За горад чысты і прыгожы Накіраваны прадпісанні


Для навядзення належнай чысціні і парадку ў райцэнтры нам яшчэ многае трэба зрабіць – такі вывад напрошваецца пасля апошніх праверак санітарнага стану тэрыторый г. Хойнікі.

Даўно ўжо і зусім немалую плошчу займаюць несанкцыяніраваныя смеццязвалкі ў канцы вул. Настаўніцкай і за лазняй № 1 па вул. Савецкай, сметнікі створаны на вуліцах Кашавога (паміж дамамі №№ 53-55 і каля дома № 6), Міру (уздоўж цеплатрасы за гаражамі і насупраць гаража № 582), уздоўж пад’езду і на тэрыторыях, прылягаючых да майстэрняў торфабрыкетнага завода, уздоўж пад’язной дарогі да аўтабазы райспажыўтаварыства.

Не абсталяваны так, як таго патрабуюць палажэнні дзеючага заканадаўства, кантэйнерныя пляцоўкі па вуліцы А. Кашавога, каля гарадскіх могілак і на тэрыторыі агародніннай базы Хойніцкага райспажыўтаварыства. На ўсіх іх кантэйнеры ўстаноўлены не на спецыяльных воданепранікальных пляцоўках, а прама на зямлі, на некаторых адсутнічае агароджа і амаль на ўсіх кантэйнерах няма накрывак.

Колькі не шукай, але не знойдзеш урн для смецця на разваротнай пляцоўцы гарадскога аўтобуса па вул. Калесніка, а калі на гэтым жа аўтобусе праехаць да прыпынку “Бальніца”, то воку адкрыюцца вельмі непрывабныя пейзажы па-за прыпыначным павільёнам і далей, каля каналізацыйна-помпавай станцыі па вул. Міру.

Не ўтрымліваецца ў чысціні забойная пляцоўка Хойніцкага райспажыўтаварыства, рамонту патрабуюць агароджы тэрыторый гандлёвай базы Брагінскага райспажыўтаварыства і магазіна № 11 па вул. Калесніка.
Маштабных работ па добраўпарадкаванню патрабуюць тэрыторыі насупраць станцыі другога пад’ёму вады, дзе неабходна высякчы хмызняк і выраўняць зямлю, а таксама ўздоўж чыгуначных шляхоў па вул. Чыгуначнай.

Па выніках праверкі ў адрас кіраўнікоў Хойніцкага і Брагінскага райспажыўтаварыстваў, ТБЗ “Хойніцкі” і КЖУП “Хойніцкі камунальнік” накіраваны прадпісанні з указаннем тэрмінаў ліквідацыі выяўленых недахопаў.


І. ДУБІНКА, начальнік раённай інспекцыі па прыродных рэсурсах і ахове навакольнага асяроддзя.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *