У Слабажанцы — нібы ў казцы

Добраўпарадкаванне

Грацыёзныя лебедзі, павольна плаваючыя па невялікай сажалцы, прыгажуня-вавёрка, якая прытаілася каля хаткі, рамонкі-прадказальніцы кахання ў чалавечы рост, драўляны млын, воз, калодзеж, грыбкі, божая кароўка… І, канешне, незлічоная колькасць кветак. Уся гэта прыгажосць сустракае праязджаючых цэнтральную вуліцу Калесніка вёскі Слабажанка, што на трасе Хойнікі – Калінкавічы.

Упрыгожыць населены пункт малымі архітэктурнымі формамі – ініцыятыва дэпутата Алексіцкага  сельсавета, старшыні  сельвыканкома Людмілы Валянцінаўны Кірылавай. Яе падтрымалі мясцовыя жыхары, і як добры вынік – каларытныя атрыбуты добраўпарадкаванасці ў абліччы малой радзімы. Самае ж адметнае, што зроблены яны сваімі рукамі, без дадатковых затрат.

Творчасці і фантазіі жыхарам сельсавета не займаць, у гэтым упэўніваешся, гледзячы на  шматлікія дэкаратыўныя фігуркі, напоўненыя непаўторным шармам. Цудоўныя кампазіцыі – справа ўмелых рук Дзмітрыя Аляксандравіча Чарняўскага, Віктара Аляксандравіча і Рамана Віктаравіча Харошка,  Аляксандра Уладзіміравіча Кірусенкі, Сяргея Канстанцінавіча Байкова, Ірыны Аляксандраўны Ляснічай, Наталлі Аляксандраўны Бондар. Сапраўдныя патрыёты з вялікім задавальненнем уклалі ў кавалачак Слабажанскай зямлі часцінку сябе, свайго таленту, унутранага свету.

Намаганні стваральнікаў чароўнай казкі не прайшлі дарэмна, знайшлі водгук у жыхароў вёскі, якія па выдатнаму прыкладу навялі чысціню і прыгажосць на ўласных падворках і на тэрыторыях каля дамоў. Сваю “ізюмінку” ў агульную скарбонку добраўпарадкавання ўнеслі жыхары вуліцы Святлана Мікалаеўна Кузьменка (дом № 39), Алена Іванаўна Ляснічая (№ 30), Аляксандра Іванаўна Шырын (№ 59) і Любоў Іванаўна Пашынская (№ 6). 


Наталля ЧЭКАН.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *