Не дрэмле палачка Коха

Медыцына і здароўе

Праблема туберкулёзу вельмі актуальная для Хойніцкага раёна. Ні ад адной інфекцыі не памірае столькі людзей, колькі ад туберкулёзу. Яго ўзбуджальнік – палачка Коха – перадаецца паветрана-кропельным шляхам. Адзін хворы “ўзнагароджвае” мікрабактэрыямі каля 20 здаровых людзей. Прычым асабісты кантакт з носьбітам інфекцыі не абавязковы. “Падхапіць” палачку Коха можна і ў прэстыжным рэстаране, калі, напрыклад, выпіць каву з дрэнна вымытага кубка. Або ў дарагім магазіне, калі падфарбаваць вусны пробнікам памады, які да гэтага выкарыстоўвала хворая на туберкулёз.

Туберкулёз устойлівы да холаду, цяпла, вільгаці і святла. Баіцца палачка Коха прамых сонечных промняў – гіне праз 2-6 гадзін, пры павышэнні тэмпературы да +85 – праз паўгадзіны.

Асноўныя сімптомы захворвання: рэзкая страта вагі (5–10 і больш кг); слабасць, патлівасць (асабліва па начах); зніжэнне працаздольнасці, адсутнасць апетыту; магчыма павышэнне тэмпературы цела да 37-38 градусаў (часцей да вечара).

Туберкулёз каварны! На ранняй стадыі захворвання ў “навабранцаў” няма ні кашлю, ні тэмпературы, ні іншых праяўленняў хваробы. Толькі пры далейшым развіцці захворвання з’яўляюцца моцныя болі ў грудной клетцы і кашаль, а на позніх стадыях – крывахарканне.

Асноўны метад лячэння – хіміятэрапія. Лячэнне працяглае – ад 6 месяцаў да 2 гадоў. Праводзіцца адначасова 4-5 відамі супрацьтуберкулёзных прэпаратаў. Галоўныя прынцыпы лячэння – кантроль і бесперапыннасць.

Ва ўсе часы і для прафілактыкі, і для лячэння туберкулёзу выкарыстоўваюць прадукты, багатыя бялком (мяса, тварог, яйкі), жывёльныя тлушчы (сметанковае масла) і вітаміны (садавіна і агародніна).

Штогадовае флюараграфічнае абследаванне дазваляе выявіць туберкулёз на ранняй стадыі. Кожны жыхар раёна пры наяўнасці пашпарта павінен звяртацца ў кабінет флюараграфіі ЦРБ. Працуе ён з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 18.00.


А. КАВАЛЕВА, фельчар-валеолаг ЦРБ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *