Аграгарадок Веляцін:зробленае і перспектывы


Згодна з аператыўнай інфармацыяй аб выкананні работ па абустройству аграгарадка Веляцін належаць гэтаму 16 аб’ектаў. Аб тым, на якой стадыі будаўніцтва, што зроблена і што прадстаіць зрабіць, расказваюць кіраўнікі адпаведных служб і ведамстваў.

Ю.Г. Васілевіч, галоўны ўрач установы аховы здароўя “Хойніцкая цэнтральная раённая бальніца”:
– Дзеля забеспячэння стандартаў па медыцынскаму абслугоўванню насельніцтва прадстаіць выканаць капітальны рамонт фельчарска-акушэрскага пункта н.п. Веляцін. Пачнуцца работы ў гэтым месяцы, тэрмін іх заканчэння – снежань 2010 года. На гэтым аб’екце  належыць асвоіць 105 мільёнаў рублёў капіталаўкладанняў. Весці капітальны рамонт ФАПа даручана калектыву ААТ “Хойнікірамбуд”. 



В.І. Баранаў, начальнік аддзела культуры райвыканкома:
– ТАА “Праектгруп” выраблена праектна-каштарысная дакументацыя па аб’екту “Рэканструкцыя сельскага Дома культуры ў н.п. Веляцін”. З абласнога бюджэту выдзелены грашовыя сродкі ў памеры 800 мільёнаў рублёў, з іх 60 мільёнаў рублёў праплачана за выраб праектна-каштарыснай дакументацыі. У жніўні месяцы сёлета калектыў ТДА “Аграбудпрам” г. Гомеля, які зараз праводзіць рэканструкцыю панскай сядзібы ў гарадскім парку, прыступіць да аднаўлення сельскай культурнай установы, пад адным дахам якой размесцяцца і клуб, і бібліятэка. Рэканструкцыя будзе праходзіць ў тры этапы. Першы ўключае наступныя работы: устройства мяккага даху, капітальны рамонт сістэмы ацяплення, замена падлогі, вокнаў, дзвярных блокаў. Другі і трэці этапы работ – аддзелка фасада, унутраная аддзелка, водаправод, каналізацыя – будуць праводзіцца згодна з фінансаванем у будучым годзе. Без сумнення, гэты аб’ект з’яўляецца ледзь ці не галоўнейшым у шэрагу іншых пры стварэнні аграгарадка. І жыхары, і культработнікі за многія гады, пакуль сельскі Дом культуры быў у заняпадзе, спадзяваліся на яго адраджэнне. Перспектыва самая абнадзейваючая.



В.Ф. Бандарэнка, начальнік РЭС:
– Згодна з устаноўленымі нормамі асвятлення аграгарадкоў у трэцім квартале бягучага года будзе праведзена рэканструкцыя электрычных сетак у н.п. Веляцін працягласцю 11,2 кіламетра.  Паўсюдна будуць устаноўлены энергазберагаючыя свяцільнікі. Гэтае мерапрыемства дазволіць павялічыць надзейнасць электразабеспячэння ў сярэднім на 50 працэнтаў.
Работы па дэмантажу электрычных сетак будуць выконвацца сіламі работнікаў РЭСа. Сродкі на правядзенне рэканструкцыі выдзяляюцца РУП “Гомельэнерга”.


Л.Ф. Кулакоўская, начальнік  аддзела адукацыі райвыканкома:
– У цяперашні час калектывам ТДА “Мільфей” г.Хойнікі праводзіцца бягучы рамонт памяшкання Веляцінскага дзіцячага сада. Заменена частка даху, ва ўсіх вокнах устаноўлены шклопакеты, таксама заменены ўсе вонкавыя дзверы, вядуцца ўнутраныя аддзелачныя работы. Прыёмка аб’екта павінна быць зроблена да новага навучальнага года.
Памяшканне мясцовай базавай школы належыць зносу, тут будзе абсталявана дзіцячая пляцоўка, а вучэбна-выхаваўчы працэс для веляцінскіх дзяцей будзе арганізаваны на базе Паселіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы.


А.У. Гарашчанка, дырэктар КСУП “Веляцін”:
– Нашаму сельгаспрадпрыемству прадстаіць увесці ў строй дзеючых тры аб’екты: “Пад’езд і тэрыторыя МТФ у н.п. Веляцін”, “Тэрыторыя збожжапляцоўкі ў  н.п. Веляцін” і “Пад’езд і тэрыторыя фермы па адкорму буйной рагатай жывёлы”. Калектывам ДЭУ-155 праведзена ўжо асфальтаванне збожжапляцоўкі, прыступілі пасля гэтага да добраўпарадкавання тэрыторыі гаражоў. Таксама гэтай арганізацыяй пачаты работы па выдаленню гною ад жывёлагадоўчай фермы з наступным добраўпарадкаваннем.


М.П. Драчэўскі, дырэктар КУДП “Хойніцкае рэгіянальнае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва”:
– У аграгарадку Веляцін патрэбна  пабудаваць 5 аднакватэрных жылых дамоў агульнай плошчай 264 квадратных метраў. Работу выконвае калектыў Хойніцкай ПМК. Трэба сказаць, што будаўнікі працуюць якасна. У строй дзеючых сёлета будуць ўведзены 3 домікі, 2 пераносяцца на студзень 2011 года.


Н.У. Тараева, старшыня праўлення райспажыўтаварыства:
–  За ўласныя сродкі і ўласнымі сіламі (калектывам будаўнічага ўчастка) будзем праводзіць бягучы рамонт гандлёвай залы магазіна № 23 у н.п. Веляцін плошчай 250 квадратных метраў. Прадугледжваецца тут замена гандлёвага абсталявання і дааснашчэнне халадзільным абсталяваннем. Гэтая гандлёвая кропка будзе працаваць па метаду самаабслугоўвання.


А.М. Клюкаўкін, дырэктар КЖУП “Хойніцкі камунальнік”:
–  Як новаўвядзенне, з мэтай арганізацыі лазневага абслугоўвання населенага пункта Веляцін будзе праведзена ўстаноўка тут вагона-сауны, да яго будуць падведзены неабходныя інжынерныя камунікацыі, і насельніцтва будзе забяспечана стандартам па гэтаму віду абслугоўвання.
Акрамя таго, распрацавана дакументацыя на мадэрнізацыю сістэмы водазабеспячэння, якая будзе праводзіцца ў два этапы. Першы – бурэнне свідравіны, другі – пракладка водаправоднай сеткі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *