З міліцэйскай хронікі

Законнасць і парадак

ПАТРЭБНЫ ПАСЛУГІ ПАЛІГРАФА ШАРЫКАВА


Першы і трэці пад’езды дома   № 4 па вуліцы Жукава абсталяваны дамафонамі. Лесвічныя пляцоўкі там прыбраныя заўсёды, чаго не скажаш аб пад’ездзе другім – без дамафона. Жыхары яго звярнуліся ў міліцыю са скаргай на засілле тут катоў, ахайнасць якіх заключаецца толькі ў тым, каб умывацца лапкай.

Колькі жыхароў пад’езда і ўсяго дома не любіць гэтых жывёлін, пакуль высветліць не ўдалося. А тыя, хто любіць, павінны ведаць, што ёсць пэўныя правілы ўтрымання: забяры сабе ў кватэру бадзячага галоднага ката і песці яго, не стварай нязручнасцей суседзям. Мала таго што 15 жывёлін гэтых брудзяць на лесвічных пляцоўках, поўсць сваю пакідаюць, дык і па начах ад іх спакою няма. У сакавіку само сабою, а зараз катоў ганяюць сабакі, якіх таксама ў горадзе многа. І такі вэрхал стаіць пад вокнамі дома, што не да сну і тым жыхарам, у пад’ездах якіх ёсць дамафоны. Шкада, што няма ў нас у горадзе Паліграфа Паліграфавіча Шарыкава, які толькі слана лічыў жывёлінай карыснай.


ЗНАЙШЛІ ПАД ПІЦЕРАМ


У жніўні 2008 года жыхар нашага горада Пеця К., 1974 года нараджэння, за злоснае ўхіленне ад выплаты аліментаў згодна з арт. 174 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь па прыгавору суда Хойніцкага раёна атрымаў 18 месяцаў выпраўленчых работ з утрыманнем 15 працэнтаў з заробку ў даход дзяржавы. Гэта  акрамя таго, што аліменты ўсё-такі трэба было плаціць.

Падаўся  хавацца на бязмежных прасторах СНД. Мужчына ён майстравы і са сваімі талентамі спадзяваўся знайсці працу у любым горадзе.

Прайшло амаль два гады, як “залёг” аліментшчык, знаходзіўся ў вышуку. Але ў выніку праводзімых аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікаў міліцыі месцазнаходжанне ўцекача стала вядома: за 1150 кіламетраў ад Хойнік, у г. Атрадным Ленінградскай вобласці. Асаблівых ўражанняў супрацоўнікі аддзела пры паездцы туды не прывезлі, хіба толькі тое, што ў райаддзеле Атраднага з 22 участковых міліцыянераў – 21 жанчына.

Дастаўлены Пятро на сваю малую радзіму, зараз у КПЗ чакае суда. За злоснае ўхіленне ад выпраўленчых работ магчыма максімальнае пакаранне па арт. 416 Крымінальнага кодэкса да 2 год абмежавання волі.


ПАПРАСІЎСЯ, КУДЫ НЕ ХАЦЕЎ


Яму за пяцьдзесят, ёй амаль у два разы менш. Але, як сказаў паэт, каханню ўсе ўзросты пакорныя. Сужыцельствавалі. Ды мусіць умяшаўся трэці лішні, і хойніцкі Атэла ў прыпадку рэўнасці не душыць стаў сваю Дэздэмону, а завёў у лес і стаў збіваць… малатком. Больш за 70 удараў нанёс па целу маладзіцы. Дзякуй Богу, не забіў.

Узбуджана крымінальная справа за пагрозу забойствам і катаванне. І так не хацеў, так баяўся  сядзець у камеры, што стаў “касіць пад дурня”. Даставілі ў раённую бальніцу, прышпілілі да ложка наручнікамі, кропельніцамі сталі выводзіць дурату. Вытрымаў пацыент з пятніцы да панядзелка. Пакурыць выйсці нельга, у туалет таксама – судно падстаўляюць. Сорам які! Адразу паразумнеў, прасіцца стаў, каб забралі ў КПЗ. Зараз чакае суда.


ПАДЛІЧЫЛА ЎПУШЧАНУЮ ВЫГАДУ


У адной з вёсак раёна ў гаспадыні прапалі качар і качка, якая сядзела на яйках. Хутчэй усяго імі паласавалася ўначы ліса. Аб сваім горы паведаміла жанчына ў дзяжурную часць раённага аддзела міліцыі. Выехалі, аформілі пратакол, у якім зафіксавана і ацэнка прапажы самой гаспадыняй. Кожнае яйка, а іх было 15, каштуе 7 тысяч, а качар і качка – па 40 тысяч.

– Гэта яшчэ дзёшава, – запэўніла жанчына. – З 15 яек вылупілася б 15 качанят, а на наступны год і яны б далі прыбаўленне, а ў наступны… Качар жа і качка былі вялікія, можа, кілаграмаў па пяць… Вось што значыць сваё!


С. БАРЫСЕНКА,
в.а. начальніка раённага
аддзела ўнутраных спраў
райвыканкома.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *