Пацвярджэнне ісціны


Напэўна, такім і павінен быць медыцынскі работнік – добразычлівым, ветлівым, прыемным у зносінах чалавекам, як дэзінфектар цэнтральнай раённай бальніцы Любоў Міхайлаўна Шыпілава. На гэтай пасадзе яна працуе з 1987 года, калі сям’я пераехала з Гомеля ў наш райцэнтр.

Многія здзіўляліся такому рашэнню, ды яшчэ ў той час, калі міграцыйны паток  меў зусім іншую накіраванасць: людзі пакідалі радыяцыйна забруджаныя тэрыторыі. А вось Шыпілавых радыяцыя не напужала. Па прыездзе ў Хойнікі адразу атрымалі кватэру, Любоў Міхайлаўна пайшла працаваць у бальніцу, а яе муж Алег Аляксеевіч уладкаваўся ў ПМК. З цягам часу абвыклі, абжыліся перасяленцы з абласнога цэнтра ў Хойніках і зараз нават не ўяўляюць сабе іншага лёсу, іншага развіцця падзей за гэтыя два дзесяцігоддзі.

Работа дэзінфектара вельмі патрэбная і адказная ў галіне медыцыны. У абавязкі Любові Міхайлаўны ўваходзіць утылізацыя выкарыстаных шпрыцоў, гумавых пальчатак, кропельніц і іншых штучных матэрыялаў. Усе яны спачатку змяшчаюцца ў поліэтыленавыя пакеты, потым загружаюцца ў металічныя медыцынскія біксы, якія апускаюцца ў аўтаклаў. Там вытрымліваюцца паўгадзіны пры тэмпературы 132 градусы і ціску ў дзве атмасферы. У выніку ўся загрузка сплаўляецца ў адзіны пластыкавы камяк, які потым адпраўляецца на перапрацоўку на спецыялізаваны завод у Лагойску. Адтуль жа бальніца атрымлівае пластыкавыя вёдры, тазікі, ванначкі і інш.

Яшчэ адным з абавязкаў дэзінфектара з’яўляюцца дэзінфекцыйныя апрацоўкі коўдраў, матрацаў і падушак – таксама справа вельмі патрэбная і адказная.

– 23 гады адпрацавала і не заўважыла, – гаворыць Любоў Міхайлаўна. – Быццам зусім нядаўна прыйшла ў дэзінфекцыйнае памяшканне.

– Гэта таму, што прывыкла ты да работы і душа да яе ляжыць, – уступае ў размову Алег Аляксеевіч.

Жанчына ўсміхаецца і пагаджаецца са словамі мужа. І сапраўды, прызвычаілася, прыкіпела яна да сваёй, хаця і шкоднай па працоўнаму статусу, але такой патрэбнай для бальніцы і хворых работы.

У калектыве райбальніцы Л.М. Шыпілава на самым добрым рахунку. Гэта пацвярджаюць шматлікія граматы і падзякі, а сёлета яна стала ўдзельнікам раённага злёту перадавікоў народнай гаспадаркі раёна. На гэтым свяце лепшых яна атрымала Падзяку райвыканкома і каштоўны падарунак за шматгадовую і бездакорную працу.

Задаволены адносінамі да работы Л.М. Шыпілавай галоўны ўрач райбальніцы Ю.Г. Васілевіч і яе непасрэдны начальнік – старшая медсястра М.А. Шаўчэнка.

Няхітрая жыццёвая ісціна: калі чалавек любіць сваю работу, перажывае за яе ўсёй душой, то і справы ў яго спорацца, і павага з боку калег не прымусіць сябе доўга чакаць. Пацвярджэннем гэтай ісціны з’яўляецца прыклад Любові Міхайлаўны Шыпілавай.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *