Вулічныя калонкі дэманціруюць


Маштабная рэканструкцыя вуліц і будынкаў нашага горада закранула і сферу воднай гаспадаркі, у прыватнасці водазабеспячэнне дамоў прыватнага сектара. На пытанні  карэспандэнта “Хойніцкіх навін”  адказвае начальнік цэха водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі КЖУП “Хойніцкі камунальнік” Д.Р. БОРДАК.

– Дзмітрый Рыгоравіч, ці праўда,  што ў горадзе будуць дэманціраваны ўсе вулічныя калонкі?

– Так, праўда, і працэс гэты пачнецца ўжо ў бліжэйшыя дні. Справа ў тым, што сёння кожнае прадпрыемства ўкараняе энергазберагаючыя тэхналогіі і скурпулёзна падлічвае расход матэрыялаў і сродкаў. Перад намі стаіць задача паставіць на лічыльнік выкарыстанне кожнай кроплі водаправоднай вады. Уявіце сабе, колькі няўлічанай вады расходваецца з вулічных калонак на паліў агародаў і ўчасткаў, на мыццё машын і бялізны,  іншыя мэты. Пры гэтым марна трацяцца сродкі і электраэнергія, накіраваныя на ачыстку вады, яе пад’ём і інш.

А колькі сродкаў і сіл траціцца зімой на рамонт перамёрзшых калонак – усё ж гэта зусім непажаданыя расходы. Таму і было вырашана падключыць усе домаўладанні да цэнтралізаванага водазабеспячэння і ўстанавіць у дамах лічыльнікі расходу вады: за ўсё патрэбна плаціць.

Магістральны водаправод, выкананы з сучасных матэрыялаў, ужо пачалі пракладваць па вуліцы Акцябрскай, і зразумела, што ўсе калонкі ў бліжэйшы час там будуць дэманціраваны. Да Дня беларускага пісьменства магістральныя водаправоды будуць пракладзены па вуліцах Чырвонаармейскай, Кірава, 8 Сакавіка, Мічурына, Паркавай, частцы вул. Савецкай. І на гэтых вуліцах разам з пракладкай цэнтральнага водаправода таксама будуць дэманціраваны ўсе ўстаноўленыя водаразборныя вулічныя калонкі.

Працэс дэмантажу астатніх вулічных калонак у райцэнтры і падключэння домаўладанняў да сістэмы цэнтралізаванага водазабеспячэння канчаткова плануем завяршыць у 2011 годзе.

– Як аформіць падключэнне ўласнага дома да цэнтралізаванага водазабеспячэння?

– Для гэтага чалавеку патрэбна напісаць адпаведную заяву на імя дырэктара КЖУП “Хойніцкі камунальнік”. Потым на працягу 10 дзён домаўладанне абследваецца майстрам па ўрэзках, які выпісвае тэхнічныя ўмовы, а таксама акт балансавай прыналежнасці вода-каналізацыйных сетак.

Пасля гэтага абанент забірае ў “Водаканале” падпісаную дырэктарам КЖУП “Хойніцкі камунальнік” заяву і звяртаецца з ёй да архітэктара раёна, дзе атрымлівае дазвол на выкананне зямельных работ. Іх можна выконваць самому, або работы гэтыя выканаюць работнікі “Водаканала”. Кошт пры гэтым – 20 тысяч рублёў за 1 пагонны метр. Пасля заканчэння зямельных работ майстар “Водаканала” падключае адвод ад домаўладання да цэнтральнага водаправода і ўстанаўлівае лічыльнік расходу вады. Ен жа выпісвае і дагавор-заказ аб выкананых работах, у адпаведнасці з якім абанент аплачвае кошт выкананых работ, рэгіструе ў “Водаканале” лічыльнік і заключае дагавор на водакарыстанне.

– Як выконваецца рашэнне райвыканкома аб перадачы на баланс “Водаканала” калодзежаў?

– Гэта датычыць толькі тых калодзежаў, якія знаходзяцца на вуліцы, або на мяжы домаўладання і вуліцы – калі ваду можна браць як з двара, так і з вуліцы. Зразумела, што вада ў іх павінна адпавядаць санітарна-гігіенічным патрабаванням. Узяўшы пад сваё крыло гэтыя аб’екты водакарыстання, мы забяспечым іх эксплуатацыю і возьмем на сябе ўсе клопаты, з гэтым звязаныя – ачыстку, хларыраванне і г.д. Пры гэтым з гаспадаром будзе заключаны адпаведны дагавор, па якому з яго будзе брацца чыста сімвалічная плата. Калі, напрыклад, за карыстанне вулічнымі калонкамі мы бралі з людзей па 400 рублёў на чалавека ў месяц, то тут аплата будзе яшчэ меншай.

¬– Што можаце сказаць аб рабоце станцыі абезжалезвання вады?

– Яна пачала функцыяніраваць яшчэ з уводам у эксплуатацыю станцыі другога пад’ёма вады ў 1985 годзе. Таму ўжо даўно наспеў час рэканструкцыі гэтага аб’екта. Зараз рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя, якая прадугледжвае поўную замену абсталявання, помпаў, фільтруючых элементаў і г.д.

Мяркуючы па ўсяму, работы па рэканструкцыі павінны пачацца ў 2011 годзе.



Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *