Наша доктарка


Як часта вам даводзіцца звяртацца да ўрачоў? Многія, адказваючы на гэтае пытанне, уздыхаюць – канешне, хварэць не любіць ніхто. А ці часта вы прыходзіце да ўрача, каб проста паразмаўляць, падзяліцца набалелым? Да ўрача, які падтрымае, раздзеліць з вамі радасць і боль, дапамагаючы добрым словам.

У Судкоўскую амбулаторыю ўрача агульнай практыкі завітала не выпадкова. Менавіта тут працуе загадчыцай паважаны і любімы жыхарамі аграгарадка і навакольных вёсак урач Л.А. Чуяшова (на здымку).

Заходжу ў будынак амбулаторыі. Прыгожа, чыста, утульна. У сваім кабінеце Людміла Аляксандраўна прымае хворых. Па яе словах, наведвальнікаў цяпер не вельмі многа, бо сельскі жыхар не часта хварэе, калі трэба апрацоўваць агарод, большы наплыў, як правіла, назіраецца ў зімовы час, калі людзі адпачываюць ад працы на зямлі.

Калі зачыніліся дзверы за пажылой пацыенткай, якая падзякавала ўрачу за тое, што яна памерала артэрыяльны ціск і выпісала рэцэпт на неабходныя лякарствы, з’явілася нагода і нам пагаварыць.

– Я – карэнная хайнічанка, – заўважыла Л.А. Чуяшова. – Заканчвала чацвёртую гарадскую сярэднюю школу, па мэтаваму накіраванню вучылася ў Гомельскім медыцынскім універсітэце. У 2006 годзе закончыла ВНУ і атрымала накіраванне ў нашу цэнтральную раённую бальніцу. Мне прапанавалі працу ў Судкове. На той час была ўжо замужам. Мой муж, Максім Алегавіч, родам з Магілёўскай вобласці, прыехаў на год пазней мяне, бо заканчваў інтэрнатуру, працуе хірургам у ЦРБ. Маем трохгадовага сына Аляксея. Прыемна ўразіла па прыездзе ў Хойнікі пасля вучобы тое, што адразу выдзелілі жыллё. Прапанаваліся два варыянты – або аднапакаёвая кватэра па вуліцы Камсамольскай у райцэнтры, або домік прысядзібнага тыпу ў аграгарадку Судкова, які адным з трох па вуліцы Палескай узводзіўся па прэзідэнцкай праграме падтрымкі маладых спецыялістаў. Выбралі апошні. І ніколькі аб гэтым не шкадуем, бо і ўнутраную аддзелку зрабілі на свой густ, і падворак маецца.

Дарэчы, аб падворку. У час святкавання 3 ліпеня ў нашым горадзе Дня Рэспублікі і 66-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пры падвядзенні вынікаў конкурсу “Лепшае сельскае падвор’е маладой сям’і” сям’я Чуяшовых заняла другое месца.

І ўпаўне заслужана, бо, як гаворыцца, ёсць чаму падзівіцца: уражваюць чысціня і парадак. Тут і градкі з ягадамі, і памідорная цяплічка, альтанка для адпачынку. На дзвярах гаража адлюстраваны героі казачных персанажаў, намаляваныя па просьбе сям’і мясцовым мастаком. Малыя архітэктурныя формы, а таксама пясочніцу для свайго малыша вырабіў гаспадар.

– Для вядзення вялікай дамашняй гаспадаркі часу не застаецца, – прызнаецца Людміла Аляксандраўна, – аднак пастараліся зрабіць так на падворку, каб акаляючая абстаноўка ў хвіліны адпачынку радавала вока і грэла сэрца.

У тым, што заняты на працы Чуяшовы “пад завязку”, пераконваць не трэба. Прафесія мужа-хірурга аб многім гаворыць. А пад патранатам Людмілы Аляксандраўны, акрамя амбулаторыі, знаходзяцца яшчэ чатыры фельчарска-акушэрскія пункты – у вёсках Храпкаў, Казялужжа, Дворышча і Навасёлкі, куды ўрач выязджае строга па графіку для агляду дарослага і дзіцячага насельніцтва, якога цяпер налічваецца адпаведна 1349 і 517 чалавек. Адным словам, робіць усё для паляпшэння медыцынскага абслугоўвання насельніцтва гэтых тэрыторый.

Дзеля гэтага Л.А. Чуяшова паўдзельнічала ў конкурсе, які фінансуецца ПРААН, прадаставіўшы праектную ініцыятыву “Арганізацыя даступнасці атрымання кваліфікаванай медыцынскай дапамогі сельскім насельніцтвам Хойніцкага раёна”.

– Грашовыя сродкі ў памеры 25 тысяч долараў паступілі ўжо, – дзеліцца радасцю намінант конкурсу. – На іх плануем закупіць пераносны электракардыёграф, отаафтальмалагічны прыбор, напольныя вагі, аснасцім гінекалагічны кабінет, набудзем камп’ютэр з мультымедыйнай устаноўкай, глюкометры для вымярэння цукру ў арганізме хворых на цукровы дыябет, а таксама фібрагастраскоп для раённай цэнтральнай бальніцы.

Уражвае, калі паспявае ўсё рабіць гэтая маладая абаяльная жанчына. Да таго ж, яна вызначаецца актыўнай жыццёвай пазіцыяй: нездарма ж вяскоўцы выбралі яе дэпутатам Судкоўскага сельскага Савета, бо ўпэўнены, што і ў вырашэнні сваіх жыццёвых праблем дапамогу атрымаюць.

У працэсе размовы з Людмілай Аляксандраўнай Чуяшовай зразумела, за што яе па-сапраўднаму паважаюць і любяць вяскоўцы. Яна ж, даведаўшыся, што я хутка заканчваю ВНУ, параіла прыехаць на працу ў Хойніцкі раён.

– Паверце, не пашкадуеце. Тут створаны ўсе ўмовы для самарэалізацыі, да маладых спецыялістаў адносяцца вельмі добра, – сказала Людміла Аляксандраўна на развітанне.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *