Адкрыты для супрацоўніцтва


У рамках святкавання Дня Рэспублікі, 66-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прайшоў другі Хойніцкі эканамічны форум. Госці ўрачыстасцей мелі цудоўную магчымасць азнаёміцца ў фае ГЦКіС “Меліяратар” з эканамічным патэнцыялам раёна і на месцы атрымаць поўную інфармацыю аб найбольш цікавых і перспектыўных накірунках развіцця нашага рэгіёна: “Перапрацоўчая прамысловасць і сельская гаспадарка”, “Сфера паслуг” і “Знешнеэканамічнае супрацоўніцтва”.

Старшыня райвыканкома А.В. Бічан расказаў аб сукупнасці магчымасцей і ўмоў для вядзення тут бізнесу, аб устанаўленні новых дзелавых кантактаў, а таксама прыцягальнасці Хойнікшчыны з пункту гледжання канкурэнтаздольнасці выпускаемай прадукцыі, якая прадстаўлена 13 прамысловымі прадпрыемствамі. Летась у раёне выпушчана таварнай прадукцыі на 62 млрд. руб.

Раён валодае сучаснымі тэхналогіямі ў галіне лёгкай і харчовай прамысловасці. 50% аб’ёмаў прадукцыі пастаўляецца ў 16 краін свету, сярод якіх Расія, Германія, Польшча, Украіна, Літва, Кыргызстан, ЗША, Францыя.

У мінулым годзе аб’ём інвестыцый у асноўны капітал склаў 116,7 млрд. руб., што на 34,9% больш, чым за 2008-мы.

Хойніцкі эканамічны форум стаў ужо традыцыйным, аб чым сведчыць выданне бізнес-каталога, функцыяніраванне спецыялізаванага сайта.

Звяртаючыся да кіраўнікоў, галоўных спецыялістаў прадпрыемстваў, старшыня райвыканкома выказаў упэўненасць, што імі будзе актывізавана работа па мадэрнізацыі існуючых і стварэнню новых высокатэхналагічных вытворчасцей. У сучасных эканамічных умовах толькі арыентацыя на інавацыі можа забяспечыць стабільную і паспяховую работу кожнага суб’екта гаспадарання.

На здымках: госці форуму цікавяцца прадукцыяй хойніцкіх прадпрыемстваў.


Ірына ВАСІЛЬЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *