Па праграме «Маладыя таленты Беларусі»

Образование

Умацаванне інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу падрастаючага пакалення становіцца ў Беларусі прадметам мэтанакіраванага клопату дзяржавы. Асноўныя шляхі выяўлення, навучання і суправаджэння адоранай моладзі вызначаны Дзяржпраграмай “Маладыя таленты Беларусі” на  2006-2010 гады, зацверджанай Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 310 ад 10.05.2006 г.

Пытанне аб тым, як выконваецца гэта праграма на Хойнішчыне, разглядвалася на выязным пасяджэнні райвыканкома. Яго ўдзельнікі наведалі СШ № 3 г. Хойнікі, дзіцячы сад № 5 “Казка”, дзяржаўную гімназію. Тое, што прапаноўвалася паглядзець і ацаніць тут, інакш, як сузор’ем талентаў, не назавеш. Трэба было толькі дзівіцца, з якім імпэтам і дасканаласцю валодання тэмы прадстаўляе сваю навуковую працу чацвёртакласнік, з якімі пачуццямі чытаецца ўрывак з твора Гамлета “Рамэа і Джульетта, як “запальваюць” на сцэне юныя танцоры, як таленавіта абыгрываецца сцэнка “Сватанне Ганны” па раману І.П. Мележа, як пранікнёна вуснамі вучняў гучаць вершы і песні аб Хойніках, аб сваёй Радзіме. А шматлікія выстаўкі, дэфіле мадэляў, паказальныя спартыўныя нумары – немагчыма нават пералічыць тыя прыгожыя моманты, якія прадаставілі вучні і педагогі ўдзельнікам афіцыйнага мерапрыемства.

Адкрываючы пасяджэнне выканкома,  якое праходзіла ў актавай зале дзяржаўнай гімназіі, старшыня райвыканкома А.В. Бічан, адзначыў, што школа выхоўвае сапраўдных патрыётаў  нашай краіны – яе будучыню. У гэтым кантэксце разгляд пытання аб рабоце з таленавітымі дзецьмі і моладдзю набывае асаблівую актуальнасць.

Начальнік аддзела адукацыі райвыканкома Л.Ф. Кулакоўская далажыла аб выкананні мэтавай праграмы “Адораныя дзеці”, мэтай якой з’яўляецца стварэнне спрыяльных ўмоў для развіцця здольных і таленавітых дзяцей у інтарэсах асобы, грамадства, дзяржавы. Высокі ўзровень здольнасцей адораных дзяцей патрабуе высокага развіцця прафесіянальных і асабовых якасцей педагогаў. 12 настаўнікаў раёна на працягу 2009 года прайшлі адпаведную курсавую падрыхтоўку, 60% іх выкарыстоўваюць ва адукацыйным працэсе інфармацыйныя тэхналогіі, праводзяцца майстар-класы педагогаў-практыкаў.

У кожнай установе адукацыі маюцца метадычныя рэкамендацыі па правядзенню дыягностыкі, распрацаваны тэсты, анкеты. На аснове вынікаў анкеціравання вучняў і бацькоў, аналізу тэставых заданняў у аддзеле адукацыі райвыканкома складзены банк даных “Адораныя дзеці”, у якім налічваецца 182 чалавекі: дашкольнікаў –18, школьнікаў – 164 (сельскіх рабят – 48, гарадскіх – 116).

Для развіцця інтэлекту дашкольнікаў адкрыта сетка гурткоў рознай накіраванасці з ахопам дзяцей 28%, у тым ліку і на платнай аснове. Упраўленнем адукацыі адзначаны лепшы вопыт работы педагагічнага сада № 5 па навучанню дашкольнікаў праз арганізацыю дзіцячай ігравой дзейнасці. Работы выхаванцаў ясляў-сада №№ 2 і 4 былі прадстаўлены на рэспубліканскай канферэнцыі, на рэспубліканскім семінары разглядваўся вопыт арганізацыі дашкольнай адукацыі ў аграгарадку Глінішча.

Для выяўлення здольных дзяцей  сярод вучняў 1-4 класаў праходзіць конкурс “Эрудыт”. У ім у 2007 годзе прымалі ўдзел 95 вучняў, у 2008 – 114, у 2009 – 138. Штогод  самыя лепшыя вынікі паказваюць вучні СШ № 3, Казялужскай СШ, дзяржаўнай гімназіі. У 2008 годзе сярод каманд-удзельніц першае месца заняла зборная Паселіцкага дзіцячага сада-СШ, а сярод вучняў перамагла Дыяна Барысенка з Казялужскай СШ. У гэтым навучальным годзе прайшоў першы тур конкурсу. Пераможца – вучаніца 4 класа Казялужскай СШ Ілона Прышчэп,  у камандным заліку – вучні Велікаборскага дзіцячага сада-СШ.

Развіццё інтэлектуальных здольнасцей вучняў працягваецца ў класнай і пазакласнай дзейнасці і прадстаўлена шырокай сеткай факультатыўных заняткаў, дзе найбольш запатрабаванымі з’яўляюцца заняткі гуманітарнай, прыродазнаўчай і матэматычнай накіраванасці. Працуе міжшкольны факультатыў па прадметах, якія вызначаны ў якасці абітурыенцкіх, а таксама па падрыхтоўцы да алімпіяд. З гэтага навучальнага года яго наведваюць 14 выпускнікоў школ Брагінскага раёна.

Акрамя таго, для школьнікаў, якія валодаюць творчымі здольнасцямі, ёсць магчымасць наведваць гурткі ва ўстановах адукацыі.

Узрасла колькасць удзельнікаў і прызёраў міжнародных конкурсаў “Кенгуру”, “Каласок”, “Зубраня”, “Журавлик”, “Буслік”.

Ганарыцца трэба і дасягненнямі юных спартсменаў. У 21-й абласной спартакіядзе вучняў занялі 7 месца. Да фізкультурна-аздараўленчай работы далучана 72% школьнікаў. Для фізічна развітых дзяцей працуе спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву, у якой адкрыта 48 груп з ахопам 462 навучэнцаў. Як вынік, 12 выхаванцаў гэтай школы ўключаны ў спісачны састаў нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь па розных відах спорту. Падрыхтаваны 23 майстры спорту, вызначаюцца поспехамі юныя хайнічане і на міжнародных спаборніцтвах.

Аналіз работы па развіццю юных талентаў паказаў, што павялічваецца колькасць удзельнікаў школьных і раённых прадметных алімпіяд. Але няма пакуль у нас дыпламантаў рэспубліканскіх алімпіяд, ды і ў вобласці вялікіх вынікаў пакуль не дасягнута.

Адным з напрамкаў работы з таленавітымі дзецьмі ў нашым раёне з’яўляецца арганізацыя навукова-даследчай работы. У гімназіі, першай і  трэцяй гарадскіх школах працуюць навуковыя таварыствы вучняў, праводзяцца навукова-практычныя канферэнцыі. Штогод на базе гімназіі праходзіць раённая навукова-практычная канферэнцыя “Пазнай сваю малую Радзіму”. З 2010 года гэта канферэнцыя набывае больш высокі ўзровень – абласны. У 2009 годзе вучаніца гімназіі Марыя Базулька заваявала Дыплом І ступені на адкрытым абласным фестывалі юных даследчыкаў “Коллегиум-2009”, другое месца ў абласным конкурсе па энергааўдыту і ў конкурсе рэкламнага роліка “Школа будучага”. Яна была ўзнагароджана спецыяльнай прэміяй Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта па падтрымцы таленавітай моладзі.

Аналіз паступлення выпускнікоў у ВНУ дазваляе зрабіць вывад аб тым, што вучні, якія састаялі або састаяць у банку даных “Адораныя дзеці”, практычна ўсе становяцца студэнтамі.

Амаль ва ўсіх арганізацыях раёна дастойна працуюць тыя, хто будучы вучнем меў добрыя здольнасці, дасягненні ў вывучэнні вучэбных прадметаў.

Старшыня райвыканкома А.В. Бічан парэкамендаваў кожнаму кіраўніку раёна мець вышэйназваны банк даных. Зыходзячы з інтарэсаў дзяцей можна меркаваць аб тым, якую прафесію можна атрымаць. Калі, напрыклад, дзіця малюе або вырабляе звярка, то ў будучым можа стаць ветурачом, калі майструе рэчы з металу – праявіць сябе ў інжынерна-тэхнічнай дзейнасці. Аддзел адукацыі мае добрую практыку падрыхтоўкі кадраў педагогаў, аднак сферу дзейнасці трэба пашырыць – сельгаспрадпрыемствы раёна маюць патрэбу ў маладых спецыялістах рознага профілю. Самае галоўнае – своечасова заўважыць здольнасці вучняў і накіраваць іх у патрэбным рэчышчы.

Задача ранняга выяўлення і навучання таленавітай моладзі ў сучаснай адукацыі з’яўляецца прыярытэтнай. Ад яе вырашэння ў канчатковым выніку залежыць інтэлектуальны і эканамічны патэнцыял дзяржавы. Лепшых поспехаў у любой з гэтых сфер дабіваецца тая дзяржава, у якой гэты патэнцыял вельмі высокі.


Клаўдзія БОСАК.
На здымках: сузор’е юных талентаў; удзельнікі пасяджэння.
Фота Вольгі БЕЛАШ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *