Зладжана і згуртавана

Образование

Па выніках раённага спаборніцтва cярод галін народнай гаспадаркі за 2009 год пераможцам у галіне адукацыі сярод дашкольных устаноў раёна быў названы калектыў дзіцячага сада № 5. З яго загадчыцай Л.І. Міхед гутарыў карэспандэнт “ХН”.

– Любоў Іванаўна, у першую чаргу падзяліцеся перамогай.

– Калектыў нашага дзіцячага сада стаў першым у намінацыі “Лепшая дашкольная ўстанова адукацыі”. Нам ўручаны дыплом і вымпел, а калектыў занесены на раённую Дошку гонару.

Дарэчы, перамога гэта ў нашага калектыву не першая. У 2008 годзе мы таксама былі названы лепшымі за дасягненне лепшых паказчыкаў у арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу і ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Гэта дасягнута дзякуючы зладжанасці і згуртаванасці калектыву, уменням і навыкам, напрацаваным не за адзін год работы.

Вельмі даўно наладжана цесная сувязь дзіцячага сада з гарадской гімназіяй. Мы адследжваем сваіх выпускнікоў, іх далейшы лёс. Вынікі нашай працы і навучання ў гімназіі замацоўваюцца. Дзеці выходзяць з сада добра падрыхтаванымі да школы.

У нашай установе створаны ўсе ўмовы для атрымання ведаў. Працуюць спецыялісты вузкага профілю: псіхолаг, дэфектолаг.

– Як вырашаны кадравыя пытанні дашкольнай установы?

– Забяспечанасць кадрамі поўная. Усяго працуе 29 педагогаў, 22 з іх выхавальнікі, 7 вузкіх спецыялістаў. 11 выхавальнікаў і 5 спецыялістаў маюць вышэйшую адукацыю. 4 педагогі маюць  вышэйшую катэгорыю, 7 – першую, 12 чалавек – другую катэгорыю, працуюць 6 маладых спецыялістаў. У гэтым навучальным годзе на вышэйшую катэгорыю атэставаны музычны кіраўнік І.Р. Парынгоўская і выхавальніца А.У. Піляк, на другую катэгорыю – намеснік дырэктара Л.У. Дзенісюк і дэфектолаг С.В.Бурак. Штогод 2-3 чалавекі з нашага калектыву павышаюць свой узровень у інстытуце павышэння кваліфікацыі.

У 2008-2009 навучальным годзе на базе нашага сада былі праведзены два абласныя семінары: “Арганізацыя харчавання ва ўстановах адукацыі” і “Пазітыўны педагагічны вопыт – у практыку работы”.

На базе сада функцыяніруе 11 груп. Акрамя гэтага працуюць яшчэ і 4 гурткі. Есць у нас дзеці з рознымі магчымасцямі і дасягненнямі, таму намагаемся развіваць усе творчыя магчымасці нашых дзетак. Дзейнічаюць два спартыўныя гурткі “Мацак” і “Асілкі”, заняткі праводзяць выхавальнікі фізічнай культуры А.В. Салянка і В.С. Шыдлоўская. Псіхолаг Н.В. Жыглова займаецца з дзецьмі ў гуртку “Эмацыянальны калейдаскоп”. Ёсць і музычна-тэатральны гурток пад кіраўніцтвам І.Р. Парынгоўскай. Дзейнічае студыя выяўленчага мастацтва, там дзеці пад кіраўніцтвам сваіх выхавальнікаў  вучацца маляваць у розных тэхніках. Таксама плануем зрабіць галерэю малюнкаў, дзе для азнакамлення будуць прадстаўлены работы дзяцей усіх узроставых груп.  

– Як наладжана сувязь з бацькамі вашых выхаванцаў?

– У кожнай группе створаны бацькоўскі камітэт, таксама ёсць агульны бацькоўскі камітэт дзіцячага сада. Рэгулярна цікавімся думкамі бацькоў аб паляпшэнні работы нашай установы, выхавальнікаў.

Прыемна, што бацькі на ўсе пытанні адгукваюцца,  самі  праяўляюць ініцыятыву. Абавязкова бацькі нашых выхаванцаў удзельнічаюць і ў рамонце дзіцячага сада. Па меры магчымасці дапамагаюць ствараць умовы на гульнявых пляцоўках, вырабляюць нестандартнае абсталяванне для развіцця дзяцей.

Дзякуючы кваліфікаваным кадрам і ўменню педагогаў вырашаць праблемы,  канфліктаў з бацькамі выхаванцаў па тых ці іншых пытаннях амаль не ўзнікае. Канешне, усе мы людзі, кожны з характарам і сваімі асабістымі праблемамі, аднак усе сітуацыі непаразумення  вырашаем узгоднена. Звароты бацькоў не пакідаем без увагі, разбіраем кожнае пытанне. Спадзяюся на ўзаемаразуменне і надалей.

– Любоў Іванаўна, як атрымліваецца вырашаць гаспадарчыя пытанні і праблемы?

– Праблемы ў асноўным звязаны з рамонтнымі работамі, дакладней, з адсутнасцю неабходных грашовых сродкаў. Патрэбна летам аднавіць фасад будынка, шмат работы і па замене лінолеуму. Хацелася б і вокны памяняць, таму што наспела такая неабходнасць. Аднак уласнымі сіламі ўсе гэтыя работы нам не выканаць.

Вялікая надзея на нашых шэфаў: завод гідраапаратуры (дырэктар В.Я. Смальцар) і Хойніцкі леспрамгас ЗАТ “Мазырлес” (дырэктар А.У. Харошка). Без іх дапамогі нам не справіцца.

Сярод вырашаных праблем хачу адзначыць замену лямп, прафінансаваную Гомельскім ўпраўленнем адукацыі. Работы праводзіла ААТ “Гомельаграэнергасервіс”. Энергазберагаючыя лямпы, сучасныя і значна ярчэйшыя, пастаўлены ва ўсіх спальнях, гульнявых пакоях, калідорах.

Уласнымі сіламі адрамантавалі медыцынскі блок, набылі абсталяванне. Зараз рамантуем кабінет псіхолага. Раней псіхолаг і дэфектолаг працавалі разам, пасля рамонту ў кожнага будзе свой кабінет, што дасць магчымасць для больш прадуктыўнай работы з дзецьмі.

– Якія планы творчыя і працоўныя?

– Самае галоўнае ў нашай дзейнасці – забеспячэнне аховы фізічнага і маральнага здароўя дзяцей, стварэнне спрыяльнай псіхалагічнай абстаноўкі, эмацыянальнай раўнавагі. Дзейнасць педагогаў нашага сада накіравана на асобу дзіцяці, зыходзячы з яго ўзроставых здольнасцей і магчымасцей.

Выхоўваць дзяцей, развіваючы ў іх асабістую культуру, у аснове якой ляжаць нацыянальныя і агульначалавечыя духоўныя якасці, – вось наша галоўная задача.


Гутарыла Вольга БЕЛАШ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *