Усё больш прыгажосці ў вёсках

Добраўпарадкаванне Культура

DSC_0113План мерапрыемстваў па правядзенню сёлета ў нашай краіне Года культуры закранае ўсе сферы дзейнасці: культуру вытворчасці і земляробства, культуру сямейных адносін і быту… Сёння звернем увагу на культуру добраўпарадкавання населеных пунктаў.
Відавочна, што культуру добраўпарадкавання варта фарміраваць. І, перш-наперш, дзеля гэтага трэба пазбавіцца ўтрымальніцкіх настрояў. На шчасце, усё больш жыхароў нашага раёна ўсведамляюць, што ніхто замест самога гаспадара не прывядзе да ладу старую агароджу яго дома, не пафарбуе яе. За гэта павінен адказваць сам домаўладальнік. І што мы бачым на самай справе?
Сёлета знешні выгляд вясковых вуліц з прыватнымі домаўладаннямі дае фору гарадскім. На вёсцы больш актыўна мяняюць старую драўляную агароджу на жалезабетонную або сучасны металапрофіль. Да таго ж, вяскоўцы клапоцяцца аб навядзенні парадку ва ўсім сваім населеным пункце і робяць гэта з дапамогай сродкаў самаабкладання. Іх, па даных раённага Савета дэпутатаў, усяго за 5 месяцаў сёлета сабрана 75 мільёнаў рублёў. Грошы накіроўваюцца на агароджванне сельскіх могілак, кашэнне травы.
У прыватным парадку самімі грамадзянамі ўстаноўлена 1256 пагонных метраў агароджы, адрамантавана яна каля 255 домаўладанняў, а пафарбавана 6848 пагонных метраў агароджы. Паляпшаецца знешні выгляд фасадаў дамоў. На вясковых вуліцах з’яўляецца ўсё больш малых архітэктурных форм – з пачатку года іх колькасць павялічылася на 23 адзінкі.

DSC_0036Зразумела, не ўсім па кішэні ўстанавіць агароджу з металапрофілю або іншага дорагакаштуючага матэрыялу. Гэта і не абавязкова. Галоўнае, каб выглядала культурна.
Да прыкладу, у Вялікім Боры ў большасці ставяцца драўляныя платы. Такі ўстанавіла на сваім участку па вул. Міру, 12 жыхарка аграгарадка, пенсіянерка С.М. Кот. Засталося толькі пафарбаваць.

DSC_0004А вось гаспадар дома № 18 па вул. 2-я Савічская  А.Р. Дашук ужо справіўся з гэтай задачай, выбраўшы для новай агароджы яркія чырвона-зялёныя фарбы.
DSC_0065А апякунская сям’я Дземідзенка ўстанавіла каля свайго дома па вул. Новая, 17а агароджу з металапрофілю і цагляных слупоў.

Спытаўшы ў старшыні Барысаўшчанскага сельвыканкама А.У. Сташкевіч, што сёлета змянілася ў добраўпарадкаванні вёсак на тэрыторыі сельсавета, толькі паспявала запісваць адрасы прыгажосці.
DSC_0053Дабавіў малых архітэ-ктурных форм каля свайго дома па вул. Дзядова жыхар в. Віць Пётр Судзенка. Каля раней устаноўленых ім пушкі і танка з’явіўся яшчэ і самаробны самалёт. Унутры яго майстар на ўсе рукі пасадзіў металічнага пілота ў шлеме. Судзячы па афарбоўцы, пяціканцовых зорках на фюзеляжы, жалезны аэраплан выраблены аўтарам да чарговай гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
DSC_0038У Пятра Судзенкі добрае пачуццё гумару. Выстаўку транспартных сродкаў каля свайго дома ён папоўніў жартоўнай драўлянай ступай, у якой гатова да палёту казачная Баба Яга разам з яшчэ адным казачным персанажам – дамавічком Кузям (здымак 4). Як і належыць, у руках Бабы Ягі – мятла, шмат іншых гумарыстычных дэталяў прыменена – упрыгожванне ў выглядзе ланцужка з медальёнчыкам, у якасці рыдыкюля – бідончык і інш. Акрамя таго, з вуліцы бачна, як гаспадар дома размаляваў дах гаспадарчай пабудовы, на ім быццам неба адлюстравана.
DSC_0116У Барысаўшчыне на цэнтральнай вуліцы Савецкай выдзяляюцца адноўленыя яркія агароджы дамоў №№ 11, 52, 95. Да таго ж, з дапамогай цікавых каляровых дуэтаў фарміруецца непаўторны выгляд гэтых домаўладанняў. Адметныя яны і арыгінальнымі лавачкамі, клумбамі, малымі архітэктурнымі формамі.

DSC_0133У Храпкаве адразу звяртае на сябе ўвагу дом № 4 па вул. Міру. Тут прыгожая металічная агароджа трымаецца на цагляным фундаменце і такіх жа слупах. І лавачка, як лялечка.
DSC_0076Людзі паўсюдна праяўляюць фантазію: слупы агароджы фарбуюць пад «бярозку», кветкі высаджваюць у чыгункі і адслужыўшыя аўтамабільныя шыны, як па вул. Рачной, 26а ў Барысаўшчыне.

Тэкст і фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *