Год роднай зямлі Неабмежаваны палёт фантазіі


Сёлетні год у нашай краіне абвешчаны Годам роднай зямлі. У гэтае словазлучэнне кожны, напэўна, укладвае свой сэнс, аднак неаспрэчна адно: нельга па-сапраўднаму любіць родную зямлю без імкнення зрабіць яе яшчэ больш прыгожай і дагледжанай. А пачынаецца ўсё ў самым раннім дзяцінстве, калі  маленькі чалавек яшчэ толькі пачынае асэнсоўваць уласнае жыццё і рабіць у ім свае першыя крокі. Таму вельмі важна, як казаў Пушкін, “с младых ногтей” прывіць дзіцяці любоў да роднай прыроды, пачуццё прыгожага, а ў школе фарміраваць і ўдасканальваць сапраўдны высокі густ.

У гэтым сэнсе многае робіцца ва ўстановах адукацыі раёна. Нельга не заўважыць, як пахарашэлі і папрыгажэлі за апошнія гады нашы дзіцячыя садкі і школы, як па-добраму здзіўляюць і захапляюць яны гасцей Хойнікшчыны. Усё гэта – плён мэтанакіраванай і карпатлівай работы кіраўніцтва аддзела адукацыі раёна і педагагічных калектываў адукацыйных устаноў. Важна тое, што тут не стаяць на месцы, а штогод у жыццё ўкараняюцца ўсё новыя і новыя ідэі па добраўпарадкаванню, а яшчэ дакладней – па ўпрыгожванню школьных і садковых двароў і тэрыторый.

Кожны год да пачатку вясенне-летняга сезона калектывы ўстаноў адукацыі раёна рыхтуюць свае праекты добраўпарадкавання ўласнай тэрыторыі, якія потым зацвярджае начальнік аддзела адукацыі. Нядаўна давялося азнаёміцца з некаторымі з іх.

Гартаючы старонкі маляўніча аформленых (хоць ты іх асобным выданнем друкуй!) альбомаў-праектаў, міжволі падумаў: сапраўды палёт фантазіі не абмежаваны. Чаго тут толькі няма: і кошыкі з алоўкамі ў чалавечы рост, і парканы ў выглядзе кніг з асобнымі вялікімі літарамі, і выгнутыя дугой масткі на неабкораных бярозавых слупках, і дэкаратыўныя сажалкі-падманкі з вялізнымі матылькамі, рыбамі і стракозамі – усяго нават не пералічыць.

Прычым для стварэння ўсёй гэтай прыгажосці не патрэбны вялікія матэрыяльныя затраты, бо ўсё робіцца з таго, што, як кажуць, пад нагамі – карчоў, балотнай лазы, абрэзкаў драўніны і фанеры, адслужыўшых свой век тазікаў, аўтапакрышак, пластыкавых бутэлек і іншага, на першы погляд, непатрэбнага друзу.

І, канешне, асобнае месца ва ўсіх гэтых праектах займаюць кветкі і зялёныя насаджэнні. Насенне і саджанцы настаўнікі і вучні рыхтуюць самастойна, дапамагаюць у гэтай справе і бацькі, а сёе-тое набываецца ў спецыялізаваных арганізацыях.

У праектах па добраўпарадкаванню, якія калектывы рыхтуюць да новага сезона, а потым абараняюць у аддзеле адукацыі, дэталёва распрацоўваецца выгляд кожнай пляцоўкі, кожнага кавалачка зямлі. У гэтым жа дакуменце ўказваюцца і адказныя групы або класы і настаўнікі за кожную з тэрыторый.

– Нельга не пагадзіцца з Ф.М. Дастаеўскім, які сцвярджаў, што прыгажосць выратуе свет, – гаворыць начальнік аддзела адукацыі райвыканкома Л.Ф. Кулакоўская. – Гэтым мы кіруемся ў сваёй паўсядзённай рабоце і такім чынам фарміруем у дзяцей і падлеткаў не толькі любоў да роднага краю, але і жаданне таго, каб іх маленькая радзіма стала яшчэ больш прывабнай і прыгожай.

Калі папрасіў назваць калектывы ўстаноў, якія дабіліся найбольшых поспехаў у справе добраўпарадкавання, Людміла Фёдараўна адказала так:

– Пахвалы і заахвочвання заслугоўваюць усе ўстановы адукацыі. Але асобна хацелася б адзначыць гарадскія садкі №№ 1, 2, 4 і 5, Судкоўскі дзіцячы сад, Слабажанскую і Веляцінскую школы-сады, Партызанскую і Велікаборскую школы, у якіх уся сённяшняя прыгажосць наведзена ўласнымі рукамі.

Належным чынам захоўваюць і прымнажаюць зробленае па праграме будаўніцтва аграгарадкоў калектывы Стралічаўскай і Глінішчанскай школ.

Не за гарамі ўжо цёплыя і пагодлівыя веснавыя дзянькі, калі распусціцца лістота на дрэвах, зацвітуць кветкі. І гэтае прыроднае хараство на школьных і садковых тэрыторыях арганічна дапоўняць фігуркі архітэктуры малых форм і аб’екты ландшафтнага дызайну, якія з’явяцца тут дзякуючы нястрымнаму палёту фантазіі настаўнікаў і вучняў.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *