Давала сілы вера ў Перамогу


Не раз задаваў сабе пытанне: што чалавеку для шчасця патрэбна? І заўсёды спыняўся на думцы, што вельмі мала і ў той жа час многа – мірнае неба над галавой. Усіх мужчын у нашай сям’і паліла полымя вайны. З першых дзён Вялікай Айчыннай пайшоў на фронт бацька Аляксандр Лаўрэнцьевіч. Старэйшы брат Фёдар загінуў у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, а брат Аляксандр хоць і вярнуўся да роднага дому, але таксама памёр. Міхаіл быў угнаны ў Нямеччыну. Яго таксама няма ўжо ў жывых.

Я ж, малодшы ў сям’і, трапіў у дзеючую армію пасля вызвалення нашага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Як абсалютнай большасці падлеткаў таго часу, мне здавалася, што не паспею ўзяць у рукі зброю, каб адпомсціць акупантам. Таму і прыпісаў сабе два гады ўзросту.

У вучэбным батальёне асвойваў сапёрную справу. Грунтоўна, хоць часу на падрыхтоўку было выдзелена мала. Гэта на полі бою не ведаеш, калі напаткае куля або разарвецца побач снарад ці граната. Жыццё ж сапёра ва ўласных руках. І памыляецца ён адзін толькі раз.

Я не памыліўся ні разу, калі ў атрадзе з 60 байцоў абясшкоджваў мінныя палі пад Смаленскам, а калі ўвайшлі ў вызвалены Мінск у ліпені 1944-га з атрада заставалася ўсяго 35 чалавек. Гэта былі байцы, якія маглі беспамылкова разабрацца з любымі пакінутымі немцамі “прынадамі”. Замініравалі фашысты Дом урада, Дом афіцэраў, оперны тэатр, той дом, дзе закончыў свой гауляйтарскі шлях Вільгельм Кубэ. Памятаю, праверылі мы і домік першага з’езда РСДРП. Задача ўскладнялася яшчэ і тым, што ў будынках хаваліся не паспеўшыя ўцячы немцы, магчыма, іх пакінулі спецыяльна смертнікамі. Так ці інакш, з баявым сябрам і земляком Лаўрусенкам натрапілі на такога. І лічаныя секунды была мяжа паміж жыццём і смерцю.

Потым ваяваў у 38-й дэсантнай гвардзейскай дывізіі, прымаў удзел у фарсіраванні Віслы, Дуная, вызваленні Бухарэста. Граміла ворага наша дывізія ў Аўстрыі. У Альпах быў паранены, а вестку аб заканчэнні вайны  сустрэў у Чэхаславакіі.

Было адчуванне вялікай урачыстасці. Учора яшчэ грымелі гарматы, гінулі сябры, а сёння – жарты-прыгаворкі. Як чалавек хутка прывыкае да міру, да цішыні!

 Мае франтавыя дарогі на гэтым не заканчваліся. У сярэдзіне чэрвеня 1945 года цягнік імчаў на Далёкі Усход.

Да роднага дому вярнуўся толькі ў 1948 годзе. Вучыўся ў Краснабярэжскім саўгасе-тэхнікуме, закончыў Мінскую вышэйшую партыйную школу. Працаваў інструктарам у райкоме партыі, выбіраўся старшынёй калгаса імя Кірава, быў сакратаром парткома, а ў пенсійным узросце працяглы час – брыгадзірам у калгасе “Бальшавік”.

Сёння цяжка ўявіць, як маглі мы перанесці ўсё тое, што ў сапраўднасці перажылі ў гады вайны. Гэта, здаецца, было вышэй фізічных сіл. Але выстаялі і перамаглі. Таму, што была вера ў сваю краіну, у сваю ўладу. Мы былі выхаванымі патрыётамі сваёй Айчыны.

Перамаглі ў вайне, а затым яшчэ раз, калі падымалі з руін скалечаную краіну, будавалі жыллё, расцілі дзяцей. Давялося і на схіле год  выпіць “белавежскую горкую”, калі агульны дом, які мы, франтавікі, баранілі ад ворага, расцягнулі па нацыянальных бярвеннях тры палітыкі. Адчай сціскаў сэрца, як некалі на фронце, а вось дрэнных думак ніколі не было. Мы ж ваявалі не за грошы, як зараз у Чачні. Мы жылі і жывём па нашых маральных мерках, бо шчыра шануем куток родны. І веру мелі зайздросную. Без веры жыць нельга. Хачу, каб нашчадкі нашы захавалі і пранеслі яе праз гады і стагоддзі. І тады нішто і ніхто не зломіць нашу родную Беларусь.


І. ГОРБАЧ,
ветэран вайны і працы, в. Веляцін.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *