Плённая праца пазаштатных аўтараў: Н.А. Залеўская

Людзі і лёсы Медыцына і здароўе

Залевская

Ва ўсе часы наша раёнка была і застаецца быць багатай на пазаштатных аўтараў, якія ўздымалі на старонках выдання розныя тэмы. Сапраўднымі летапісцамі з’яўляліся былыя дырэктары раённага краязнаўчага музея А.М. Зелянкоўскі і М.С. Скрыпчанка. Аб справах свайго калектыву пісалі ў газету галоўны ляснічы лясгаса Д.П. Дземчанка, спецыялісты кансервавага завода і сыраробнага камбіната У.П. Купецкі і Л.М. Мятліцкая… Усіх і пералічыць нават нельга.

У шэрагу гэтым віднае месца займае Н.А. Залеўская, былы ўрач цэнтральнай раённай бальніцы. Яе сяброўства з раёнкай пачалося ў 1969 годзе ў якасці падпісчыка, а праз некаторы час яна стала дасылаць свае матэрыялы ў газету. Асвятляла амаль усе падзеі, якія адбываліся ў калектыве райбальніцы, пісала пра людзей сваёй прафесіі. Не меншыя заслугі Ніны Аляксандраўны ў зборы матэрыялаў пра нашых землякоў – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. З-пад яе таленавітага пяра выйшла многа друкаваных твораў. Піша і да сённяшняга часу. Адзін з яе апошніх матэрыялаў прапануем увазе нашых  чытачоў.

Гэта важна – быць актыўным і творчым
Вельмі часта можна чуць ад пажылых людзей, што старасць – не радасць. Канешне, яны адчуваюць незапатрабаванасць у прафесіянальнай сферы, іх адольваюць хваробы з кожным пражытам годам, ды і дзеці даўно ўжо сталі на крыло, вылецелі з радзімага гнязда.Але старасць бывае рознай. Вельмі паважаны мною чалавек, вядомы беларускі пісьменнік, наш зямляк Барыс Іванавіч Сачанка некалі пісаў: «Старасць можа быць гордая, як у дуба, плаксівая, як у асіны, тужлівая, як у бярозы, і скрыпучая, як у вяза. І толькі ад самога чалавека залежыць, якой будзе яго старасць».
Нярэдка толькі ва ўзросце за 50 гадоў хтосьці пачынае пісаць вершы, ствараць  карціны, захапляцца рукадзеллем. А вось работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі тры гады таму назад вырашылі ўпрыгожыць адпачынак пажылых хайнічанак, запрасіўшы іх на пасяджэнні аматарскага клуба «Сустрэча», кіраўніком якога з’яўляецца душэўны і ініцыятыўны чалавек, бібліятэкар Людміла Пятроўна Прышчэпава.
Збіраемся мы адзін раз у месяц. Агульныя інтарэсы, цёплая, добразычлівая абстаноўка збліжае людзей, пасля кожнага мерапрыемства мы быццам маладзеем душой. На пасяджэннях клуба выступаюць цікавыя людзі. З вялікай увагай слухалі мы гутарку протаіерэя Пакроўскай царквы Віталія Петрусевіча на тэму духоўнасці, псіхолага гімназіі г. Хойнікі Тамары Рыгораўны Пінчук аб узаемаадносінах у сям’і, урача-тэрапеўта цэнтральнай раённай бальніцы Таццяны Сяргееўны Лопух аб тым, як зберагчы здароўе. Удзельнікі клуба «Сустрэча»  запрашаюцца на экскурсіі па памятных мясцінах нашай Беларусі. Так, напрыклад, сёлета некалькі чалавек  у саставе групы хайнічан выязджалі ў Тураў, дзе ўстаноўлены помнік беларускаму асветніку Кірылу Тураўскаму.  Паездка гэтая, несумненна, надоўга запомніцца сваімі пазітыўнымі ўражаннямі.
Стала ўжо добрай традыцыяй разам адзначаць дзяржаўныя святы, як правіла абавязкова – Новы год і 8 сакавіка. Арганізатары рыхтуюць да іх конкурсныя праграмы і віктарыны, у якіх прымаем удзел. Таксама з вялікім інтарэсам прысутных праходзіць абмеркаванне кніг, якія нядаўна выйшлі з друку.
Усе, хто бывае на пасяджэннях клуба, маладзеюць душой, жанчыны да кожнай сустрэчы прыхарошваюцца. І кружацца ў вальсе бабулькі. Хаця бабулькамі і назваць іх ніяк нельга – элегантныя ўборы і прычоскі, задорныя агеньчыкі ў вачах, вясёлыя ўсмешкі на тварах робяць іх памаладзеўшымі.
Адно з пасяджэнняў праходзіла ў спартыўнай зале, якая размешчана ў будынку цэнтра культуры г. Хойнікі. Пад кіраўніцтвам энтузіяста фізкультурнай справы Мікалая Рыгоравіча Сцешыца жанчыны на час ператварыліся ў спартсменак: удзельнічалі ў эстафеце, закідвалі мячы ў баскетбольную карзіну, выконвалі шэраг узроставых практыкаванняў.
Хачу падкрэсліць тое, як радасна вітаемся мы адзін з адным на пачатку кожнай сустрэчы, як жыва цікавімся адзін у аднаго, як прайшоў час ад апошнага пасяджэння клуба. Розныя размовы можна пачуць тут: у некага нарадзіўся чарговы ўнук або праўнук; хтосьці з’ездзіў у санаторый; у кагосьці  вырашчаны багаты ўраджай на агародзе… І забываемся аб сваім узросце. Такія зносіны – гэта раскоша, радасць і шчасце. А вядома, што шчаслівы чалавек не адчувае сябе старым. Душа яго зусім не старэе, колькі б гадоў яму не было. Значыць, можна жыць, а не існаваць, заставацца маладым, нягледзячы на  хваробы, настрой і надвор’е. Жыць паўнавартасным, актыўным, цікавым жыццём, забываючы аб хуткацечнасці часу, які ўходзіць ад нас кожную мінуту. І праводзіць яго трэба прама цяпер – з карысцю і змястоўна.

Запісала Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *