Каб марафон на калёсах не даваў збояў


На пытанні, якія датычаць якасці работы пасажырскага гарадскога транспарту, паступіўшыя ў рэдакцыю “Хойніцкіх навін ”, адказвае дырэктар АТУП-14 В.А. ГАЙКОЎ.

– Віктар Анатольевіч, зараз стаіць спякотнае надвор’е, а людзі вымушаны ехаць аўтобусам малой умяшчальнасці. Унутры ён даволі камфартабельны, аднак гэта зусім не надае зручнасці. Многія пасажыры, якія не паспелі заняць сядзенне, вымушаны стаяць у таўкатні на праходзе, што стварае нязручнасці і пры абілечванні, і пры выхадзе на прыпынках, а пажылым і хворым людзям не варта і ехаць гэтай машынай.

– Людзей зразумець можна. І да таго ж, кліент заўсёды правы. На яго працуе наша прадпрыемства, яго запыты задавальняе, стараючыся максімальна забяспечыць насельніцтва грамадскім транспартам. Цяпер па сутнасці пытання. Малыя аўтобусы на перавозках выкарыстоўваем у асноўным у выхадныя, калі пасажырапаток меншы. У буднія дні такі аўтобус ходзіць па маршруце “Чыгуначны вакзал-аўтастанцыя” толькі ў два рэйсы, рух яго пачынаецца ў 7.20 раніцы.

– А чаму б у гэты “пікавы” час не выпускаць на лінію вялікія аўтобусы? Можа іх на прадпрыемстве недастатковая колькасць для гэтай мэты?

– Пастаянныя пасажыры маглі заўважыць, што па раскладу, размешчанаму на прыпынках, можна не спазніцца на працу, выкарыстаўшы паслугі аўтобуса большай умяшчальнасці. Але праблема ўсё-такі існуе, і яна правільна ўзнята. У нас маецца пяць вялікіх аўтобусаў, а перавозяць пасажыраў па гораду цяпер толькі тры, два знаходзяцца ў рамонце, які праводзім на месцы, уласнымі сіламі і за ўласныя сродкі. Рамонт аднаго з іх на днях закончым.

– У працяг тэмы аб малых аўтобусах: нашы чытачы хочуць ведаць, чаму пры паездцы па маршруце “Камбікормавы завод-аграгарадок Судкова” трэба плаціць па горадзе большую цану і не дзейнічаюць праязныя білеты?

– Паверце, гэта не прыхамаць нашай арганізацыі, не спосаб зарабіць прыбытак: і гэты маршрут, і гарадскія стратныя, без дзяржаўных датацый не абысціся. Назаву толькі дзве лічбы – за студзень-красавік сёлета мы ў мінусе 2 мільёны рублёў на “судкоўскім” маршруце” і 9 мільёнаў – на гарадскім пасажырскім транспарце. Гэта, па-першае. Па-другое, аўтобус “Камбікормавы завод-аграгарадок Судкова” лічыцца экспрэсным. Згодна з рашэннем Гомельскага аблвыканкома № 225 ад 24.02.2010 г. цана адной паездкі ў такіх аўтобусах устаноўлена ў памеры 900 рублёў, а не 600, як у звычайным пасажырскім. А раз аўтобус экспрэсны, то, згодна з гэтым жа рашэннем, праязныя білеты не выкарыстоўваюцца ў якасці плацёжнага сродка.

– Віктар Анатольевіч, бываюць сітуацыі, калі чалавек на хвіліну спазняецца на аўтобус, але не кожны вадзіцель, бачачы гэта, пачакае. У выніку – наганяй ад начальства за спазненне на працу. А куды можа паскардзіцца пасажыр, у тым ліку і за няўважлівыя адносіны да яго работнікаў аўтамабільнага сервісу?

– Званіце да нас па тэлефоне 3-15-02. Гэта нумар дыспетчарскай аўтапрадпрыемства. У кожным выпадку праводзіцца скрупулёзнае разбіральніцтва. Але ёсць розныя выпадкі, і розныя людзі. Калі факты скаргі пацвярджаюцца, вінаватыя нясуць пакаранне як маральнае, так і матэрыяльнае. Роўна як і заахвочванне. Нярэдка нам звоняць кліенты, каб падзякаваць нашым работнікам. І гэта вельмі прыемна.

– Цяпер у рамках падрыхтоўкі і правядзення Дня беларускага пісьменства вядзецца рэканструцыя аўтастанцыі. Паступала скарга аб тым, што не было раскладу руху аўтобусаў, і тэлефон 114, каб даведацца пра гэта, не адказваў.

– Такая сітуацыя назіралася літаральна на працягу двух дзён. Зразумела, калі пачынаецца вялікае будаўніцтва не ўсё ўгледзіш.

Скажу, што аблвыканкомам на наш аб’ект выдзелена 500 мільёнаў рублёў, а каштарысам прадугледжваецца асвоіць 550 мільёнаў рублёў. Работы праводзяцца будучасткам ТАА “Гомельаблаўтатранс”. Есць надзея, што па заканчэнні іх будынак аўтастанцыі знутры і звонку будзе не пазнаць, што паспрыяе паляпшэнню якасці аказваемых транспартных паслуг насельніцтву.

Запісала
Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *