Удзячны за клопат і ўвагу


На чарговым пасяджэнні прэзідыума раённай ветэранскай арганізацыі разгледжана пытанне аб выніках святкавання 65-годдзя Перамогі савецкага народа над фашызмам. Ветэраны ўдзячны за рашэнне раённага выканаўчага камітэта аб адкрыцці на плошчы Танкістаў Алеі баявой і працоўнай славы. Яна будзе пастаянным напамінкам цяперашняму і будучым пакаленням аб гераізме савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенным аднаўленні краіны.

Да спадобы прыйшлася і цікавая канцэртная праграма 9 мая. Эстэтычна, з густам была аформлена  тэрыторыя  ў мікрараёне “Юбілейны”, дзе праходзіла святкаванне, на патрабавальны попыт пакупніка працавалі гандлёвыя рады. Ветэраны выказваюць падзяку праўленню раённага спажывецкага таварыства за смачную салдацкую кашу і франтавыя 100 грамаў.

Вельмі прыемна, што клопат і ўвагу да падшэфных ветэранаў праяўляюць кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый. Напрыклад, дырэктар ПУП “Палескія сыры” Г.В. Бондар не толькі павіншавала ўсіх паштоўкай, аказала матэрыяльную дапамогу інвалідам вайны, але і наведала іх на даму, узняла пытанне аб добраўпарадкаванні кватэр вызваліцеляў краіны. Дырэктары КВУП “Хойніцкі рамонтны завод” У.А. Хорсун, Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка П.М. Кудан, галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Ю.Г. Васілевіч, начальнік участка па вырабу камбікорму РУП “Саўгас-камбінат “Зара” С.М. Вашчыла і іншыя выдзелілі для сваіх ветэранаў па 200 тысяч рублёў. З цёплымі віншаваннямі і падарункамі прыходзілі да франтавікоў прадстаўнікі калектыву СШ № 3 г. Хойнікі.

На пасяджэнні прэзідыума таксама адзначаны той факт, што ў горадзе сёлета нямала зроблена і робіцца па добраўпарадкаванню.  Неабходны ўдзел ветэранаў у прапагандзе парадку і чысціні ў кожным населеным пункце раёна.


М. СКРЫПЧАНКА,
старшыня раённай
ветэранскай арганізацыі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *