На сумесным пасяджэнні


Не зусім звычайным атрымалася чарговае пасяджэнне дзвюх пастаянных камісій раённага Савета дэпутатаў, якое прайшло ў Стралічаўскім сельскім Доме культуры. У той дзень тут пабывалі дэпутаты, члены мандатнай і па пытаннях заканадаўства камісіі, а таксама камісіі па сацыяльных і чарнобыльскіх пытаннях.

На сумесным пасяджэнні дэпутаты заслухалі два ўзаемазвязаныя пытанні: аб рабоце камісіі па справах непаўналетніх Стралічаўскага сельскага выканаўчага камітэта па прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў сярод непаўналетніх і сямейнай неспрыяльнасці, а таксама аб арганізацыі работы па выяўленню, уліку і ўладкаванню дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў у Хойніцкім раёне.

З інфармацыяй па першаму пытанню выступіла старшыня Стралічаўскага сельскага Савета В.М. Бельская. На тэрыторыі сельсавета налічваецца 156 сем’яў з дзецьмі, а на кантролі ў камісіі па справах непаўналетніх сельскага Савета – 59 непаўналетніх і 19 сем’яў, адна з якіх прызнана ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Гэтыя сем’і пастаянна наведваюцца членамі камісіі па справах непаўналетніх, дэпутатамі сельскага Савета, членамі сельскага выканаўчага камітэта. Пры наведванні складаюцца акты абследавання іх жыллёва-бытавых умоў. За 2008 год праведзена 12 пасяджэнняў камісіі па справах непаўналетніх і 14 рэйдаў, накіраваных на прафілактыку злачыннасці сярод непаўналетніх.

Сваю работу члены камісіі праводзяць у цесным кантакце з адміністрацыяй і прафсаюзным камітэтам эксбазы “Стралічава”, настаўніцкім калектывам Стралічаўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы імя В.М. Марчанкі, участковым інспектарам міліцыі, старастам вёскі.

Таксама вялікая ўвага надаецца ходу рэалізацыі Дэкрэта № 18 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неспрыяльных    сем’ях”.

Тым не менш, у прынятым рашэнні работа камісіі па справах непаўналетніх Стралічаўскага сельвыканкома па прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў сярод непаўналетніх прызнана недастатковай. У тэрмін да 13 красавіка бягучага года прадпісана ўхіліць выяўленыя недахопы ў арганізацыі работы камісіі.

Сельвыканкому рэкамендавана да 1 мая заслухаць на сваім пасяджэнні справаздачы спецыяліста па ідэалагічнай рабоце КУП “Эксбаза “Стралічава” Т.М. Стычэк аб арганізацыі прафілактычнай работы ў працоўным калектыве, а таксама дырэктара Стралічаўскага СДК А.В. Рэброва аб тым, якая работа з непаўналетнімі праводзіцца ў гэтай установе культуры.

У другім паўгоддзі сельвыканкомам рэкамендавана правесці сельскія сходы па пытаннях прафілактыкі негатыўных з’яў з удзелам прадстаўнікоў зацікаўленых служб раёна.

Адміністрацыям КЖУП “Хойніцкі камунальнік” і эксбазы “Стралічава” прадпісана прыняць вычарпальныя меры да сем’яў, якія не забяспечваюць своечасовага пагашэння запазычанасці за камунальныя паслугі, і якія маюць на ўтрыманні непаўналетніх дзяцей.

Пасля заканчэння афіцыйнай часткі мерапрыемства дэпутаты і запрошаныя пабывалі ў Барысаўшчанскім сацыяльным прытулку, дзе ўручылі рабятам падарункі. Грошы на іх выдзелілі Хойніцкі завод гідраапаратуры і эксбаза “Стралічава”, а свежай агароднінай выхаванцаў прытулка пачаставаў прыватны прадпрымальнік А. Ібрагімаў.


Віктар НАЗАРАНКА.
На здымку: у Барысаўшчанскім прытулку.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *