Намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь У.М. Патупчык: «Мы павінны рабіць усё магчымае і немагчымае»


У мінулую пятніцу ў Хойніцкім райвыканкоме пад старшынствам намесніка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь У.М. Патупчыка адбылося другое пасяджэнне Нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенню   ў Хойніках Дня беларускага пісьменства. Удзел у ім прынялі міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь А.В. Праляскоўскі, старшыня Гомельскага аблвыканкома   А.С. Якабсон  і яго намеснікі П.А. Кірычэнка і У.Р. Надтачаеў.

Пасля азнаямлення на месцы з ходам падрыхтоўчых работ размову прадоўжылі ў актавай зале райвыканкома. Як адзначыў Уладзімір Мікалаевіч Патупчык, зроблена многае, але прадстаіць яшчэ больш. Дэталёва аналізуючы ход выканання кожнага пункта пратакола даручэнняў, асноўную ўвагу сканцэнтравалі на пытаннях, якія да гэтага часу не знайшлі вырашэння або маюцца пэўныя цяжкасці па іх выкананню. Гэта ў першую чаргу датычыла рамонту будынкаў падатковай інспекцыі і аддзела статыстыкі, насеннай інспекцыі, пракуратуры, Дзяржаўтаінспекцыі, бягучага рамонту рынку “Калгасны”, вызначэння крыніцы фінансавання для закладкі пладовага саду на землях КСУП імя Мележа, набыцця транспартнай адзінкі для АТУП-14.

Па словах старшыні райвыканкома А.В. Бічана, у ліку праблемных пазіцый рамонт будынка суда, сельскага Дома культуры ў аграгарадку Глінішча, прывядзенне ў парадак пад’язных дарог Рэчыцкага і Калінкавіцкага накірункаў, уключэнне ў гаспадарчы абарот былога будынка завода гідраапаратуры, які мяжуе з гарадскім паркам. Прычым хайнічане не сядзяць склаўшы рукі. Пацвярджэнне таму – праведзеныя два раённыя суботнікі, па выніках якіх на дабрачынны разліковы рахунак пералічана больш за 51 мільён рублёў. 

Ва ўсе складаныя пытанні ўнесена яснасць, у пратакол запісаны тэрміны і адказныя.

Работы на астатніх больш за 30 аб’ектах ідуць у межах графіка. Цэнтральную пляцоўку ў парку, дзе будуецца амфітэатр на 500 пасадачных месцаў, рэканструіруецца панская сядзіба, запланавана ўвесці ў строй да сярэдзіны жніўня. Дзеля азелянення сюды будуць прывезены з гадавальніка і высаджаны 200 дрэўцаў розных парод 5-гадовага ўзросту.

Як адзначыў У.М. Патупчык, у святкаванні Дня беларускага пісьменства плануецца ўдзел Прэзідэнта. А гэта накладвае асаблівы адбітак на ход падрыхтоўкі. “Мы павінны рабіць усё магчымае і немагчымае, з высокай якасцю, эфектыўна выкарыстоўваць і ўкладваць у інфраструктуру райцэнтра выдзеленыя немалыя грашовыя сродкі. У выніку чаго Хойнікі стануць утульным сучасным горадам, і галоўнае – у выйгрышы будуць і скажуць дзякуй людзі – яго жыхары”, – адзначыў Уладзімір Мікалаевіч.

Пытанні творчага характару па падрыхтоўцы рэспубліканскага свята запланавана абмеркаваць у рабочым парадку ў сярэдзіне ліпеня, апошняе пасяджэнне Нацыянальнага аргкамітэта пройдзе ў Хойніках у сярэдзіне жніўня.

Не адзін дзесятак мільярдаў рублёў, абласных і рэспубліканскіх сродкаў, будзе ўкладзены ў навядзенне парадку ў райцэнтры. А якая ж наша аддача, наш уклад, хойніцкі, у агульную скарбонку добрых спраў?

Свята і сустрэча гасцей – гэта не толькі наданне прыгожага твару Хойнікам. Мы, яго жыхары, павінны прыемна здзівіць сабраўшыхся, прадэманстраваць усё, на што здатныя, у першую чаргу, высокія паказчыкі ў працы. Па прыкладу таго, як пастараліся сельгасвытворцы раёна, калі летась на фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі Гомельшчыны “Дажынкі-2009” Хойнікшчына была прызнана пераможцай абласнога спаборніцтва па нарыхтоўцы травяных кармоў.

Сустрэча гасцей з Беларусі, замежных краін 5 верасня сёлета – вялікая адказнасць, гэта справа нашага гонару. Мы можам і павінны пакінуць аб сабе добрую славу!

На здымку: у час пасяджэння.


Ірына ЛУКАШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *