«Свята» падарыла свята

Образование

Сёлета ў Беларусі праводзіцца грамадска-культурная акцыя “Беларусь – гэта мы!” Галоўная задача гэтага буйнамаштабнага мерапрыемства – данесці да насельніцтва духоўна-маральныя каштоўнасці  сродкамі музычнай, спеўнай, харэаграфічнай культуры, закласці ідэалы любові, дабра, патрыятызму для маладога пакалення. А яшчэ паказаць усё лепшае, што ствараецца ў нашай роднай краіне. За гэтым, напэўна, крыецца галоўная глыбінная мэта – прадставіць на суд гледачоў высокапрафесіянальныя творы вядомых калектываў. Глядач, які жыве ў райцэнтры або невялікай вёсцы, неабыякава адносіцца да таго, якія словы і гукі “атакуюць” яго слых. Ен – слухач крытычны, умеючы цаніць нацыянальныя традыцыі беларускай песні і маючы свае прыярытэты.

Эмацыянальную аддачу такой нераўнадушнай публікі ў поўнай меры паспелі адчуць і ацаніць артысты Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі “Свята” ў час канцэртаў, з якім выступілі на Хойнікшчыне 28 чэрвеня ў рамках Усебеларускай акцыі.

На сустрэчу з імі ў глядзельную залу абноўленага цэнтра культуры і спорту “Меліяратар” прыйшло многа хайнічан: розных узростаў і прафесій, аб’яднаных любоўю і павагай да беларускай народнай творчасці.

На суд наведвальнікаў ансамбль “Свята” прадставіў спецыяльную праграму, складзеную з беларускіх песень, народных найгрышаў, жартоўных мініяцюр. Універсальнасць выканання можна аднесці да самых значных вартасцей ансамбля.

Але ўсё ж галоўнай тут была і застаецца беларуская народная песня. Гледачы шчыра апладзіравалі сталічным артыстам, якія выканалі песні “Цячэ вада ў ярок”, “Мамачка родная, пусці на сяло”, “Сонейка” і многія іншыя, што ўвайшлі ў залаты фонд беларускай мастацкай творчасці. Артысты паказалі не толькі песні, але і танцы, уключылі бытавыя дэталі, галасавы “лямант”, пастараліся надаць канцэрту народнае дыханне таксама праз фразы, характары, вобразы. І пры ўсім гэтым – не дапусціць сурагата ад мастацтва.

Канцэрт прайшоў на адным дыханні. У ім не было, як гэта традыцыйна ўсталявалася, прадстаўлення асобных нумароў, выканаўцаў называлі па ходу сцэнічнага дзейства, калі глядач мог ацаніць высокае выканаўчае майстэрства салістаў-вакалістаў: заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Марыі Маршак, Людмілы Кірыленка, Святланы Хвісевіч, Вячаслава Статкевіча, Васіля Сатварэннага. Віртуозна выконвалі музычнае  суправаджэнне: Таццяна Карабкова на скрыпцы, Алена Літаш на цымбалах, на баяне Сяргей Сарокін і мастацкі кіраўнік ансамбля Анатолій Кашталапаў, Дзмітрый Барсукоў на флейце, Дзмітрый Стрыж на бас-гітары. Шквал апладысментаў “сарваў” барабаншчык Андрэй Маханёк, іскрамётнымі танцамі парадавалі Вера Варашылава, Людміла Галавач, Андрэй Грыц.

Калі змоўклі апошнія акорды музыкі, гледачы, стоячы, не шкадуючы далоняў, наладзілі артыстам сапраўдную авацыю. Тыя ж, выйшаўшы на паклон, прыняўшы букеты жывых кветак ад удзячнай аўдыторыі, яшчэ выступілі на біс.

А потым на сцэну да артыстаў паднялася намеснік старшыні Хойніцкага раённага выканаўчага камітэта А.М. Іўкова, якая зачытала прывітальны адрас, у якім ад імя жыхароў Хойнікшчыны шчыра падзякавала калектыву ансамбля “Свята” за высокапрафесійнае майстэрства, за магчымасць датыкнуцца да свету нацыянальнага мастацтва, даслала цёплыя словы прызнання за захаванне і прымнажэнне народных традыцый, пажадала, каб яго творчая зорка яшчэ доўга ззяла на небасхіле беларускай культуры, а музыка натхняла гледачоў на здзяйсненне добрых спраў у імя росквіту нашай любімай Айчыны.

– Мы лічым за гонар паўдзельнічаць у акцыі “Беларусь – гэты мы!”, – адзначыў у інтэрв’ю мастацкі кіраўнік ансамбля “Свята” Анатолій Кашталапаў. – Перад прыездам у Хойнікі выступілі з канцэртамі ў Нароўлі, Мазыры, Калінкавічах. На Хойнікшчыне адчуваем шчыры глядацкі прыём  не ўпершыню – у 2006 годзе выступілі на сцэне дзіцячай школы мастацтваў у праграме мерапрыемства “Чарнобыльскі шлях – дарога жыцця”. На гэты ж раз былі вельмі ўражаны тым, як мяняецца аблічча Хойнік, і ганарымся тым, што менавіта вашаму гораду пашчасціла стаць сёлета сталіцай Дня беларускага пісьменства.

У гэты ж дзень ансамбль “Свята” выступіў перад жыхарамі вёскі “Барысаўшчына” ў мясцовым сельскім Доме культуры, дзе таксама атрымаў многа апладысментаў, кветак, пачуў словы ўдзячнасці ад старшыні Барысаўшчанскага сельвыканкома Веры Сцішанок.


На здымку:  ансамбль народнай музыкі “Свята”.


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *