкі Галя (Людміла Кузняцова), Зіна (Людміла Беразоўская), нявестка Надзея (Анжэла Бондар), сын Валодзька (Яўгеній Заяц) і выканаўцы адмоўных роляў – начальніка паліцыі (Мікалай Кабанькоў) і нямецкага каменданта (Васілій Найдзенка).

Хачу адзначыць яшчэ, што нягледзячы на тое, што п’еса “Трыбунал” арыентавана на людзей сярэдняга і старэйшага ўзросту, аднак у глядзельнай зале было многа моладзі. Юнакі і дзяўчаты па-сапраўднаму хваляваліся, суперажывалі таму, што адбывалася на сцэне.

А калі артысты выйшлі на паклон, то атрымалі ад гледачоў букеты кветак у знак прызнання іх майстэрства і пачулі ў свой адрас шматлікія словы падзякі і просьбу часцей наладжваць тэатральныя святы, якім і была гэтая пастаноўка.


А. ПАЎЛЮЧЭНКА,
жыхарка райцэнтра.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *