Пацвярджэнне класа

Спорт

Выдатна завяршаюць бягучы спартыўны сезон юныя дзюдаісты Хойніцкай СДЮШАР. Выхаванцы трэнераў Алега Лук’яненкі і Уладзіміра Бордака адзначыліся серыяй перамог на майскіх турнірах рэспубліканскага і абласнога ўзроўняў.

Так, у Бабруйску вучаніца СШ № 1 Ксенія Будзько заняла другое месца па вагавой катэгорыі да 40 кілаграмаў на першынстве Рэспублікі Беларусь сярод дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ. Усе свае паядынкі, акрамя фінальнага, Ксенія завяршыла датэрмінова, узнагародай за што ёй сталі Дыплом, прыгожы Кубак і каштоўны падарунак.

Свой высокі клас Ксенія Будзько пацвердзіла і на першынстве вобласці па барацьбе дзюдо ў Гомелі. Гэтыя спаборніцтвы сталі адборачнымі да першынства краіны, якое прайшло ў апошнія майскія дзянькі на мінскім татамі. Ксенія ўпэўнена выйграла барацьбу ў катэгорыі да 40 кілаграмаў і дайшла да фіналу ў наступнай вагавой катэгорыі – да 44 кілаграмаў. Тут перамогу святкавала яшчэ адна хайнічанка – Крысціна Ярац з СШ № 3. Вучаніца гэтай жа школы Анастасія Кузьменка першынствавала ў катэгорыі да 52 кілаграмаў і гэтак жа як Ксенія і Крысціна трапіла ў склад зборнай каманды вобласці. Трэцім прызёрам спаборніцтваў у катэгорыі да 57 кілаграмаў стала Любоў Козыр з СШ № 1.

Поспехі юнакоў больш сціплыя, але таксама заслугоўваюць павагі. Другія месцы на гэтым турніры занялі Захар Бордак і Іван Баляхін (абодва – СШ № 3), трэція – Станіслаў Турчанок (гімназія), Антон Ядчанка (СШ № 1) і Ягор Карась (СШ № 3).

Дарэчы, С. Турчанок трапіў і ў лік прызёраў першынства вобласці па барацьбе самба, дзе ён заняў другое месца ў катэгорыі да 48 кілаграмаў. Такі ж вынік паказалі на гэтых спаборніцтвах Дзмітрый Мядзведзеў (Гомельскае РВАР), а таксама гімназісты Андрэй Арцюх і Аляксандр Гарбаты. Трэцімі месцамі на турніры самбістаў адзначыліся Артур Фяськоў з СШ № 3 і вучань СШ № 1 Мікіта Ледзянёў.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *