Каму шлях у юрысты заказаны

Законнасць і парадак

“Прафілактыка і прадухіленне карупцыйных злачынстваў” – такой была тэма сустрэчы прадстаўнікоў праваахоўных органаў з кіраўнікамі і галоўнымі спецыялістамі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, якая прайшла ў раённым Савеце дэпутатаў.

Неабходнасць такога мерапрыемства падказала само жыццё: колькасць карупцыйных злачынстваў у раёне не змяншаецца, што пацвердзіла выступленне пракурора раёна В.І. Весялоўскага. У ім былі агучаны наступныя лічбы: за перыяд са студзеня па май 2010 года ў раёне зарэгістравана 21 карупцыйнае злачынства, з якіх 3 цяжкія, 8 крадзяжоў, звязаных са злоўжываннем службовым становішчам. Фігурантамі гэтых злачынстваў сталі 19 асоб, з якіх 16 пасадавых. Больш за ўсё карупцыйных злачынстваў зарэгістравана ў сферах гандлю (8), сельскай гаспадаркі (6) і будаўніцтва (5).

Асноўнымі прычынамі і ўмовамі здзяйснення карупцыйных злачынстваў названы адсутнасць або неналежны кантроль з боку кіраўнікоў за фінансавай дзейнасцю прадпрыемстваў і арганізацый, няведанне заканадаўства, няправільны падбор і расстаноўка кадраў. У выступленні В.І. Весялоўскага дадзены тлумачэнні паняцця карупцыйнага злачынства, названы яго віды (крадзяжы шляхам злоўжывання службовым становішчам, службовы падлог, перавышэнне ўлады, дача і атрыманне хабару, незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць і інш.) і меры пакарання. Цікавай была інфармацыя аб тым, што чалавек, які здзейсніў карупцыйнае злачынства, незалежна ад меры пакарання (нават умоўнай) заносіцца ў адзіны рэспубліканскі банк даных, звесткі ў якім захоўваюцца не менш 10 гадоў. Таму вінаваты на працягу ўказанага тэрміну не мае права займаць пасады, звязаныя з матэрыяльнай адказнасцю. Больш таго, за гэты час яго дзеці не будуць мець права паступаць у ВНУ на юрыдычныя спецыяльнасці. Вось так, нават проста няправільна складзены (свядома або не) бухгалтарскі баланс можа адбіцца на будучым выпускнікоў школ.

Тэме карупцыйных злачынстваў на прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу было прысвечана выступленне начальніка Рэчыцкага міжраённага аддзела фінансавых расследаванняў М.Г. Майсеенкі. Ен адзначыў, што па выніках праверак фінансавай дзейнасці сельгаспрадпрыемстваў Хойніцкага раёна зарэгістраваны шэраг парушэнняў. Звязаны яны, у большасці выпадкаў, з няведаннем Закона Рэспублікі Беларусь “Аб бухгалтарскім уліку і справаздачнасці ў Рэспубліцы Беларусь” – асноўнага фінансавага дакумента, якім павінны кіравацца ў сваёй дзейнасці ўсе бухгалтарскія работнікі.  У выступленні Мікалая Гаўрылавіча былі прыведзены і канкрэтныя прыклады парушэнняў.

Выконваючы абавязкі начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў С.А. Барысенка адзначыў, што работа па расследаванню карупцыйных злачынстваў у Хойніцкім РАУС вядзецца пастаянна і дзейсна. Сяргей Анатольевіч таксама агучыў інфармацыю аб тым, што ўжо выяўлены выпадкі крадзяжоў будаўнічых  і спадарожных матэрыялаў у арганізацыях, якія займаюцца будаўнічымі работамі па праграме падрыхтоўкі да правядзення ў нашым горадзе Дня беларускага пісьменства. Усім гэтым дзеянням будзе дадзена належная прававая ацэнка.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *