Вясну сустрэлі і блінцоў пад’елі

Рэха падзеі

dG0JkZejvSUНароднае свята Масленіцы ў нас святкавалі шчодра і шырока. Па традыцыі ў час вялікага канцэрта на пляцоўцы каля гарадскога цэнтра культуры самыя смелыя і спрытныя лазілі на масленічны слуп за «пеўнікам». У якасці прыза за адважнасць мужчынам (прадстаўніц слабага полу сярод смелых не знайшлося) уручалі каштоўныя падарункі – шкляны посуд, коўдру, падушку, электрачайнік і г.д.

Стала добрай традыцыяй на народным гулянні частаваць хайнічан і гасцей раёна бясплатнымі блінцамі. Паспытаць прысмакаў запрашалі дзяўчаты з тэатральнага гуртка «Зорачкі» цэнтра культуры.

mpUZeFPOnG4

У гомане народных песень і гумарыстычных сцэнак дачакаліся самых яркіх падзей: сустрэчы Вясны, якую прывезлі на ўпрыгожаных драбінах. Яе суправаджалі эфектныя персанажывеліканы ў стракатых касцюмах на драўляных хадулях. З-за высокага росту відаць іх было здалёк. Госці абраду – творчы калектыў з Мінска «Flying people», якім кіруе наша зямлячка Паліна Ходас. Яна была рэжысёрам гэтага дзейства і сама выступіла ў ролі хадулісткі. Удзел у шэсці хадулістаў узялі
хайнічане А. Пюро, К. Кукс, А. Снягір. Навінка выклікала буру станоўчых эмоцый: маленькія гледачы ўвесь час імкнуліся дакрануцца да незвычайных артыстаў, дарослыя – паспець сфатаграфавацца з імі. Спонсарам выступлення стаў жыхар нашага горада Д.І. Міхед.

tN-F33oOxuE

Дзецям не давалі сумаваць ні хвілінкі. Для іх дзейнічала некалькі спартыўных пляцовак, дзе работнікі ДЮСШ Хойніцкага раёна і аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама праводзілі разнастайныя конкурсы: бой падушкамі, збіванне кегляў, дартс і г.д.
Кульмінацыяй святкавання стала спальванне пудзіла Зімы, каб заманіць цяпло. Яшчэ доўга не сціхалі песні ў выкананні артыстаў самадзейнасці з усяго раёна, за гэта хайнічане дзякавалі ім шчырымі апладысментамі.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *