Па маршрутах патрулявання

Законнасць і парадак

Несанкцыяніраванае знаходжанне ў зоне адсялення і адчужэння на тэрыторыі ПДРЭЗ забаронена законам і караецца штрафам у памеры ад 10 да 30 базавых велічынь. Аб гэтым папярэджваюць спецыяльныя знакі з адпаведным надпісам, устаноўленыя па вонкаваму перыметру зоны. Аднак некаторых грамадзян штрафы не палохаюць, у чым давялося пераканацца, паўдзельнічаўшы ў патруляванні тэрыторыі зоны службай аховы ПДРЭЗ.

– Выпадкаў пранікнення ў зону зараз стала намнога менш, – гаворыць начальнік сектара аховы ПДРЭЗ А.С. Бондар. – Тым не менш, яны ёсць, і адна з задач нашай службы – недапушчэнне незаконнага знаходжання людзей у зоне.

Адной з праблем, паўстаючых перад службай аховы, з’яўляецца знішчэнне папераджальных знакаў.  Лічу, што робіцца гэта  з канкрэтнай мэтай: пры затрыманні парушальніка ён тлумачыць, маўляў, не ведаў, што трапіў у зону. Каб прадухіліць падобнае, у запаведніку пайшлі на расходы і ўстанавілі 2-метровыя бетонныя пліты з папераджальнымі надпісамі.  Але і іх ігнаруць несумленныя людзі.

Так, на пад’ездзе да ляснога масіву за вёскай Тунеўшчына заўважылі скутэр, вадзіцель якога, пабачыўшы патрульны УАЗік, пусціўся наўцёк, скінуўшы пры гэтым у лясным гушчары мех з лісічкамі. Вага трафею – прыблізна 10-15 кілаграмаў, і парушальнік мог бы атрымаць нядрэнны прыварак, рэалізаваўшы радыяцыйна забруджаныя грыбы прыватным нарыхтоўшчыкам.

Праехаўшыся па маршруце патрулявання, на ўгоддзях КУП “Аравічы” на пасевах кукурузы пабачылі вынікі работы дзікоў, якія знішчылі цэлыя палосы гэтай карыснай сельгаскультуры.

На мой погляд, разумней было б на мяжы з лесам размясціць своеасаблівую буферную зону – пасеяць шматгадовыя травы, альбо тое, на што не кідаюцца дзікі, напрыклад, рэдзьку, – гаворыць Аляксандр Сцяпанавіч.

Але ёсць і больш прыемнае для чалавека суседства.

– Аграномы сабраліся,– заўважыў вадзіцель машыны Віктар Юкко.

Зірнуўшы ў акенца, нават не зразумеў, аб кім ішла размова, бо людзей на пакосе не было відаць. І толькі потым дайшло, што на ўвазе маюцца буслы, чарада якіх важна і няспешна праходжвалася ўздоўж валкоў. Яны і сапраўды былі падобныя на аграномаў, якія аглядваюць свае ўгоддзі.


Віктар НАЗАРАНКА.
На здымку:
начальнік  сектара аховы ПДРЭЗ
 А.С. Бондар (у цэнтры),
 інспектары аховы В.І. Кулакоўскі (злева)
і В.Л. Міхедзенка (справа)
з канфіскаванымі лісічкамі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *