Патрабуе вырашэння


17 чэрвеня ў рамках адзінага дня інфармавання насельніцтва на тэму “Цвярозы лад жыцця – залог здароўя нацыі” адбылася сустрэча членаў інфармацыйна-прапагандысцкай групы райсавета дэпутатаў на чале са старшынёй райсавета Г.В. Бондар з жыхарамі вёскі Веляцін.

У мінулым годзе ў Беларусі памёрлі ад алкагалізму 25 тысяч чалавек – гэтая колькасць насельніцтва складае цэлы статыстычны раённы цэнтр. Менавіта па прычыне п’янства назіраецца рост захворванняў сістэмы кровазвароту ў людзей, павялічваецца вытворчы траўматызм. У наркалагічным кабінеце райбальніцы на дыспансерным уліку састаяць 572 чалавекі, з іх злоўжываюць алкаголем 138 жанчын, на прафілактычным уліку – адпаведна 115 мужчын і 26 жанчын. У полі зроку нарколагаў зараз знаходзяцца і 13 жыхароў вёскі Веляцін.

На вялікі жаль, ні адзін радок міліцэйскай статыстыкі не абышоў вёску Веляцін, а па некаторых, як напрыклад, самагонаварэнне, і як вынік, сямейныя скандалы, гэты населены пункт утрымлівае сумнае лідэрства.

Спецыяліст райсавета дэпутатаў Л.М. Марчанка падрабязна спынілася на дзейнасці органаў мясцовага самакіравання, зазначыўшы, што менавіта на іх будзе ўскладзена большая доля працы пры прыняцці Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па самаабкладанню насельніцтва – усе сродкі, якія будуць атрыманы, пойдуць на вырашэнне самых надзённых праблем вяскоўцаў і акумуліравацца будуць сабраныя грошы на месцах пад адказнасць упаўнаважаных.

Пытанні паступалі да прадстаўніка жылкамунгаса – хвалюе нерытмічнае водазабеспячэнне.

Галоўны інжынер ДП “Хойніцкі камунальнік” С.У. Несцярэнка адказаў: калі існуе парыў, то спецыялісты службы ўхіляць яго ў самы кароткі тэрмін, калі ж жыхары не плацяць за водазабеспячэнне – пытанне не будзе вырашана. І растлумачыў, што кожны год з жыхарамі сельскіх населеных пунктаў заключаюцца дагаворы на водазабеспячэнне, паслуга гэта платная, аднак цана яе зусім не высокая. Між тым, жыхары менавіта Паселіцкага сельскага Савета ўпарта не жадаюць заключаць гэтыя дагаворы. Наконт адсутнасці лазні было паведамлена, што ў Велеціне гэтая праблема будзе вырашана праз устаноўку вагона-сауны.

Абураліся прысутныя на сустрэчы веляцінцы рэжымам работы мясцовага ФАПа. Было растлумачана, што работнік  знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, яго абавязкі па 3 гадзіны ў дзень выконвае медык, які працуе ў Паселічах.

– Гэта непарадак, – сказала, падводзячы вынікі сустрэчы, старшыня райсавета дэпутатаў Г.В. Бондар. – Аднаму медыку фізічна немагчыма ажыццявіць сацыяльныя стандарты ў медыцынскім абслугоўванні жыхароў дзвюх вёсак, таму кіраўніцтву ЦРБ неабходна вырашыць гэта пытанне ў самы бліжэйшы час.


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *