Расцвітае на вачах Берагавога


Зараз з-за рамонту дарожнага палатна ўвесь транспартны паток паміж старой часткай горада і мікрараёнам “Юбілейны” праходзіць па вуліцы Берагавога. Пры гэтым ёсць магчымасць ацаніць непатрабавальнае зачараванне гэтай па сутнасці ўскраіннай вуліцы горада. Памятаеце, як у песні Антонава: “А мне милей не главные, милей одноэтажные…”. Так і на гэтай дагледжанай вуліцы, якая носіць назву аднаго з першых касманаўтаў, адчуваеш з якой любоўю адносяцца да яе жыхары. Дамы тут і цагляныя, і драўляныя, у дварах пракладзены бетонныя, асфальтавыя альбо пакрытыя пліткай дарожкі. У многіх ёсць свае невялікія лазні, летнія домікі, альтанкі, абсталяваны месцы адпачынку. Устаноўленая з вуліцы агароджа дагледжаная, пафарбаваная. Аднак яднае жыхароў адно – мноства кветак і кустоўя ў дварах дамоў і на вулічных клумбах.


Напрыклад, дом № 106, у якім пражываюць Леанід Сцяпанавіч і Ванда Валянцінаўна Васілеўскія. Міжволі спынішся, калі праходзіш побач з высаджанай на вуліцы перад домам алеяй грэцкіх арэхаў. Дрэўцы, якім не болей 5-6 гадоў, радуюць вока густой і буйной лістотай і па ўсяму відаць, што ім тут забяспечаны належны догляд. А на клумбах у двары дома ўжо адцвілі півоні, на змену ім расцвітаюць ружы, ліліі, хутка прыйдзе час сальвій, астраў і хрызантэм.

Дагледжанасць, чысціня і парадак прапісаліся і на падвор’і дома № 102, у якім пражываюць пенсіянеры Любоў Фёдараўна (на здымку) і Уладзімір Дзмітрыевіч Марозавы. І тут у палісадніку і на клумбах у гародзе пышна квітнеюць сінія званочкі, барвовыя ружы, аранжавыя ліліі.

– Вось толькі зямлі ў нас малавата, – гаворыць гаспадыня Любоў Фёдараўна. – Разам з домам і пабудовамі ўсяго 9 сотак, а калі б было болей, тады б і кветак высаджвала намнога больш.

Акуратна і дагледжана ў двары дома № 96, у якім пражываюць Эдуард Канстанцінавіч Шаціла і Вольга Аляксандраўна Хароўская – тут кветкі расцвітаюць на зямлі і ў кашпо на сценах.

А вось дом № 86 вызначаецца дэкаратыўнай чугуннай агароджай і люстраным шклом на вокнах. І гэта не дзівацтва гаспадароў – Сяргея Мікалаевіча і Алы Аляксандраўны Малашкіных, а прыкмета іх добрага мастацкага густу.

Па-добраму пазайздросціш, наколькі ўсё зручна, функцыянальна і прыстасавана для жыцця ў двары домаўладання Алега Уладзіміравіча і Ганны Канстанцінаўны Машэўскіх (дом № 74): кветкі, парнічкі, дэкаратыўнае кустоўе, лазня, якую можна выкарыстоўваць у якасці летняга доміка, летні душ, цяністы сад.
Рэдкае дрэва туя расце ў двары дома № 50. Тут таксама пражываюць пенсіянеры Іван Сцяпанавіч Харытонаў і Яўгенія Васільеўна Здановіч. І каля гэтага падвор’я можна спыніцца і палюбавацца вулічнай клумбай з ліліямі, пеўнікамі, гваздзікамі і рамонкамі. Што ж датычыць туі, то каля сцяны дома падрастае маленькае шарападобнае дрэўца, а перад уваходам у веранду ўзвышаецца ўжо дарослая туя, сплеценая з некалькіх ствалоў.

Усе названыя ў гэтым матэрыяле людзі, як і многія іх суседзі, не чакаюць работнікаў камунгаса, дарожнікаў або нейкіх іншых добраўпарадкавальных служб, а наводзяць парадак каля сваіх дамоў уласнымі рукамі. Яны не імкнуцца да грамат, прэмій і ўзнагарод, а проста прывыклі жыць у прыгажосці, якая радуе не толькі саміх гаспадароў, але і ўсіх, каму давядзецца пабываць тут.

На супрацьлеглым баку вуліцы працягвае расці чарада дамоў для мнагадзетных сем’яў. Іх жыхары яшчэ толькі асвойваюць жыццёвую прастору вакол новабудоўляў. Хочацца верыць, што праз нейкі прамежак часу і гэтыя двары і прыдамавыя тэрыторыі таксама будуць радаваць дагледжанасцю і прыгажосцю. Ім і астатнім ёсць на каго раўняцца.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *