За горадабудаўніцтва Мінска адказваюць і ўраджэнцы Хойнік

Асобы Хойнікшчыны

36059-01a2b664Мінск – горад дзівосны, архітэктура – выдатная. Ёсць заслуга ў гэтым і працоўных калектываў інстытутаў, якія займаюцца праектаваннем будынкаў і збудаванняў. На сумежнай тэрыторыі ў сталіцы нашай Радзімы працуюць дзве дзяржаўныя ўстановы, якія выконваюць адпаведныя функцыі. Адметна, што кіраўнікамі іх цяпер з’яўляюцца двое нашых землякоў, ураджэнцаў горада Хойнікі: дырэктар «БелНДІПгорадабудаўніцтва» Аляксандр Мікалаевіч Хіжняк і намеснік дырэктара ўнітарнага прадпрыемства «Мінскграда» Леанід Анатольевіч Добыш.

ДобышЛ.А. Добыш нарадзіўся 19 верасня 1958 года. Яго маці, Васіліна Конанаўна Назаранка, працавала настаўніцай у СШ №1 г. Хойнікі, выкладала беларускую мову і літаратуру, бацька, Анатолій Іванавіч Добыш, займаў кіраўніцкія пасады ў раёне, у прыватнасці, быў старшынёй моцнай на той час гаспадаркі – калгаса імя Калініна, а 30 гадоў да выхаду на пенсію працаваў дырэктарам кансервавага завода. Менавіта бацька аказаў вялікае ўздзеянне на фарміраванне асобы свайго сына. І ў самых цяжкіх сітуацыях сын у думках звяртаецца да свайго бацькі: як бы ён паступіў, і стараецца рабіць гэта таксама.

З дзіцячых захапленняў Леаніда на першым месцы быў футбол, практычна цэлыя летнія канікулы прысвячаў гэтаму занятку: разам са сваімі равеснікамі прыходзіў на стадыён з самай раніцы, чакалі, пакуль сыйдзе раса, каб мяч не намакаў, і гулялі на полі аж да святла вячэрніх ліхтароў. Другім захапленнем была рыбалка – з самаробнай вудай з алешыны крочыў ён з вуліцы Качаткова, дзе жыў, да канца Камунальнай, дзе размяшчаўся вадаём «Сушыцкае балота», або ішоў на вадаём «Дубраўкі», што на згібе вуліцы Пралетарская, за магазінам № 5 райпо. Нягледзячы на тое, што аднаму і другому захапленню аддавалася многа часу, гэта зусім не перашкаджала паспяваемасці ў школе – у класным журнале насупраць яго прозвішча былі толькі выдатныя і добрыя ацэнкі – першых было значна больш. Таму юнак без праблем паступіў у 1975 годзе, пасля заканчэння школы, у Беларускі політэхнічны інстытут на гідратэхнічны факультэт. Пасля заканчэння ВНУ, у якой мелася ваенная кафедра, Леанід Добыш два гады служыў афіцэрам на Украіне – на станцыі папярэджвання ракетнага нападзення. Пасля службы ў арміі Л.А. Добыш вярнуўся ў Мінск, спачатку на пасадзе інжынера працаваў на Мінскім трактарным заводзе, затым яму прапанавалі пасаду начальніка аддзела экалагічнай экспертызы ў гарадскім камітэце па экалогіі, а потым у Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь з’яўляўся начальнікам аддзела рэгулявання і выкарыстання прыродных рэсурсаў. Да гэтага некаторы час працаваў у БелНДІПгорадабудаўніцтва загадчыкам сектара прамысловай экалогіі.
З 2006 года яго працоўная кар’ера звязана з унітарным прадпрыемствам «Мінскграда», дзе з’яўляўся галоўным спецыялістам па экалогіі, затым чатыры гады займаў пасаду дырэктара, потым па стану здароўя, па асабістай просьбе, быў пераведзены намеснікам дырэктара гэтага прадпрыемства.

Унітарнае прадпрыемства «Мінскграда» – галоўная горадабудаўнічая арганізацыя беларускай сталіцы. Гарадское праектаванне, распрацоўка дакументацыі, рэканструкцыя цэнтра Мінска, водныя і ландшафтныя сістэмы – усё гэта профіль работы калектыву. Праектна-даследчая арганізацыя «Мінскграда» ўтварылася шляхам пераўтварэння з майстэрні генеральнага плана дзяржаўнага праектнага інстытута «Мінскпраект» у 1996 годзе. Зараз «Мінскграда» адказвае за забудову ў Мінску, а таксама ў межах патэнцыяльнай гарадской рысы. Перыяд работы арганізацыі – гэта сотні праектаў, якія добра ведаюць і любяць жыхары сталіцы, у іх ліку: генеральны план забудовы г. Мінска да 2003 года; жыллёвае будаўніцтва і спадарожная сацыяльная і транспартная інфраструктура Мінска на перыяд 2006-2010 і 2011-2015 гадоў; праектаванне гістарычнага цэнтра Мінска, а таксама Мінск-Сіці; лошыцкая водна-зялёная сістэма; праекты забудовы праспектаў Пераможцаў і Дзяржынскага; схема развіцця транспарту да 2020 года; схема аховы навакольнага асяроддзя горада Мінска і Мінскага раёна.
Асабліва ганарыцца Леанід Анатольевіч Добыш працай рук свайго калектыву, які працаваў над праектамі Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Музея Савіцкага ў Мінску.
Леанід Анатольевіч Добыш стварыў моцную сям’ю, у якой пануюць гармонія і ўзаемаразуменне. Са сваёй жонкай Таццянай, якая зараз працуе начальнікам аддзела ў бюро тэхнічнай інвентарызацыі Мінскай вобласці, яны разам вучыліся ў Беларускім політэхнічным інстытуце. Жывуць душа ў душу вось ужо 38 гадоў.
Па слядах бацькоў пайшоў сын Юрый, які таксама заканчваў БПІ і працуе намеснікам дырэктара па будаўніцтву фірмы «Пежо» ў Мінску. Дачка Кацярына заканчвала інстытут народнай гаспадаркі, са сваім будучым мужам, харватам па нацыянальнасці, пазнаёмілася ў турпаездцы, яе сям’я жыве ў горадзе Умак у Харватыі, займаецца турыстычным бізнесам. Шчаслівыя дзядуля і бабуля шчыра радуюцца тром сваім унукам (дзяўчынку назвалі Ляонай, хлопчыкаў – Міхаілам і Маркам) і вельмі цэняць знаходжанне з імі, выкройваючы час са свайго шчыльнага працоўнага графіку ў Мінску і пры выездзе за мяжу. Кожная з гэтых сустрэч пакідае незабыўны адбітак.

Хижняк А.Н.А.М. Хіжняк нарадзіўся 16 сакавіка 1978 года. Яго бацька, Мікалай Васільевіч, працаваў на хойніцкай чыгунцы, маці, Ірына Іванаўна, – эканамістам на торфабрыкетным заводзе «Хойніцкі». Жылі па вуліцы Міру насупраць гэтага прадпрыемства ў адным пад’ездзе з дзядулем і бабуляй па бацькоўскай лініі – яны дапамагалі ў доглядзе ўнукаў.
З дзяцінства ўзгадваюцца Аляксандру малыя архітэктурныя формы ў выглядзе дэльфінаў і дэкаратыўнага фантана каля канторы ТБЗ «Хойніцкі», якія вельмі ўпрыгожвалі прылягаючую тэрыторыю. Побач знаходзілася гароднінасховішча, належачае райпо, дзе гуляла зімой дзетвара, скатваючыся з гэтай рукатворнай горкі на санках.
Калі здарылася аварыя на ЧАЭС, Аляксандру было 8 гадоў, ён добра памятае, як кружылі над горадам верталёты, саму эвакуацыю – маці з ім і малодшай чатырохгадовай дачкой апынулася ў Смалявіцкім раёне. Там эвакуіраваных размяркоўвалі па кватэрах – сям’я Хіжняк трапіла да добрых і чулых гаспадароў. Крыху пазней пераехалі да мамінай сястры ў Віцебскую вобласць.
На пастаяннае месца жыхарства сям’я Хіжняк пераехала ў пасёлак Чысць Маладзечанскага раёна. У Хойніках Аляксандр закончыў тры класы СШ № 3 з адзнакай. Першай настаўніцай яго была Наталля Пятроўна Мішына, менавіта яна стварыла для свайго стараннага вучня падмурак для будучых навуковых дасягненняў (зараз А.М. Хіжняк рыхтуецца да абароны кандыдацкай дысертацыі па тэме «Кіраванне горадабудаўнічай дзейнасцю Рэспублікі Беларусь»). І сярэднюю школу ён закончыў з большасцю пяцёрак у атэстаце. Працоўны шлях пачаўся ў 2000 годзе пасля заканчэння з чырвоным дыпломам Беларускага камерцыйнага ўніверсітэта кіравання па спецыяльнасці «Правазнаўства». Працаваў у праектным інстытуце «Белгіпрааграхарчпрам», дзе прайшоў шлях ад вядучага да галоўнага юрысконсульта. Узначальваў прадстаўніцтва ў Расійскай Федэрацыі, у Белгарадзе. У 2006 годзе за добрасумленную працу і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці атрымаў Падзяку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Аналагічная ўзнагарода была атрымана А.М. Хіжняком і ў 2015 годзе, будучы дырэктарам «БелНДІПгорадабудаўніцтва». Назначэнню на гэтую высокую пасаду папярэднічала вучоба ў Акадэміі пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, якую закончыў з адзнакай. І ў гэтай праектнай установе Аляксандр Мікалаевіч прайшоў усе прыступкі працоўнай кар’еры: галоўны юрысконсульт, начальнік інфармацыйна-прававога аддзела, кіраўнік прадстаўніцтва ў Смаленскай вобласці.
Навукова-праектнае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «БелНДІПгорадабудаўніцтва» з’яўляецца галаўной тэрытарыяльнай праектнай арганізацыяй Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры Рэспублікі Беларусь па горадабудаўніцтву. Асноўныя напрамкі дзейнасці – навуковыя даследаванні ў галіне тэрытарыяльнага развіцця рэспублікі, рэгіёнаў; праектна-планіровачная горадабудаўнічая дакументацыя нацыянальнага, мясцовага ўзроўняў.
Прадпрыемства супрацоўнічае з арганізацыямі, якія займаюцца рэгіянальнымі даследаваннямі ў галіне эканомікі, экалогіі, горадабудаўніцтва, мае прафесіянальныя кантакты з даследчымі інстытутамі і праектнымі арганізацыямі, ажыццяўляе сумесныя праекты ў Венесуэле, Германіі, Латвіі, Літве, Нідэрландах, Польшчы, Расіі, Азербайджане, Малдове і інш. Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18.01. 2016 г. № 13 «Аб зацвярджэнні схем комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі абласцей і генеральных планаў гарадоў-спадарожнікаў» зацверджаны схемы комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі ўсіх шасці абласцей краіны, а таксама генеральныя планы гарадоў-спадарожнікаў Жабінкі, Скідзеля, Дзяржынска, Заслаўля, Лагойска, Рудзенска, Смалявіч і Фаніпаля. Іх распрацоўкай таксама займалася «БелНДІПгорадабудаўніцтва».
Выпадковая сустрэча на магілёўскай зямлі для Аляксандра Хіжняка паслужыла штуршком для стварэння сваёй сям’і – з жонкай Аленай Аляксандраўнай, якая працуе ў музейным сектары Палаца культуры прафсаюзаў г. Мінска, яны разам з 2001 года, выхоўваюць трох сыноў. Першынец Нікіта, 2002 года нараджэння, радуе бацькоў спартыўнымі дасягненнямі, з’яўляецца віцэ-чэмпіёнам свету па кантактнаму бою ў каратэ. Малодшы на тры гады Уладзіслаў таксама захапляецца гэтым відам спорту, перамагаў у спаборніцтвах рознага рангу – беларускіх і міжнародных еўрапейскага ўзроўню. Меншаму Максіму тры гадкі. Сам Аляксандр Мікалаевіч таксама ў школьны час сябраваў са спортам – займаўся грэка-рымскай барацьбой. Цяпер яго хобі ў вольны ад работы час – рыбалка.
Са сваёй малой радзімай А.М. Хіжняк сувязей не парывае: аказаў адчувальную дапамогу ў стварэнні генеральнага плана г. Хойнікі, неаднаразова прыязджаў сюды па роду службовай дзейнасці, а ў хуткім часе мяркуе з сям’ёй прыехаць, каб пазнаёміць дамачадцаў з самым прыгожым, на яго думку, куточкам роднай Беларусі.

Клаўдзія БОСАК.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *