Пракладваюць шляхі да свята


5  верасня бягучага года ўсе дарогі будуць весці не ў Рым, а ў Хойнікі. Своеасаблівай чырвонай дарожкай для жаданых гасцей рассцілаецца новае асфальтнае покрыва па вуліцах горада і за яго межамі. Штодзень, нібы ў мурашніку, кіпіць работа: мяняецца дарожнае палатно, тратуарная плітка, бардзюрны камень.


Дарожнікі з многіх падраздзяленняў камунальнага праектнага рамонтна-будаўнічага унітарнага прадпрыемства “Гомельаблдарбуд” робяць вуліцы райцэнтра больш прывабнымі, але асаблівы поспех маюць, безумоўна, работнікі Хойніцкага ДЭУ-155. На будаўнічых работах з нашай дарожнай арганізацыі задзейнічана некалькі брыгад агульнай колькасцю больш за 60 чалавек. Гэта высокакваліфікаваныя і вопытныя машыністы, вадзіцелі, механізатары, якія самааддана працуюць над выкананнем пастаўленых задач.

Прама на вачах адметны глянец набылі вуліцы Берагавога, Паркавая, Чырвонаармейская, Пралетарская, Калініна, Сялянская, Партызанская і зав. Савецкі. Радуюць вока хайнічан тратуарныя дарожкі, пракладзеныя па вул. Калесніка.

Адметна, што работы паспяхова працягваюць набіраць размах. Да 5 верасня за кошт новых дарог зменяць сваё аблічча ў лепшы бок вуліцы Савецкая, К. Маркса, Прыазёрная, Кірава, Карася, Камсамольская і пад’езд да Пакроўскай царвы.

Трэба адзначыць, што хуткім тэмпам работы спрыяе новая спецтэхніка. З дапамогай галаўнога прадпрыемства набыты розныя машыны, у тым ліку высокапрадукцыйны нямецкі асфальтаўкладчык “Фогель”, а таксама некалькі каткоў і аўтамабіляў МАЗ айчыннай вытворчасці.

Такім чынам, крок за крокам пракладваюцца  шляхі да свята.


Наталля ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *