Згодна з пратаколам даручэнняў


2 чэрвеня пад старшынствам намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкома П.А. Кірычэнкі адбылося пасяджэнне абласнога арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенню Дня беларускага пісьменства ў г. Хойнікі. Абмяркоўвалася пытанне выканання пратакола даручэнняў № 518 ад 5 сакавіка 2010 года намесніка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь У.М. Патупчыка, старшыні Нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенню свята. Вялася размова аб гатоўнасці аб’ектаў сацыяльнай сферы.

Старшыня раённага выканаўчага камітэта А.В. Бічан праінфармаваў прысутных, што работы на самым галоўных з іх – будынку былой панскай сядзібы праводзяцца па графіку, аднак хвалюе напаўняльнасць залаў экспанатамі. Патрэбна дапамога ў набыцці камплекта музычнай апаратуры для агучвання на адкрытым паветры, а таксама ў рамонце аб’ектаў сацкультбыту аграгарадка Глінішча, у прыватнасці, Дома-музея беларускага пісьменніка І.П. Мележа і мясцовага сельскага Дома культуры. Кіраўнік раёна адзначыў спонсарскую дапамогу калектыву РУП “Беларуснафта” ў прадастаўленні грашовых сродкаў для выдання фальклорна-этнаграфічнага зборніка, прысвечанага культурным традыцыям і народным абрадам Хойніцкага раёна. Было таксама паведамлена аб тым, што з мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам узгоднены маршрут па гарадах і раёнах Беларусі рэспубліканскай навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святыняў”, завяршаючы этап якой адбудзецца ў г. Хойнікі 4 верасня.

Скурпулёзна, дэталёва абмяркоўвалі ўдзельнікі пасяджэння – прадстаўнікі ўпраўленняў і служб Гомельскага аблвыканкома, кіраўнікі служб сацкультбыту раёна — пратакол даручэнняў старшыні Нацыянальнага арганізацыйнага камітэта У.М. Патупчыка па падрыхтоўцы і правядзенню Дня беларускага пісьменства, сярод асноўных пазіцый якога  не толькі рэканструкцыя  адпаведных аб’ектаў, але і сцэнарый правядзення свята, праца культурных і гандлёвых пляцовак, выпуск спецыяльнай паштовай прадукцыі, арганізацыя конкурсаў, выставак, шматлікіх творчых сустрэч і інш. Каб лягчэй было весці далейшую работу, стараліся не ўпускаць і дробязі.

На заканчэнне мерапрыемства ўдзельнікі пасяджэння пабывалі ў гарадскім парку, пазнаёміліся з ходам работ, якія тут праводзяцца да свята беларускага пісьменства.


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *