Аўтар «Слово о полку Игореве» — Баляслава


Самым вядомым помнікам літаратуры Кіеўскай Русі – калыскі трох вялікіх народаў: беларусаў, рускіх і ўкраінцаў – з’яўляецца “Слово о полку Ігореве”. Гэты твор вядомы нам толькі ў адзіным спісе, які быў выяўлены ў канцы ХVІІІ стагоддзя ў горадзе Яраслаўлі аматарам старажытнасцей А.І. Мусіным-Пушкіным. Са спіса была знята копія для Кацярыны ІІ. У час маскоўскага пажару згарэла бібліятэка Мусіна-Пушкіна, у тым ліку і рукапісны спіс “Слова” і большасць друкаваных экземпляраў яго. Такім чынам, да нашага часу твор дайшоў толькі ў першапачатковым друкаваным тэксце кацярынінскай копіі.

“Слово о полку Ігореве” ўзнікла на поўдні Русі ў канцы ХІІ стагоддзя (прыкладна 1185-1187 гг.) на аснове гістарычных падзей: барацьбы ўсходніх славян з полаўцамі. Паўднёварускія князі на чале з кіеўскім Святаславам Усеваладавічам у 1183 і 1184 гадах арганізавалі ўдалыя паходы супраць гэтых захопнікаў. Князь Ігар не змог прыняць удзел у паходзе 1184 г. з-за галалёду. Каб навярстаць упушчанае, а таксама здабыць славу пераможцы, у наступным годзе вясною Ігар вырашыў выступіць супраць аслабеўшых полаўцаў у адзіночку з невялікай дружынай северскіх князёў-родзічаў. Пасля першай пераможнай бітвы ў другой быў цалкам разгромлены ў нізоўях Дона. Гэтыя сумныя падзеі і з’явіліся штуршком да стварэння “Слова”, леглі ў аснову яго сюжэту.

Сэнс паэмы – заклік рускіх князёў да яднання. Аўтар жа яе доўгі час з’яўляўся невядомым. І вось 19 мая 2008 года рускі пісьменнік Юрый Збітнеў у Чарнігаве на сустрэчы з чытачамі зрабіў сенсацыйнае паведамленне: назваў імя аўтара “Слова о полку Ігореве” – княгіні Северскай зямлі. Яго адкрыццё – вынік шматгадовай карпатлівай працы.

Член саюза журналістаў Украіны Вольга Грынёва ўзяла інтэрв’ю ў пісьменніка, якое было апублікавана ў № 29 за 18 ліпеня 2008 года ў Чарнігаўскай газеце “Гарт”.

Якія ж довады прыводзіць Ю. Збітнеў?

Каб напісаць такі твор, княгіня павінна быць не толькі таленавітай, але і высокаадукаванай. Па-першае, у Кіеўскай Русі жанчыны былі свабоднымі і паважанымі. Не выпадкова ж заступніцай зямлі рускай была Багародзіца. Па-другое, яны былі адукаваныя не ў прыклад мужчынам. Хлопчыкаў у сем’ях князёў да 8 год выхоўвала і вучыла маці: пісьму, чытанню, лічэнню, Божаму слову. А для гэтага яна сама павінна была быць  адукаванай. У 8 год княжыча аддавалі “на мужчынскую палавіну”, ён праходзіў “постеги” – пасвячэнне ў князі, і асвойваў мужчынскія навукі: уменне кіраваць людзьмі, быць адважным воінам.

Адукацыя ж дзяўчынкі не перапынялася ў 8 год, а паглыблялася і расшыралася. Недзе ў гэтым узросце яе ўжо сваталі  і забіралі ў сям’ю будучага мужа, дзе яшчэ некалькі год да вяселля спасцігала яна ўсе пісьмовыя навукі. Займалася гэтым свякруха (свекровь) – “сведённая, пародненная кровь” (ад старажытнарускага “свековаться” – “породниться”) – зноў жанчына! Ды і потым, навучаючы ўжо сваіх дзяцей, жанчына працягвала ўдасканальвацца ў ведах. Гэта, аднак, не значыць, што на Русі не было высокаадукаваных мужчын. Але тое, што жанчына была больш адукаванай ва ўсёй народнай масе, – гэта факт.

Хто ж яна, гэтая вялікая руская жанчына, якая напісала паэму?

У старажытныя і сярэднія вякі аўтары часта засакрэчвалі сваё імя ў канцы твора, называючы сябе ў трэцяй асобе. У навуковым свеце такое называецца “сфрагида”. Есць яна і ў старажытным тэксце “Слова”:  “ … и ходына Святославля, пестворца стараго времени, Ярославля Ольгова коганя хоти”.

У розны час розныя даследчыкі рэканструявалі гэты радок па рознаму, вызначалі слова “ходыня”, як дзеяслоў з прыназоўнікам, прыслоўе, імя ўласнае. Але ніхто не звяртаў увагі на тое, што “ходына” – “Святославля” г.зн. жонка або дачка князя Святаслава. Яна ж яшчэ і “пестворца стараго времени”, што ў сучасным гучанні – “суть творящая старого времени”  – (песь – усё багацце, матэрыяльнае і духоўнае, якое мае чалавек) – “летописец”, “историк”  (а не “песнетворец”). Але і яна ж “Ярославля Ольгова коганя хоти” ўсімі даследчыкамі перакладалася, як абазначаючае ў цюрскіх мовах слова “князь”. Аднак гэтае славянскае слова было вядома на Русі са старажытнейшых часоў і захавалася ў сваім значэнні да гэтага часу: “коганя” – “дзіця”. Слова “хоти” азначае “любимая” (хоть – “хотеть”, “желать”, “любить”.

Атрымліваецца, яна яшчэ і Вольгі Яраслававай любімае дзіця.

Але ў нашай нацыянальнай гісторыі няма княгіні з іменем Ходына Святославля, затое ёсць дачка Святаслава Усеваладавіча, таго, які “обронил златое слово, со слезою смешанное” і аб якім з такой любоўю расказвае аўтар “Слова”. Звалі яе Баляслава.

Баляславу ў 1166 годзе бацька выдаў замуж за сына Галіцкага князя Яраслава, жонкай якога была Вольга, дачка Юрыя Далгарукага, – Вольга Яраслаўля або Яраславава Вольга. Такім чынам усё ў гэтым рэбусе разгадваецца: ёсць канкрэтныя гістарычныя асобы – Святаслаў Усеваладавіч – вялікі князь Кіеўскі, Яраслаў – князь Галіцкі, яго жонка – Вольга і яе любімае дзіця – Баляслава. Дык чаму ж яна называе сябе “ходыной” і чаму яна “любімае дзіця” Вольгі, хаця  і не была яе дачкой?

У Вольгі, жонкі Галіцкага князя Яраслава, было двое дзяцей – сын Уладзімір і дачка Ефрасіння. Пасля жаніцьбы сына Уладзіміра на Баляславе ён выдаў дачку Ефрасінню (у паэме яна Яраслаўна) за Ноўгарадскага князя Ігара (галоўнага героя паэмы). Вольга вельмі любіла сваіх дзяцей і растанне з дачкой пераносіла вельмі цяжка. Але ў яе сям’і з’явілася яшчэ адно дзіця – Баляслава, на якую яна пераносіць усю сваю нерастрачаную любоў мацярынскую. Баляслава для яе  “коганя хоти”.

Аднак не ўсё добра ў сям’і Галіцкага князя. Па натуры сваёй ён “осмомысл”, што ў народным разуменні – распуснік. Па летапісных звестках Яраслаў неаднаразова выганяў прэч жонку і сына з маладой яго жонкай, і яны цярпелі многа нягод. Але заган любоўнай лёгкадумнасці перадаўся і сыну Яраслава Уладзіміру, і ён, злыгаўшыся з нейкай папоўнай, назаўсёды адсылае ад сябе жонку Баляславу. Жонка пры жывым мужу, вернутая ў сям’ю бацькі, называлася “ходыной”. Гэта значыць, у перакладзе на сучасную мову, яе подпіс можна прачытаць так: “Адвергнутая жонка, дачка Святаслава, летапісца старога часу, Вольгі Яраслававай любімае дзіця”.

З нявесткай пашла і свякруха. І яны не развітваліся да самай смерці Вольгі  Юр’еўны. Лёс вялікай рускай жанчыны, яе творчасць прасочваецца ў старажытнарускіх летапісах. Што і зрабіў Юрый Збітнеў.

Баляслава нарадзілася ў Ноўгарадзе Северскім, магчыма, у годзе 1154-м. Сям’я яе бацькі тады жыла ў сям’і Святаслава Ольгавіча, у якога ў тым жа Ноўгарадзе Северскім нарадзіўся ў 1151 годзе сын Ігар. Не выключана, што трохгадовы хлопчык (дарэчы, дзядзька Баляславы) быў адным з першых яе нянек. У рускіх сем’ях ва ўсе вякі хлопчыкам было цікава няньчыцца з малодшанькімі, тым больш дзяўчынкамі. Так што раннія дзіцячыя гады Ігар і Баляслава праводзяць разам. Ен старэйшы, ён дзядзька, а таму ў душы дзяўчынкі з маленства нараджаецца любоў да свайго апякунка.

У 1164 годзе, валодаючы Чарнігавам, памірае бацька Ігара. Бацька Баляславы ў гэты час удзельны князь Ноўгарад-Северскі, і яму пасля смерці дзядзькі пераходзіць у валоданне Чарнігаў. У той час Баляславе 10 год, а яе “апякун” – трынаццацігадовы княжыч. І зноў яны разам, бо ўдава Святаслава Ольгавіча з сынамі Ігарам і Усеваладам (Усевалад таксама герой  “Слова  о полку Ігореве”) жыве там жа.

Магчыма, што выдатная ацэнка Курскага князя Буйтур-Усевалада і таксама несумненная любоў да яго – адтуль, з чарнігаўскага дзяцінства  Баляславы.

Якое дзіўнае перапляценне лёсаў чалавечых! Святаслаў Усеваладавіч аддае сваю дачку за сына Яраслава Галіцкага. Напэўна, адным з галоўных сватоў на вяселлі ў Баляславы быў Ігар, і, верагодна там ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Ефрасінняй (у “Слове” – Яраслаўнай) і просіць яе рукі. Князь Яраслаў аддае сваю дачку замуж за Ігара.

Цяпер яны звязаны адной сям’ёй. Вобраз  Яраслаўны адзін з самых жаноцкіх, самых лірычных у сусветнай літаратуры. Яна – яшчэ адзін герой паэмы з юнацтва аўтара “Слова о полку Ігореве”. Яраслаўна жыве ў родным горадзе Баляславы – Ноўгарадзе Северскім, Баляслава – у родным горадзе Ефрасінні – Галічы.

 Аб Галіцкім княстве і сталіцы яго. Бацька Яраслава Асмамысла аб’яднаў усе гарады і землі Чэрвеннай Русі – Бужскія і Валынскія – у адно самае буйнае ў Старажытнай Русі княства. І ў канцы свайго жыцця аб’явіў яго незалежным ад Кіеўскай Русі.

У палацах князя збіраліся з усяго свету мудрацы – тагачасныя вучоныя, мастакі, паэты, пісьменнікі. Ужо добра адукаваная дзяўчынка расшырала свой кругагляд і атрымала, як бы цяпер сказалі, еўрапейскую адукацыю. Да таго ж ужо з маленства ў яе вызначыўся талент летапісца. Несумненна, маладая галіцкая княгіня вяла сваю сямейную хроніку. Ва ўсякім выпадку Ю.Збітнеў даказвае, што яе почырк можна прасачыць ад малых сямейных драм і трагедый – да “Повести об убиении благоверного князя Андрея Боголюбского”. Гэтай аповесці таксама прысвечана многа глыбокіх даследаванняў, і тут таксама многія шукаюць аўтара і не знаходзяць. А сведкамі забойства, перакананы Ю. Збітнеў, былі дзве княгіні – Вольга і яе дачка Баляслава. Ці не дзіўна гэта? А яшчэ больш дзіўна, што ў старажытнарускіх мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу ёсць іх партрэты.


Падрыхтаваў Уладзімір ДАЛГАЛЫЧАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *