Стаўка — на маладых спецыялістаў


У час выпускнога балю-2010 дырэктар ДРУП “Хойніцкі завод гідраапаратуры” В.Я. Смальцар, віншуючы рабят з заканчэннем школы, запрасіў іх у будучым прыйсці працаваць на завод. Усім гарантаваліся добразычлівы прыём, дастойная заработная плата і, самае галоўнае, пражыванне ў інтэрнаце прадпрыемства.

І гэта не марныя словы. Зараз на заводзе гідраапаратуры працуюць 66 маладых людзей, што складае амаль палову ад агульнай колькасці рабочых, тры з якіх лічацца маладымі спецыялістамі.

Так, Сяргей Канунаў пасля заканчэння СШ № 4 паступіў на вучобу ў Гомельскі дзяржаўны політэхнічны каледж, дзе атрымаў спецыяльнасць маркетолага-эканаміста. Пасля армейскай службы ў 2006 годзе прыйшоў працаваць на завод гідраапаратуры на пасаду інжынера аддзела матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і збыту. З таго часу “дарос” да намесніка начальніка гэтага аддзела.

– Мая работа мне вельмі падабаецца, – адзначае малады спецыяліст. – На прадпрыемстве створаны ўсе ўмовы для працы і быту. Кіраўніцтва выдзеліла мне асобны добраўпарадкаваны пакой у інтэрнаце. Маё асабістае пажаданне – каб на завод прыходзіла працаваць больш маладых, актыўных людзей.

Аб Сяргеі Канунаве кіраўніцтва адгукваецца як аб дысцыплінаваным работніку, які заўсёды з адказнасцю ставіцца да даручанай справы. Акрамя гэтага прымае актыўны ўдзел у разнастайных мерапрыемствах, што праводзяцца як на заводзе, так і ў раёне. Пастаянна імкнецца павышаць свой прафесійны ўзровень: у гэтым годзе атрымаў дыплом аб заканчэнні Беларускага гандлёва-эканамічнага універсітэта спажывецкай кааперацыі.

Недарэмна гавораць, што будучае – за маладымі кадрамі, кваліфікаванымі, ініцыятыўнымі, адказнымі. Прыводзячы прыклад толькі аднаго маладога спецыяліста прадпрыемства, можна з упэўненасцю сказаць, што працаўнікам гэтай катэгорыі на заводзе надаецца асаблівая ўвага, робіцца ўсё, каб яны адчувалі сябе на сваім месцы і планавалі асабістае будучае непарыўна звязаным з гэтым прадпрыемствам.


Ірына НОВІКАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *