Спецыялісты гарантуюць бяспеку


Шырокі рэзананс выклікала ў нашым грамадстве рашэнне беларускага Урада аб будаўніцтве ўласнай атамнай электрастанцыі ў г.п  Астравец. Гэтай тэме быў прысвечаны адзін з выпускаў тэлепраграмы “Выбар” на канале Агульнанацыянальнага тэлебачання. Трэба прызнаць, што па выніках галасавання тэлегледачоў большасць іх не паверыла ў абсалютную бяспеку атамных станцый. Такія настроі можна зразумець пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, якая стала адной з самых буйных тэхнагенных катастроф і прынесла столькі гора менавіта жыхарам Беларусі.

І ўсё ж эканамічныя рэаліі сённяшняга дня прымусілі паглядзець на ядзерную энергетыку пад іншым вуглом погляду. Гэтай тэме была прысвечана прэс-канферэнцыя для ідэалагічнага актыву Гомельскай вобласці, якая прайшла 26 мая ў Мазырскім гарадскім Доме культуры. Яе давалі спецыялісты ДУ “Дырэкцыя будаўніцтва атамнай станцыі” – намеснік галоўнага інжынера па падрыхтоўцы кадраў Уладзімір Дзмітрыевіч Горын і вядучы спецыяліст аддзела па падрыхтоўцы персаналу і ідэалагічнай рабоце Уладзімір Пятровіч Пятрушкевіч. Акрамя таго, аналагічныя сустрэчы атамшчыкаў прайшлі напярэдадні са студэнтамі і выкладчыкамі Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф. Скарыны, а таксама Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага універсітэта імя П.В. Сухога.

Як вынікае са сказанага на гэтых сустрэчах, сёння Рэспубліка Беларусь імпартуе каля 85 працэнтаў энергарэсурсаў. Практычна ўсе спажываемыя ў нашай краіне газ і нафта завозяцца з Расійскай Федэрацыі. Праўда, у апошні час дасягнуты дамоўленасці аб імпарце венесуэльскай нафты, аднак і яны канчаткова не здымаюць праблему энергазалежнасці, і на аплату імпартуемых энергарэсурсаў  выдаткоўваецца значная частка бюджэту краіны.

З другога боку, улічваючы сусветныя тэндэнцыі паскоранага развіцця ядзернай энергетыкі (зараз новыя атамныя станцыі праектуюцца і будуюцца ў ЗША, Францыі, Японіі, Германіі і Расіі), і ў нашай краіне было прынята рашэнне аб будаўніцтве ўласнай АЭС, увод у дзеянне якой дазволіць знізіць залежнасць ад імпарту энергарэсурсаў і забяспечыць эканоміку краіны адносна таннай электраэнергіяй.

На прэс-канферэнцыі таксама было падкрэслена, што ў наш час палітычных і эканамічных крызісаў, выкліканых недахопам энергетычных рэсурсаў, тэндэнцыі да няўхільнага пошуку і развіцця альтэрнатыўных крыніц энергіі, нельга выкарыстоўваць толькі цеплавыя і гідрастанцыі, якія працуюць на спальванні арганічнага паліва. Ядзернай энергетыцы ў гэтым працэсе належыць будучае. Сёння перад эканомікай краіны пастаўлена задача паспяхова рэалізаваць намечаныя планы развіцця айчыннай ядзернай энергетыкі, а гэта ў немалой ступені залежыць ад ступені разумення грамадствам неабходнасці такога развіцця і пазітыўных адносін да ядзернай энергетыкі.

 Пытанням бяспекі АЭС зараз, калі мы маем сумны чарнобыльскі вопыт, надаецца першаступеннае значэнне. І такую шматузроўневую сістэму бяспекі рэактараў спецыялісты-ядзершчыкі сёння нам гарантуюць. Па іх словах, на будучай беларускай АЭС будуць выкарыстоўвацца толькі самыя сучасныя рэактары апошняга пакалення з абсалютнымі гарантыямі бяспекі і надзейнасці.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *