Відаць, лоб, што лапата, ды розуму небагата


Можна часта пачуць абурэнні жыхароў наконт нядобраўпарадкаванасці райцэнтра: “І там не дагледжана, і тое не так, і тут недапрацавалі…” А ці робім мы самі хоць што-небудзь дзеля таго, каб зрабіць наш горад больш утульным і прыгожым? Гэта ў большасці датычыць моладзі. Часам ад агульнай некультурнасці падлеткаў становіцца не па сабе.

Па крупінках, сваімі сіламі мы ствараем утульнасць у нашым агульным доме. Колькі старанняў прыкладаецца для таго, каб вырабіць і ўсталяваць тыя ж самыя урны і лавачкі, не кажучы ўжо пра матэрыяльныя затраты. Але знаходзяцца людзі, якія, не шкадуючы чужыя сілы, усё гэта знішчаюць. Шкада, што маладое пакаленне не цэніць нават тое, што робіцца менавіта для яго. Так, 25 чэрвеня ў адным з асноўных месц адпачынку моладзі – ГЦКіС “Меліяратар” было разбіта шкло дорагакаштуючага акна з ПВХ. У ходзе расследавання ўстаноўлена, што варварскі ўчынак – справа падлетка, які пражывае па вул. Лермантава райцэнтра. Відаць, лоб, што лапата, ды розуму небагата.

Згодна з арт. № 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь па гэтаму факту ўзбуджана крымінальная справа. Правапарушальніку пагражае пазбаўленне волі да 3 гадоў, пры гэтым пакрыццё матэрыяльнага ўрону абавязковае.

Праблема безгаспадарчасці асабліва актуальна цяпер, калі мы рыхтуемся да правядзення ў нашым горадзе Дня беларускага пісьменства. Многае ўжо зроблена, яшчэ больш работ прадбачыцца выканаць. Дык давайце не будзем сабе ж павялічваць аб’ёмы працы, захаваем і прымножым тое, што ў нас ужо ёсць!


Наталля ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *