Людзі аднаго калектыву Чаруе позіркам і ўсмешкай


Лідзія Уладзіміраўна Уласава, кандуктар.

Нягледзячы на тое, што працуе Лідзія Уладзіміраўна ў калектыве АТУП-14 толькі пяць гадоў, калегі палюбілі яе за дабрыню, чуласць і адказнасць. Яна з тых людзей, якія з першай сустрэчы выклікаюць да сябе прыхільнасць. Мае шчыры, ласкавы позірк, прыгожую ўсмешку, душу, напоўненую аптымізмам і добрай энергіяй.

Нарадзілася Л.У. Уласава ў вёсцы Карчовае. Калі ёй прапанавалі работу кандуктара, не раздумваючы, згадзілася.

У сваёй прафесіі Лідзія Уладзіміраўна цэніць перш за ўсё пастаянны кантакт з людзьмі рознага ўзросту і роду дзейнасці. Для яе галоўнае – якім бы ні быў настрой, усміхнуцца пасажыру, зрабіць яго паездку камфортнай і прыемнай.

Лідзія Уладзіміраўна да кожнага ставіцца добразычліва і ўважліва, адказвае на пытанні, умела знаходзіць выйсце са складаных  сітуацый, якіх бывае нямала, бо людзі сустракаюцца розныя. Што даводзіцца працаваць у святочныя дні, яе не засмучае: ужо звыклася з такім раскладам работы. У абавязкі кандуктара ўваходзіць і забеспячэнне праязнымі білетамі, якія ў хайнічан карыстаюцца попытам.

Пасля напружанага працоўнага дня з задавальненнем ад зробленага Лідзія Уладзіміраўна вяртаецца дамоў. Тут яе з радасцю чакае сям’я: любячыя муж і дарослая дачка, якім яна дорыць сваю пяшчоту, атрымліваючы ўзамен тыя цудоўныя моманты, якія называюцца жаночым шчасцем.  


Наталля ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *