Падстава для гордасці

Спорт

З 21 па 23 мая ў сталіцы Татарстана – Казані прайшоў першы ў гісторыі чэмпіянат свету па барацьбе на паясах. Гэты, пакуль яшчэ экзатычны для многіх від спорту, мае ўсходнія карані, аднак у апошні час імкліва набірае папулярнасць у Еўропе і Азіі. Нездарма ж ён ўключаны ў праграму Універсіяды 2013 года.


Яшчэ адным пацвярджэннем таму стала і колькасць удзельнікаў казанскага першынства, у якім на барцоўскі дыван мясцовага Палаца адзінаборстваў выйшлі прадстаўнікі 17 каманд, сярод якіх былі спартсмены з Расіі, Кітая, Індыі, Пакістана, Японіі і амаль усіх краін былога СССР. Спаборніцтвы па карэшу (яшчэ адна назва гэтага віду барацьбы) праводзіліся ў 5 вагавых катэгорыях, а каманды-ўдзельніцы выстаўлялі па аднаму свайму прадстаўніку ў кожнай з іх.

Такім чынам, нацыянальная зборная Беларусі, як і ўсе астатнія, мела ў сваім складзе 5 спартсменаў. Прыемна, што адным з іх стаў наш зямляк, трэнер Хойніцкай СДЮШАР Алег Лук’яненка. Ен вёў барацьбу ў катэгорыі да 64 кілаграмаў. У цэлым выступленне хайнічаніна можна ацаніць са станоўчага боку – у індывідуальным заліку ён паказаў сёмы вынік, прайграўшы толькі адзін паўфінальны паядынак прадстаўніку Пакістана. Аднак Алег разам са сваімі таварышамі стаў сааўтарам самай гучнай сенсацыі на гэтым турніры. Нечакана для многіх беларусы падняліся на другую ступеньку п’едэстала гонару, у каманднай барацьбе прапусціўшы наперад толькі бясспрэчных фаварытаў – расіян. Натуральна, што разам з астатнімі беларускімі спартсменамі сярэбраны медаль па выніках каманднай барацьбы атрымаў і Алег Лук’яненка.

І яшчэ адна цікавая для хойніцкіх балельшчыкаў дэталь. Карэш у нашай краіне культывуецца ўсяго некалькі гадоў, што яшчэ раз падкрэслівае значнасць і нечаканасць каманднага срэбра беларусаў. Зараз нацыянальную федэрацыю па гэтаму віду спорту ўзначальвае Дзмітрый Смольскі – яшчэ адзін ураджэнец нашага горада. Праўда, зараз ён пражывае ў Гродне, але факт ёсць факт: свой шлях у вялікі спорт Дзмітрый пачынаў у адной секцыі па дзюдо і самба разам з Алегам Лук’яненкам. Смольскі таксама выступаў на казанскім турніры і разам з каманднай узнагародай заваяваў бронзавы медаль у сваёй вагавой катэгорыі. Так што мы маем усе падставы ганарыцца хойніцкай барцоўскай школай, якая ў чарговы раз падкрэсліла свой высокі спартыўны ўзровень.

На здымку: нацыянальная каманда Беларусі па карэшу (другі злева – Дзмітрый Смольскі, трэці – Алег Лук’яненка).


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *