Сапраўдныя гаспадары


Публікацыя “Расцвітае на вачах Берагавога”, змешчаная ў № 47 “ХН” за 16 чэрвеня бягучага года, выклікала рэзананс у чытачоў нашай газеты. Адны заўважалі, што аўтар прапусціў некалькі таксама акуратных і па-гаспадарску аформленых домаўладанняў, другія наракалі на, быццам бы, тэндэнцыёзны падбор герояў публікацыі, трэція справядліва запытвалі, чаму па-за ўвагай засталіся жыхары “старой” часткі вуліцы.

З улікам усіх гэтых заўваг пабываў на вуліцы Берагавога яшчэ раз. У папярэдняй публікацыі жыхароў дома № 90 Э.К. Шацілу і В.А. Хароўскую ўспомніў толькі ў пераліку добраўпарадкаваных дамоў таму, што іх не было дома. На гэты раз пашчасціла больш і пераканаўся ў тым, якія прыгажосць, дагледжанасць і ўтульнасць пануюць тут. Перад брамкай нельга не заўважыць акуратна, па-англійску падстрыжаны газон з дарожкай з пліткі, ярка і з густам пафарбаваную агароджу. А зайшоўшы ў двор, міжволі залюбуешся такой жа плітачнай дарожкай, аздобленай алеяй барвовых лілей (на верхнім здымку справа). На ганку веранды звісаюць на ланцужках падвясныя вазоны. Куток адпачынку з шырокай, пафарбаванай у карычнева-белыя колеры лавачкай з двух бакоў упрыгожваюць вытанчаныя беласнежныя вазы з кветкамі. Усю гэтую прыгажосць гаспадары дома стварылі разам з дачкой Марынай, якая вучыцца ў Беларускім гандлёва-эканамічным універсітэце спажывецкай кааперацыі.

Жыве адна, але прымушае пазайздросціць яе працавітасці і акуратнасці, пенсіянерка Марыя Канстанцінаўна Далянчук: яе беленькі з сінімі вокнамі дом, палісаднік і двор таксама патанаюць у кветках. Высаджаны яны і на вуліцы перад плотам.

Вулічнымі клумбамі перад домам аздоблены і многія домаўладанні за перакрыжаваннем з вуліцай Мележа. Есць яны каля дамоў №№ 40 (яго гаспадыня Ганна Канстанцінаўна Пырко на верхнім здымку злева), 35, 33, 24, 15, 14, 9 і іншых, лічбы нумароў на якіх, на жаль, не знайшоў.

Можна толькі ўявіць, колькі працы і сіл каштавала адзінокай пенсіянерцы з дома № 24 Марыі Іванаўне Машэўскай для таго, каб аформіць у сваім домаўладанні кветкавую гаспадарку.

Пышна буяюць куставыя ружы на беласнежнай сцяне дома № 15, у якім пражываюць пенсіянерка Ніна Уладзіміраўна Курленка разам з дачкой Вольгай і зяцем Уладзімірам. Дарэчы, збудавала на слупе каля гэтага дома сваё няхітрае жыллё і сямейства буслоў.

Каля дома № 9, у якім пражываюць пенсіянеры Станіслаў Адамавіч і Марыя Піліпаўна Купрэйчыкі, прыцягвае ўвагу не толькі буяючая аранжавымі рамонкамі клумба, але і вырабленыя з лясных і акуратна ашкураных пянькоў стол і некалькі крэслаў вакол яго (ніжні здымак злева). Гэта задумка і справа рук дачкі Тамары Станіславаўны Кравец і яе мужа, якія, хаця і пражываюць у мікрараёне “Юбілейны”, але не забываюць бацькоў.
Новая агароджа каля дома №84
Лебедзямі на варотах, арыгінальна аформленай кнопкай званка на брамцы і выявай голуба на паштовай скрынцы прыцягвае да сябе дом насупраць (№ 14). Тут  пражывае былая настаўніца Яўгенія Васільеўна Гарох. Ей заўсёды дапамагаюць дзве дачкі (зараз яны жывуць у Мінску) і сын – жыхар расійскай сталіцы. Тут вялікае мноства самых розных кветак. Але асаблівасцю з’яўляецца штучны перасоўны басейн. Як жа заманліва выглядае яго чыстая і празрыстая вадзічка на фоне густога, абвіваючага ўваход у дом вінаграду – прыгажосць, ды і толькі.

Утульнасць гэтага дома і кулінарныя здольнасці яго гаспадыні па вартасці ацанілі госці з Германіі і Італіі. Яны часта прыязджаюць да Яўгеніі Васільеўны на некалькі дзён і не стамляюцца нахвальваць гасціннасць, чысціню і парадак у гэтым доме.

Не магу не перадаць адказным просьбу жыхароў вул. Берагавога – пракласці асфальт па ўсёй вуліцы. А яшчэ нязручнасці прыносіць няспраўнасць вулічнага асвятлення. Зараз яшчэ нічога, а вось восенню і зімой людзям дастаецца несалодка.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *