Школьнікам аб электрабяспецы

Законнасць і парадак

Аб тым, якую небяспеку ўяўляе электрычная энергія для чалавека, асабліва для дзяцей, пры парушэнні правіл электрабяспекі, можна пераканацца на наступных прыкладах.

15 красавіка сёлета ў г. Рэчыца адбыўся няшчасны выпадак з трыма  вучнямі СШ № 6, якія праніклі ў трансфарматарную будку: адзін з іх, наблізіўшыся на недапушчальную адлегласць да токавядучых частак, трапіў пад напружанне і атрымаў апёкі кісцей рук.

У маі  вучань Краснабярэжскай школы Жлобінскага раёна ў час гульні самавольна пранік у трансфарматарную падстанцыю. Пры набліжэнні да токавядучых частак пад напружаннем 10 кВ атрымаў тэрмічныя апёкі рознай ступені цяжкасці.

Няшчасны выпадак адбыўся і з вучнем школы г. Магілёва. Знаходзячыся на канікулах у дзядулі ў в. Моглышы Слуцкага раёна, зрабіў накід на правады ВЛ-10 кВ і, трапіўшы пад напружанне, атрымаў апёкі 80% цела.

Асабліва трывожная статыстыка электратраўматызму сярод дзяцей з-за пранікнення ў сілавыя шчыты і зборкі, трансфарматарныя падстанцыі і іншыя электрапамяшканні. Асаблівую актуальнасць праблема набывае ў перыяд школьных летніх канікул. У гэты час бацькі павінны кантраляваць паводзіны сваіх дзяцей.

У сувязі з наступленнем сезона аматарскай рыбнай лоўлі телескапічнымі вудачкамі і спінінгамі неабходна захоўваць меры электрабяспекі пры знаходжанні паблізу паветранай лініі электраперадач. Летась у чэрвені пры набліжэнні вудзілішча на недапушчальна блізкую адлегласць да провада ВЛ-10 кВ атрымалі тэрмічныя апёкі рознай ступені цяжкасці тры маладыя чалавекі г. Мазыра.

Паражэнне электрычным токам можа ўзнікнуць і ад маланкі, якая ўяўляе сабой гіганцкі электрычны разрад ў атмасферы на працягу адной долі секунды. Паражаючыя фактары маланкі: электрычны ток, светлавая і гукавая энергія і ўдарная хваля.

Каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў ад уздзеяння электратоку, неабходна памятаць і выконваць элементарныя правілы электрабяспекі. Вось асноўныя з іх:

– не дапускайце свавольства з уключанымі ў сетку электрапрыборамі;

– не наладжвайце гульні, адпачынак і рыбную лоўлю паблізу ліній электраперадач;

– не ўзбірайцеся на апоры ліній электраперадачы;

– не карыстайцеся ўключанымі ў сетку пераноснымі лямпамі і бытавымі электрапрыборамі ў садах, агародах, сырых памяшканнях;

– не выкарыстоўвайце электрабытавыя прыборы, знаходзячыся ў ваннай, напоўненай вадой або з уключаным душам;

– не адкрывайце дзверы размеркавальных устройстваў у пад’ездах і падвалах жылых дамоў.

Асобна хачу звярнуцца да школьнікаў.

Рабяты! Вывучайце і строга захоўвайце правілы электрабяспекі, патрабуйце гэтага ад сваіх сяброў. Памятайце, што грэбаванне гэтымі правіламі можа прывесці да няшчаснага выпадку.


Д. ДРАКА,
дзяржаўны інспектар
райінспекцыі Энерганагляду.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *