Самыя моцныя і трапныя

Спорт

На стадыёне ДПТВ-183 прайшло першынство раёна па гіравому спорту і  стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі сярод калектываў фізічнай культуры прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна ў межах праграмы другой круглагадовай спартакіяды, прысвечанай “Году якасці”. Дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства аказалі ДТСААФ і ДПТВ-183.

У спаборніцтвах па гіравому спорту прынялі ўдзел 10 каманд. У агульнакамандным першынстве перамогу  атрымаў  аддзел адукацыі райвыканкома, на другім месцы – раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, на трэцім – ДЭУ-45.

У асабістым заліку  ў вазе  да 70 кг перамог Сяргей Лапуста з тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, другім стаў  Алег Карась (РАНС), трэцім – Віктар Найдзенка (ПМС). Ігар Журо быў лепшым у вагавой катэгорыі да 90 кг, другім стаў Аляксандр Навіцкі ( аддзел адукацыі), трэцім – Сяргей Пінчук (РАНС). Сярод цяжкавагавікоў (звыш 90 кг) на п’едэстал гонару ўзняліся Юрый Полазаў (ДЭУ-45), Андрэй Харэцкі (ДПТВ-183) і Аляксандр Казько (ПДРЭЗ).

У спаборніцтвах па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі ўдзельнічалі 13 каманд.  Лепшымі сталі калектывы цэнтральнай раённай бальніцы, раённага выканаўчага камітэта і лясгаса.

Сярод мужчын лепшы вынік паказаў Павел Арцем’еў (ЦРБ), другі – Мікалай Раманенка (райвыканком), трэці – Васілій Рэдзькін (ДПТВ-183).

А прыгожая палова чалавецтва ў гэтых спаборніцтвах не проста выступіла на роўных з мужчынамі, але і пераўзышла іх: два выніковыя стрэлы ў “дзесятку” на рахунку менавіта жанчын. Гэта заняўшыя першае і другое месцы Алена Свірыдзецкая (ЦРБ) і Анастасія Назаранка (лясгас). Трэцяй  стала Людміла Ермакова (райвыканком).

Неабходна адзначыць, што спаборніцтвы прыцягнулі да сябе ўвагу і кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый раёна. У прызёры трапіў намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце ДПТВ-183 В. Рэдзькін. Дырэктар ПДРЭЗ П.М. Кудан заняў 12 месца сярод 21-го ўдзельніка ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. Вызначыўся інжынер па знешнеэканамічнай дзейнасці Хойніцкага лясгаса  А. Шпіль. Добры вынік паказалі таксама кіраўнікі аддзелаў раённага выканаўчага камітэта Л.В. Ермакова, М.В. Раманенка, А.М. Гарашчанка.

Пераможцы ў асабістым першынстве атрымалі Дыпломы адпаведных ступеняў ад раённага камітэта БРСМ і аддзела па справах моладзі райвыканкома. Аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкома падрыхтаваў Дыпломы ў камандным першынстве. Каманды-пераможцы атрымалі таксама каштоўныя падарункі.


Ірына НОВІКАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *