Шкодна і небяспечна

Законнасць і парадак

Як вядома, з 1 красавіка па 1 кастрычніка ў нашай краіне абвешчаны пажаранебяспечны перыяд. У гэты час Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь забаронена раскладваць вогнішчы ў лясных масівах і на тарфяніках, лесапарках, паблізу будынкаў і збудаванняў, выпальваць смецце на тэрыторыі населеных пунктаў і каля вытворчых пабудоў, будаўнічых і іншых месц. У пераліку забароненых мерапрыемстваў ёсць і забарона прадпрыемствам, арганізацыям і фізічным асобам выпальвання сухой травы, пажніўных рэшткаў, саломы на палях, гаручых адходаў. Аднак, як сведчыць практыка, гэты пункт выконваецца не заўсёды.

А вось лічбы статыстыкі. Толькі за бягучы веснавы перыяд (па стану на 4 мая) у Беларусі адбылося 815 узгаранняў з-за выпальвання сухой травы, агульная плошча такіх пажараў заняла 425 гектараў. А ў Нясвіжскім раёне Мінскай вобласці, выпальваючы траву на прысядзібным участку, ад атрыманых апёкаў цела загінула пенсіянерка.

У Гомельскай вобласці па стану на пачатак мая ў выніку выпальвання травы, смецця і сухой расліннасці адбылося 18 пажараў. Агнём знішчана 12 гаспадарчых пабудоў (пашкоджана 9), 10 дамоў і 1 аўтамабіль, у лясах і на тарфяніках адбылося 92 узгарання на плошчы 49,23 гектара.

Не абышлося без здарэнняў і ў нашым раёне. 5 мая на тэрыторыі Тульгавіцкага лясніцтва ПДРЭЗ узнік пажар ад выпальвання травы, ад якога агнём была знішчана плошча больш за 15 гектараў. На жаль, вінаватых знайсці не ўдалося.

У нашым раёне травяныя палы тояць падвоеную небяспеку таму, што яны спрыяюць пераносу радыеактыўных элементаў на вялікія адлегласці.

Нагадваю, што ў адпаведнасці з артыкулам 15.57 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях выпальванне сухой расліннасці, траў на карню, а таксама ржышча і пажніўных рэшткаў на палях альбо непрыняцце мер па ліквідацыі палаў на зямельных участках караецца штрафам у памеры ад 10 да 40 базавых велічынь. Строга, але справядліва.


Я. КРАЎЧАНКА,
галоўны спецыяліст у Адміністрацыі зон
адсялення і адчужэння па Хойницкаму раёну.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *