Школьны лагер — на карысць


З мэтай аздараўлення і адпачынку вучняў на тэрыторыі раёна ў першы летні месяц працуюць школьныя лагеры. Сёлета 385 школьнікаў раёна з карысцю праводзяць там вольны час. Лагерная змена працуе тры з паловай тыдні.

45 вучняў з першага па восьмы клас наведваюць школьны лагер у сярэдняй школе № 2. У тым ліку  вучні, якія знаходзяцца на ўнутрышкольным кантролі, а таксама ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Менавіта іх бацькоў адміністрацыя школы пераконвала ў першую чаргу, каб наведванне лагера іх дзецьмі было абавязковым.  

Начальнікам лагера працуе выхавальніца групы падоўжанага дня Ала Сцяпанаўна Шараева. Кожны дзень праходзіць згодна з планам, у якім абавязкова прадугледжаны зарадка і дзённы сон. Важнае месца займаюць спартыўныя мерапрыемствы.

Першы тыдзень прайшоў пад назвай “Здароўе”. Ен быў насычаны разнастайнымі конкурснымі праграмамі, гульнямі, віктарынамі, працаваў гурток шахмат і шашак. Заняткі другога “Са спортам дружыць – здаровым быць!” заўсёды праходзілі на свежым паветры. Дзеці з вялікім задавальненнем гулялі ў футбол, дартс, кеглі, малявалі на асфальце. Вельмі насычаны  бягучы тыдзень – “Весялосці час”. Рабяты прымуць удзел у мерапрыемствах пад назвамі “Дзень гумару”, “Карнавальны дзень”, “Дзень банціка”.

Апошні тыдзень работы лагера “Без працы – нікуды” плануецца завяршыць аперацыяй “Чысты двор”, дыскатэкай і ўрачыстай лінейкай.

У распараджэнні рабят “Пакой здароўя”, дзе яны ў спякотнае надвор’е глядзяць тэлевізар, чытаюць, гуляюць у настольныя гульні. Арганізавана двухразовае збалансаванае, вітамінізаванае харчаванне, у рацыёне свежыя фрукты, разнастайныя салаты, сокі.

 Падводзячы вынік, можна зазначыць, што работа школьных лагераў накіравана на творчае развіццё і адпачынак, пазнавальную актыўнасць выхаванцаў, садзейнічае аздараўленню вучняў.


Алены СМУСЯНОК.
На здымку: працуе школьны лагер у СШ № 2 г. Хойнікі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *